РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мова мая
Засумавала ўсё, што сэрцу блізка,
вятры іначай, жаласна гудуць...
Мову маю, быццам дзіця з калыскі,
бы маці родную, прадчасна ў дол кладуць...
 
Сум па дарогах, па гальлі вярбовым,
сум у вачох, трывожны болю цень...
Ўжо не сьмяецца, толькі хмурыць бровы
бяссонечны наш беларускі дзень.
 
Ёсьць саранча, што аб’ядае дрэвы,
i буры, здольныя зь зямлёю ўсё зраўнаць...
За што табе, мой ціхі Краю сьпеўны,
з грудзёў магутных душу вырываць?
 
Наш вечны зьніч, ручво крыві гарачай,
бурліш дняпроўскай хваляй празь вякі,
з табой жывем, з табой нас сьвет убачыў,
са слоў тваіх паэты ўюць вянкі.
 
Мова мая, наш чысты твар нявінны,
з табой ня ўстыд нам выйсьці да людзей,
падбітая у родных каляінах,
прыдушана ля матчыных грудзей...
 
Бяз крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі,
прачыстая, гатовішся на крыж,
патоптана, расьпятая чужымі,
малітваю на вуснах нам дрыжыш.
 
Мы стаімо, Пятры і Магдалены,
Пілаты рукі вымылі ў крыві...
Мова мая, народу скарб нятленны,
мова мая, ўваскросьні і жыві!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.