РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Партызаны
Продак мой, спыняючы нашэсьце,
кідаўся на ворага зь мячом,
толькі б не цярпелі сем’і, дзеці,
за плячыма заставаўся дом.
I стаялі насьмерць, ўсенародна,
супраць недругаў суровых і ліхіх,
і не пакідалі безбаронных,
ворагаў наклікаўшы на іх.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Ваявалі рымляне і грэкі,
шмат было ў гістор’і розных спраў,
ўсё ж дзяцей, малых дзяцей на зьдзекі
ворагу ніхто не выстаўляў!
Пішуць сяньня повесьці, раманы,
ўсё ж няма ні слова там нігдзе,
каб грудзьмі стаялі партызаны
за расстрэляных, за паленых людзей.
Партызаны ж, тыя партызаны,
што ім сёлы, енк і боль людскі,
толькі б мосьцік недзе быў ўзарваны
ды ляцелі з рэйкаў цягнікі.
Што для іх адкрытыя магілы,
гдзе за рэйкі кідалі дзяцей.
Не, дзяцей яны не баранілі,
солтыса забіць куды прасьцей.
Солтыса, які акручваў немца,
каб ад згубы ратаваць сяло,
бо куды ж было народу дзецца,
помачы чакаць адкуль было?
Нашы пушчы – роднае багацьце,
непралазнасьць зарасьляў, балот:
партызанам ёсьць куды хавацца,
а куды ж схаваецца народ?
А куды схаваюцца мільёны
ў кінутай нашэсьцю старане,
дзеці ў гэтых сёлах безбаронных,
калі ўсе мужчыны на вайне?
Йшлі байцы і, хрышчаныя боем,
ворага спынялі, як маглі.
Партызаны ж сьмерць нясьлі з сабою
зьбітай і апаленай зямлі!
То ня подзвіг баявы і сьмелы, –
толькі сьмех крывавы і пусты,
наклікаць на сёлы сьмерць умелі,
а самыя шпарылі ў кусты!
Выстаўлялі немаўлят пад стрэлы,
а слабых жанчын – пад кулямёт.
Ім за рэйкі дык душа балела,
не балела толькі за народ!
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Жаль народны наш ня знае меры,
не зьлічыць апаленых касьцей.
Партызаны горшыя, як зьверы –
звер так ворагу ня кідае дзяцей,
а пакуль ёсьць кіпцюры і зубы,
засланяе ён малых сабой,
не бяжыць ў сасоньнік ад загубы,
а ў няроўны кідаецца бой!
Нават птушка кволая і тая
люта скача злыдням да вачэй,
ў горы птушанят не пакідае,
лепей згіне за сваіх дзяцей.
Ну а вы, «гэроі»-партызаны,
колькіх нас вы кінулі на сьмерць,
аддалі бязьлітасна і танна
на варожых вогнішчах гарэць?
Хваліцеся, колькіх вы забілі,
ці праз вас загінула дарма,
а каго вы з нас абаранілі?
Гэткіх на уліку ў вас няма!
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
У людзей ёсьць нейкае сумленьне,
быў і ёсьць закон адвечны, боскі.
Рэйкі – ды гары яны агменем,
каб за іх палілі нашы вёскі!
Гдзе былі вы, як народ гурбою
клалі у магілы, як пласты,
вы ж адныя толькі мелі зброю
і са зброяй шпарылі ў кусты!
То праз вас мы гінулі дарма
ў полымі нямецкім і на фронце.
Ля Масквы сёл спаленых няма, –
каб зь людзьмі, зь дзяцьмі без абаронцаў!
Йшлі інструкцыі ў адным напрамку,
палымнела Беларусь адна.
А чаму ж не падымалі партызанкі
на Каўказе ці каля Арла?
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Калі глянеш – кроў у жылах стыне.
Сэрца нам за Арадур баліць,
хто ж палічыць нашы ўсе Хатыні?!
Сотнямі Хатыняў не зьлічыць!
Аднаго забілі часам гада
i, забіўшы, зайцамі ўцяклі.
А за гада сотні леглі радам
безбаронных жыхароў зямлі.
І няўцям да сяньня той Мазанік,
як лілася ў Менску наша кроў –
не, не партызан, не партызанак,
а ў мучэньнях выжыўшых сыноў.
Калі судзіш ворага на згубу,
першым чынам засланяй сваіх.
Эх, Мазанік, за аднога Кубэ –
колькі нашых брацьцяў нежывых!
Ці яны ўначы табе не сьняцца,
тысячаў замучаных ня жаль?
Што табе, Мазанік, нашы брацьця,
для цябе ж галоўнае – мэдаль...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Край мой любы, жытні і курганны,
на няласцы нелюдзяў чужых,
і калі мне скажуць: партызаны,
жудасна мне робіцца ад іх.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.