РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У буру
Мора бушуе прад намі, сябры,
здрадай цікуюць падводныя скалы,
гнуць карабель наш дзікія вятры,
хвалі захлыстваюць новай навалай.
 
Сьмелыя вочы і грудзі, як мур,
ветразі рукі сталёва сьцягаюць,
сэрцу ня страшны удар дзікіх бур,
шмат перажыўшы – і гэты стрываем!
 
Хай жа разгойданы наш карабель
люта штурмуюць магутныя хвалі –
сілы растуць у такой барацьбе,
буры адважных яшчэ не зламалі.
 
Гэй, непахісна стаяць ля стырна,
віхрам напроці грудзьмі, як штыхамі!
Нас не спалохаюць жудасьці дня,
яснае сонца ўзыходзіць над намі.
 
Стойка, адважна адзін пры другім –
Бог справядлівых у боі ня кіне!
Чынам сьпяём мы сягоньня наш гімн,
волю купляючы Роднай Краіне!
 
1944
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.