Дзіця маё, як Край наш, дарагое, харошае, як песьні нашых ніў. Як сумна мне, што й гэтаю вясною садок твой дома безь цябе адцьвіў. Суровы вецер хіліць стан дзявочы, паволі цягнуцца ліхія дні. Перажыве душа расстаньня ночы, бо гартавалася ў цярпеньні і агні. Магчыма, затужыў далёкі мілы, і часта сэрца юнае баліць, што не яго, а Край свой палюбіла дзяўчына зь беларускае зямлі. Мая каханая, маленькімі рукамі і ты ўзялася сьмелым памагаць – хацела цяжкі, непасільны камень з грудзей Айчыны наймілейшай зьняць. Бог бласлаўляе працу і навуку, і ціхі дом, і нівы, і лугі. Найбольш усё ж Ён бласлаўляе рукі, што путы рвуць і нішчаць ланцугі.
1955
|
|