Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною... Ў гадах Хрыстовых – бедным шкаляром... Засьпее ноч, засьпее дзень слатою – Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом. У торбе за сьпіной – пяшчоты словы, Для песьняў клетка, соль, тытунь, цацні, Кашуля, нож і вышыты, суровы, Нескарыстаны за гады ручнік. І горкіх жартаў поўныя кішэні Замест манет. Хто хоча – той бяры. А ўцерціся дадуць у кожных сенях, А не дадуць – абсохну на вятры. На кожным дрэве – дамавіты сьвепет, А я – па людзях мёд разношу свой. Палі, лясы зь няроўным сілуэтам І крумкачыны грай над галавой. Пярун злуецца на мае справункі. Дзьме ў грудзі мне раз'ятраны Пахвіст, А я нясу на веях – пацалункі, Ў расколе вуснаў – салаўіны сьвіст. Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы, Зямля мая ўстае перада мной, Высокая і чыстая, як сонца. Чысьцейшая, бо плям няма на ёй, Бязьлітасная, добрая, сьвятая, Ўся зьведаная, як дзядоў палі, І кожны дзень нязнаная, як тая, Што не суседзі, а багі далі. Па ёй іду ад самага сьвітаньня, Рукамі гладжу глог і жаўтазель, Каб кожны вечар за смугой барвянай Убачыць грыб страхі і журавель. І сесьці пад страхой, што пахне дымам, І песьняю нягучнай ля агню Аддзякаваць шматлікім гаспадыням За горкі хмель і вуснаў дабрыню. Ласкавыя, як жнівеньскае лета, Адданыя, як сьпелыя палі, Глядзяць, на рукі ўсьпёршыся, кабеты І ўспамінаюць, што было калісь. Трывожныя, няўтульныя, як сломкі, Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне... Густыя сьцежкі, частыя карчомкі Па ўсёй сваёй азёрнай старане. І што мне недзе за высокай брамай Чырвоных, прагных вокан каламуць, Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі, І думаюць, што з часам праглынуць? Што мне яны, калі, як дар адзіны За тую песьню, што нясу ў карчму, Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны Мне сьвецяцца – не ведаю чаму. Калі за простую прыпеўку тую Ва ўсіх хацінах у маіх краях Мяне, здаецца, песьціць і цалуе Уся зямля мая. Зямля мая. Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне. Густыя сьцежкі, частыя карчомкі Па ўсёй маёй азёрнай старане.
14.09.1964.
|
|