РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мой мілы хлопчык, ліст твой атрымала,
яшчэ мілейшы, бо з маіх старон.
На сэрцы цёпла раптам неяк стала
у лютай сьцюжы адзінокіх дзён.
 
Ты ходзіш там, дзе шмат сьлядоў пакінуў
мой найдарожшы, незабыўны брат.
Гавораць мне, што ён даўно загінуў,
а я ўсё жду, што вернецца назад.
 
Там колісь весела шумелі дрэвы
і калыхаўся тапалёвы гай,
як мора, хваляваліся пасевы
і не мясьціўся ў засек ураджай.
 
Там пуста сёньня, не збудзіць памершых,
замёў вятрыска дарагі іх сьлед.
Стаіць таполя ў полі на памежжы,
хоць ёй, мой хлопчык, перадай прывет.
 
Мяне ня кліч, я болей не прыеду
пачуць, як плача ля ракі кулік.
Замест мяне прыйдзе палі адведаць,
паплакаць трохі месяц-маладзік.
 
Я не прыйду, хоць сьмерці не баюся,
як не баяўся бацька мой і брат.
Дамоў жывым ніводзін не вярнуўся.
Хто ў іхняй страшнай сьмерці вінават?
 
Ня кліч мяне на груды папялішчаў,
на мой парог скрываўлены ня кліч.
Мне ўсё здаецца, што там кулі сьвішчуць
і на людзей палююць, як на дзіч.
 
Няхай зямля мая вам шчодра родзіць,
зярнём зьвіняць буйныя каласы.
Хай, хлопча, цябе доля нагародзіць,
што ты зьвярнуўся да мяне, як сын.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.