РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У адкрытым космасе
Мама,
Колькі жыла,
Выходзіла ў космас
Цемры, сьвятла,
У космас адкрыты,
Дзе чакалі
Даёнкі, матыкі, карыты,
У космас
Лесу, гарода, саду,
У космас клопату
Пра пагоду, пра ўроду, расаду.
І сам-насам з Сусьветам,
Як з тым суседам,
Гутарыла і зябла,
Калі штоначы,
Часам плачучы,
Часам стогнучы,
Ня чуючы ні рук, ні сьпіны,
Вартавала дбала
Карміцельку-яблыньку,
Якая ўцалела з вайны.
Абкладзеная падаткамі,
Нібыта ападкамі,
І яшчэ гусьцей,
Яблынька
Яблыкаў чакала восеньню
З боязьзю,
Як мама гасьцей:
Ці ўсім стане
Пачаставацца?
Трывога чаканьня –
Таксама праца.
Мама, бывала,
Палахліва драмала
На голай зямлі.
І калі
Яблыньку нехта кранаў,
Яблыкі сыпаліся –
І маму будзілі.
А незабудкі,
Санлівыя непрабудкі,
Глядзелі ўраньні з канаў
У наіўным зьдзіве,
Як пыхлівая, забыўлівая радня.
А маму да пэўнага дня
Бяссонным вартаўніком
Назіркам,
З вока на вока,
Крадком
Пільнаваў лес,
З усьмешкай гледзячы
На гладышы, на ручасьцікі, на гарнушкі,
На цёрлы, цабэркі, кадкі,
У якіх і днявалі, і начавалі
Зоркі,
Што намерзьліся ў небе да сьлёз.
І моцна,
Відаць па ўсім,
Бог спаў у садзе сваім,
Бо там нехта яблыні трос,
І густа сыпаліся
Зьнічкі-ападкі.
Ні разу маму не папрасіў
Стары
Прыгледзець і за ягоным садам.
Няйнакш там яблыні
Расьлі галінамі дагары,
Таму на зямлю прасіліся
Зарападам...
Ня ведаю, як для самога
Бога,
А для мамы
У космасе адкрытым
Бязважкага не было нічога.
Усё здабывалася
Потам, бяссоньнем, спрытам,
Усё запрашалася
Ласкаю, ўгаворам, дакорам
У хлеў, у варыўню, ў кубло
Зь ляхі, з-пад страхі, з поля.
Усё цяжкое, важкое было,
Як доля...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.