РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над кнігаю сябра
Не растаў твой сьлед у паняверцы
Ды і не зарос палын-травой.
Думна так і молада на сэрцы:
Размаўляю з кнігаю тваёй.
 
Тут прайшлі стагодзьдзяў пілігрымы,
А вясна ня знае берагоў.
Ты жадаў усім сьвятла, радзімы,
Сэрцам заплаціўшы за яго.
 
Ясна так падступіцца ўчарашні
Век,
        нібыта выгляне з-за крат.
Два Франьцішкі – два сумленьні нашы,
Кожны – роднай песьні адвакат.
 
Можа, нас зусім ужо нямнога.
Гурт, нібы рассыпаны гарох.
Але ясна доўжыцца дарога
Праз масты рэліквій і эпох.
 
Выпырхне вясёлкаю удача,
Сьцішыцца зязюляю лясной.
Чую я, як чорны воран крача,
Толькі не над песьняю тваёй!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.