РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Партрэт Уладзімера Караткевіча ў унтах з двума сабакамі
Каралішчавічы, 1965 год
Прысьмірэлі дзьве калматыя гурбіны
                                                                                  на нагах
Пабурэлі, як запыленыя фаліянты.
Брэху вольна ў прасторах,
Рэху мякка ў сьнягах,
Перасіплі вятры на таргах,
Перазяблі паляны...
 
Зюзя – як цёзка паганскага бога –
Мароз
Лічыць сваім
І вітае хвастом адпаведна.
У зборніках рыфму
Правярае на зуб усур’ёз.
А за сталом сам паэта –
Унты на нагах –
Усё, як сабака, ведае.
 
Зюзя смакуе цукеркі, выцягвае зубы зь іх,
Як з гнёздаў штэпселі некалі
                                                              тэлефаністкі.
А ў паэта ў напамінальніцах запісных
Нумар тэлефона Музы і адрас унізе.
Рэкс з паважнасьцю царскай
Сьняжынкі есьць на ляту,
Аб шарпак апякае, як аб вугольле, лапы.
Так непасрэдна радуецца свайму ж хвасту,
Аж бялюткія хмаркі бягуць
Зь ягонай разяўленай ляпы.
Зюзя і Рэкс зь недаверам
Абнюхваюць унты,
Калі іх з прагулянкі лясной
Прыводзіць вяльможны паэта.
Гэтаксама сьнег даганялі
                                                        калісьці браты,
А цяпер на нагах дзень пры дні
Шукаюць сюжэты.
 
Зноў паэта,
Наведаўшы сьцішаныя лясы,
Над аблогай паперы
З ночы ў ноч уздымае паходні.
І ў азёрах вачэй
Пад сярпом схіляюцца каласы,
І Хрыстос наважваецца
Прызямліцца ў Гародні...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.