Белыя валокны Сьцелюцца над долам. Не сьпяваюць птушкі, Сьціхнуў лесу шолам. Сьцелюцца валокны, Тчэцца павуціна – Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Зажурыцца неба, Схованае ў хмары, I агорнуць сэрца Нейкі жаль і мары. Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі. Стомленасьць, зьнямеласьць... Тояць думку боры... Шш! што то за гукі Чуюцца ў прасторы? Жаласна-прыгожа Льюцца ў небе гукі, Слухаюць лясы іх, Луг, балота, лукі. У бязьмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам. Меншыцца шнурочак, У паднеб’і тае, Вось ледзь-ледзь чарнее, Міг – і прападае. I стаіш ты, смутны, Доўга пазіраеш, Як бы нешта страціў, А што – сам ня знаеш. Так у час расстаньня З тым, хто сэрцу любы, Адчуваеш смутак Цяжкай страты-згубы I глядзіш маўкліва На дарожку тую, Што нясе ўдалечу Душу дарагую.
|
|