А ўзьбекі рабілі дзяцей...
|
Паводле статыстыкі (вельмі сур’ёзнай навукі), у 1926-м было: узьбекаў каля чатырох мільёнаў, а беларусаў – у тры разы больш (гл. «Геаграфію» Смоліча). I адны, і другія – і ўзьбекі, і мы, беларусы, у наступныя годы і дзесяцігодзьдзі заняліся рупліваю працай. I тыя, і тыя – сваёй, не адною і той жа. Мы пачалі вырабляць з прывазнога металу станкі, – з прывазнога, вядома, свайго ж ані грама ня мелі. I рабілі, рабілі, рабілі іх безьлічы-безьліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзьбекі тым часам рабілі дзяцей – то ісь, маленькіх узьбекаў... Па заканчэньні вайны пачалі мы рабіць трактары і вялізныя аўтамабілі, ня маючы нават і грама уласнай сваёй сыравіны, – можна сказаць – зь нічога, I рабілі, рабілі, рабілі іх безьлічы-безьліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзьбекі тым часам рабілі дзяцей – то ісь, маленькіх узьбекаў, і таксама – зь нічога, ну ці амаль што зь нічога: колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?.. Пасьля пачалі мы рабіць найвялікшыя ў сьвеце гумовыя шыны, ня маючы, зноў жа, сваёй ні куска сыравіны, гэта значыць – зь нічога. 10 гадоз, і 15, і 30 рабілі, рабілі, рабілі іх безьлічы-безьліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзьбекі тым часам рабілі дзяцей – то ісь, маленькіх узбекаў, і таксама – зь нічога, ну ці амаль што зь нічога, – колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка!.. I вось што мы маем, як колісь казалі, у скутку (у выніку, значыць): на сёньняшні дзень беларусаў у тры разы менш, чым узьбекаў, якіх ужо 30 мільёнаў. А помніце? Нас было ў тры разы больш, чым узьбекаў, у тры разы болей! Але мы рабілі, рабілі й рабілі цяжкія машыны, ня маючы ўласнай, сваёй ні куска сыравіны, – можна сказаць: зь нічога. А ўзьбекі рабілі, рабілі й рабілі дзяцей, то ісь, маленькіх узьбекаў, таксама – зь нічога, ці амаль што зь нічога, – ну колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?.. Вось і ўсё. I рабіце высновы, браткі беларусы. А што іх рабіць? Яны робяцца самі. Аднойчы, ня так і няскора, на багаславёнай зямлі між Дзьвіною і Прыпяцьцю, Бугам і Сожам будзе гучаць толькі родная наша узьбекская мова.
2007
|
|