Дзівак чалавек... Глядзіць на расінку макавую, і цэлае сонца бачыць перад сабой. Дзівак чалавек... Бярэ звычайную ракавіну і чуе ў ёй акіянскі прыбой. Дзівак чалавек... Бачыць сьцяжынку гладкую, а марыць, аб трудных, цярністых шляхах зь іх круцізною, зь іх небясьпечнай загадкаю і будзе ісьці, пакуль мае сілу ў нагах. Дзівак чалавек... Са стратаю непапраўнаю ня мірыцца ён ні за што ў душы. Зь няпраўдай ня мірыцца, і з крыўднаю праўдаю ня хоча мірыцца – хоць кол ты на ім чашы. Дзівак чалавек... Яму ў многім адмовілі. А ён не здаецца, а ён ня сьпіць па начах. Ён верыць усё ў свой перпэтуум-мобіле, у панацэю, у цудадзейны рычаг. Дзівак чалавек... Яму – Хірасіму, Асьвенцім, яму, замест імя, – асьвенцімскае таўро. А ён паўтарае, што ёсьць дабро на сьвеце, што будзе дабро і што пераможа дабро. Дзівак чалавек... Ня можа не спадзявацца, ня можа ня верыць, ня можа ніяк! Дзівак чалавек... I гэта яго дзівацтва – ратунак яго, яго чалавечы знак.
|
|