РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Перастань, не труці мяне ядам
сваіх словаў, ад іх не памру.
Захачу – і пасыплюцца градам
твае сьлёзы на бель маіх рук.
 
Не зьбірайся пісаць мадрыгалы,
і ў магіле патраплю я жыць.
Трэба тысячу кобравых джалаў,
каб біцьцё майго сэрца спыніць.
 
Больш цяпла, чымсьці яду у зьмея,
ў маім сэрцы, што вораг ня змог,
абагрэць нават гада умею
ласкай слоў на пяшчотных грудзёх.
 
Зьверу лютаму гледзячы ў вочы,
я прамоўлю спакойна – жыві,
ўсё ж да сьмерці ты піць не захочаш
беларускай, нявіннай крыві.
 
Я ня раз ужо выпіла брагу
у баі на жыцьцё і на сьмерць,
мне шкада твае, вораг, адвагі,
піць я ўмею, але й не п’янець.
 
I таму не паі мяне ядам,
іншым дай сваю ліру і сьпеў,
дзе ты бачыў, каб ястраб ды радам
зь неспакойнай арліцай прысеў?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.