Паддаўшыся агульнаму настрою, У прымаразкі, сьпёку, халады, Пакінуўшы атойбішча старое, Імкнуць зьвяры і птушкі ў гарады. Нясуцца ў гарадскіх затоках Качкі, У гастраном заглядваюць ласі, Вавёркі прывыкаюць да падачкі, Чакаюць, што ім з далані дасі. А трактары, камбайны – Ў вёску, ў вёску, Дзе для сталёвых душ Надзейны схоў. І коску некляпаную, Як коску, Сьціраюць На балоньні паплавоў. Апошняе стагодзьдзе любіць рэтра І куфар адчыняе зноў і зноў. Вяртаньне да зямлі, Вады, Паветра Са смогава-бэнзінных туманоў. Пад старасць Век надвор’е адчувае, На перамену ные, як зямля, Што ўсё яшчэ жывым жыцьцём жывая, Але ці зможа Ўсё пачаць з нуля.
|
|