Чэрап у чэраве, невычарпальны ды чэпкі, нібы Чыпаліна ў чарзе па цыбулю. Бітага мозгу шкляныя аскепкі лятуць, што шалёныя кулі... Рэчышча мёртвага рэчыва, каляровых кавалкаў вясёлка, пырскі сьвінцу у праменьні барвовага сонца, крошкі крывавага печыва – людзі наконадні чорнага золку, час надыходзіць канцу, але гэта трывае бясконца. А ў нябёсах аблокі, нібы вершаваная нізка. Беларусь, я прыдумаў адзінку твайго атмасфэрнага ціску! Шызабары, нібы закаханыя пары, плывуць у паветры... Беларусь, я люблю твае зоры і хмары, і воды, і нетры, і твае гарады, і вытворчасьці сродкі. Перавернуцца ў трунах славутыя продкі, як пабачаць у вершах пра нівы ды пожні. Я паэта ня зь першых. Магчыма, апошні папяровы пацук, канцылярская кніга, фаліянт, шызабармэн і шызабарыга, шызалянт.
|
|