Мой родны дом, мой зруб звычайны – ў ім сіла бацькавай рукі. Бярвеньняў, высечаных дбайна, цяжар прылёг на вушакі. Стаіць, як звон, прапах жывіцай, на летнім сонейку прасох. Між бэлькаў ветру не прабіцца – ляжыць там туга шэры мох. Мой дом – і сені, і сьвятліца – да ўсіх прыветлівы, зь цяплом. Тут можа кожны прыпыніцца, хто ў нашу хату йдзе з дабром. Хлеб пад абрусам хатні, сьвежы, і мёд, што ў брылу загусьцеў. Ахвотна нож акрайцы рэжа і мажа мёдам для гасьцей. Мой дом – сьляды дзядоў на лаве, дыван з-пад матчыных красён. За абразамі пахнуць травы, цьвітуць юргіні пад вакном. Мой дом, мой двор, мая сяліба, к суседу сьцежкі шчыры бег, засеяная хлебам скіба айчынных ніў ад веку ў век. Зямельцы – мір, сям’і – апека, чалу жанчыны быць бяз хмар. Мой родны Край, мой дом навекі, і я удома – гаспадар!
|
|