Маці хана і жонка хана, Кветка шчасьця, пагоншчыца зла, Я была бязьмерна каханай І бязьмерна грознай была. Паўтаралі імя маё крыкам Нават кінутыя са скал. Я жаданай была і вялікай, Як вада Алаха ў пясках. Я рабыняй была і законам, І абраным дарыў зару Невымоўны рай майго ўлоньня І пяшчота вуснаў і рук. І анёл мне ў дзьверы пастукаў. І спакой. Да сканчэньня год. Дзе яны, мае цёплыя рукі? Дзе падданыя? Племя? Род? Белы камень мёртвых кварталаў, Раз на месяц – казіны крок, Сон муроў, кенасы і скалы, Раніц сінь, барва дня, ночы змрок. Над бяздоньнем пячоры-магілы Сотні вокнаў глядзяць у прастор, І ламае час свае крылы Ля магільні на мёртвым плато. Мела час падумаць пра гэта... Што такое багацьця гной, Ўлада ўся, ўсё золата сьвету Перад простай людской цеплынёй. Што такое нянавісьць у сэрцы, Кроў, падкопы, людзі-багі Перад простай ісьцінай сьмерці, Перад вечнай сьпякотай магіл?! Непатрэбная чэрапу ўлада, Непатрэбнае золата тло. І ніхто не скажа: "Ты – радасьць". І не крыкне ў адчаі: "Ты – зло!" Толькі зрэдку, ў начную сьпякоту, У асеньні чарнільны сум Чую з прорвы словы пяшчоты: "Джаніке! Джаніке-Ханум!" Ціхі кліч у мёртвых кварталах, Цень імя, што ў далёкіх вяках Трапятаньне і страсьць выклікала. Больш нічога... Як мала... Алах...
красавік – 5 жніўня 1967, Чуфут-Кале – Менск.
|
|