РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
З самых юных дзявочых гадоў
слаўлю меч, паважаю кудзелю,
кожны зьмест з сэрца вырваных слоў –
то народа жыцьцё і надзеі.
 
Наша доля – кудзеля і лён,
нітку віць зь недапрадзенай шпулі,
вартаваць, як адвечны агонь –
казкі, песьні забытай бабулі.
 
Дом – адвечная доля жанчын.
Ў час, ліхі для народу і грозны,
ў нас мужчыны ўздымалі мячы
ў абароне краіны і гнёздаў.
 
Ў кволых пальцах мяча не ўтрымаць,
меч – для сільных мужчынскіх далоняў.
Нам радзіць і ня нам забіваць,
ўзгадаваўшым жыцьцё ў сваім лоне.
 
Ўсё ж апора мы, брацьця, пры вас,
ў цяжкой долі надзейная помач.
Зьдзекі лёсу умеем стрываць,
у бядзе здольны выстаяць поруч.
 
Сэрцам мёртвых патрапім збудзіць
і агонь ажывіць ў папялішчах,
і, як Лада, аддана любіць
свае пушчы, свае гарадзішчы.
 
Грознай лютасьці ведаем сеч
і ў адчаі ля вас не застогнем.
Калі з рук вашых выпадзе меч,
мы падымем яго ў абароне.
 
Нам радзіць і ня нам забіваць.
Ў нас мужчыны – дубы, мы – лозы.
Ўсё ж гатовы мы львіцамі стаць,
калі нішчаць зямлю нам і гнёзды!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.