З А. Міцкевіча
|
Літва, Айчына
|
Уступ да «Пана Тадэвуша»
|
Маці, Айчына – Літва! Ты – як здароўе ў целе: Як цябе трэба цаніць, той толькі знае, хто дзеле Накан выгнаньня. З далеч сьню я твой чар несьмяротны, Сьню, бо па ім, па табе дзіўна мне сяньня маркотна. Дзева Прачыстая! Зьзянь з прошчаў сьвятых Частаховы Й Войстрае Брамы! Тваёй гэта аховай замковы Мур Наваградзкі стаіць, вера ня згасла ў народзе! Як у маленсьцьве мяне Ты ўратавала ў прыгодзе – Цудам вярнула жыцьцё ўзятаму ў сплаканай маці Дзеля ахвяры Табе ледзьве жывому дзіцяці, Гэтак, што ўстаў я й пайшоў сам, пехатой, ля парогу Яснай сьвятыні Твае шчыра падзякаваць Богу, – Вернеш так некалі й нас ласкай СваёЙ Ты ў Айчыну! А гэтым часам нясі сэрца ссумнелае сына Ў цішу зялёных лугоў, суцень узгоркаў лясістых, Што аплялі удаўжкі Нёман і сіні і чысты, Ў далеч палёў, дзе вузор разнакалёркы ушыты Нівы пшаніц залатых, срэбра пасьпелага жыта, Белае грэчкі сьнягі, моры сьвірэпак бурштынных, Зыркі, як вусны дзяўчат, рожавы клін канюшыны... Ўсё-ж – апавіта мяжой – пасмай зялёнай істужкі, А на мяжы, чарадой, дрэмлюць ціхія грушкі.
|
|