РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
На двары стыне позьняя восень.
Цені сноўдаюць каля дзьвярэй.
Колькі ж кропляў яшчэ засталося
на дне чары жыцьцёвай маей?
 
Ужо віхры свавольныя змоўклі.
Мерзлай сьцежкай ідзе лістапад.
А лёс цэдзіць і цэдзіць па кроплі
на садызме настоены яд.
 
Толькі смага на вуснах заўсёды.
Жыць бы нам, як і людзі жывуць,
і напіцца нэктару свабоды
і на поўныя грудзі ўздыхнуць.
 
Край у смутнай, асеньняй трывозе.
Вецер блытае гольле дрэў.
Мо’, таму, што зіма на парозе,
небасхіл над зямлёй пасумнеў.
 
Вы ня клічце мяне ў сталіцу.
Мала ў сьвеце так страшных месц,
якіх памяць мая баіцца,
так халодных, чужых, як Менск.
 
Мне ня трэба сяброў, забаваў,
не хачу аб прызнаньні чуць.
Маю волю, а зь ёй і права
горад гэты ў жыцьці абмінуць.
 
Я была там. Сустрэлі годна,
з парай шэрых, лютых сабак.
Я цярпела ў турме халоднай –
не памог ні адзін зямляк.
 
Значыць, іх не было на сьвеце,
значыць, сэрца ніхто ня меў.
Я ж калісьці хацела памерці,
каб свабодай наш Край квітнеў!
 
Мне сплывалі ракою сьлёзы,
і малітвы плылі ўначы.
Але ў час, ад мучэньняў грозны,
мне ніхто не схацеў памагчы.
 
Менск – прыгожы, і Менск – сталіца,
і чужы там, і свой натоўп.
Для мяне Менск – мая цямніца
з адзіночкаю, быццам гроб...
 
Менск паэтаў, працоўных слава,
для усіх, хто ня наш, – прыпын.
Для мяне Менск – гэта Цанава
і страшнейшы за ўсіх грузін...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.