РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
П. Рагач
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кароткі агляд гісторыі Беларусі
 
1. Прародзічы беларусаў
2. Вера нашых прадзедаў
3. Курганы, гандаль і водныя шляхі
4. Беларускія плямёны
1
ПРАРОДЗІЧЫ БЕЛАРУСАЎ
        У даўныя часы Беларусь выглядала інакш, як цяпер. Тады ўвесь наш край быў пакрыты густымі спрадвечнымі лясамі. Гэтых лясоў ніхто ніколі ня сек. Дрэвы расьлі сотні гадоў і самі валіліся на зямлю ў часе буры.
        Так, як і цяпер, на прасторы Беларусі было шмат азёраў і рэкаў. Заміж, каб прасякаць дарогі празь лясы, нашыя прародзічы пераяжджалі зь месца на месца па вадзе – рэкамі ды азёрамі.
        Таксама ля вады будавалі старадаўныя Беларусы свае першыя паселішчы. Каля паселішчаў былі невялікія палеткі ворнай зямлі, дзе сеялі збожжа.
        
        
Роды й плямёны

        Нашыя продкі жылі тады родамі. Род складаўся зь некалькіх сем’яў. На чале кажнага роду стаяў старшына. Ён дбаў пра дабрабыт і абарону роду й яго ўсе ў родзе слухалі.
        Між родамі, якія жылі блізка адзін ад аднаго, пачыналася сяброўства й сувязь. Некалькі родаў, якія мелі цесную сувязь між сабою, складалі племя. Само жыцьцё вымагала таго, каб гуртавацца ў роды й плямёны. Супольнымі сіламі трэба было бараніцца ад ворага, весьці гандаль зь іншымі плямёнамі й народамі, церабіць лес і пракладаць новыя дарогі.
        
        
Выгляд, адзеньне й характар нашых продкаў

        Нашыя продкі былі народам рослым і моцным, з сьветла-русымі валасамі і з сіня-шэрымі ачыма. Мужчыны насілі бароды, а жанчыны – даўгія валасы, заплеценыя ў косы.
        Адзеньне насілі белага колеру. Із скураў дзікіх зьвяроў і хатніх жывёлаў шылі кажухі. З авечай воўны яны ўмелі ткаць сукно, зь якога шылі белыя сярмягі. Зь лёну ткалі палатно на кашулі й іншую споднюю адзежу. Летам мужчыны хадзілі ў белых кашулях з адкладным каўняром, завязаным чырвонай стужкай. На нагах, як летам, так і зімою, мелі лыкавыя лапці. Мужчыны на галовах насілі шапкі зь белай воўны, а жанчыны – белыя наміт кі. Такая вопратка захавалася ў некаторых мясьцінах Беларусі амаль да нашых часоў.
        Нашыя продкі на вайне й паляваньні былі сьмелыя, спрытныя ў руках і настойлівыя. У небясьпечныя хвіліны яны не ўцякалі, а хаваліся ў скрытнае месца й чакалі лепшага часу. Часамі наш продак хаваўся навет пад ваду й дыхаў праз чароціну, а калі небясьпека мінавала, ён выскакваў із схову ды нападаў на ворага.
        
        
Чым займаліся нашыя продкі?

        Ад спрадвечных часоў Беларусы займаліся земляробствам. Зямлю яны любілі й працавалі на ёй з ахвотай. У бальшыні яны сеялі збожжавыя расьліны, якія сеюцца на Беларусі й цяпер: жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, грэчку, а таксама лён.
        Маючы шмат сенажацяў, нашыя продкі разводзілі таксама хатнюю жывёлу: коні, каровы, авечкі, козы, і гадавалі сьвіньні.
        У той час было шмат дзікіх зьвяроў. Адны зь іх нападалі на хатнюю жывёлу, а іншыя шкодзілі на палёх. Чалавек паляваў на зьвяроў, каб ад іх абараніцца. У дадатак да гэтага паляваньне давала яму вялікую карысьць. З паляваньня ён меў скуру й мяса. Мясам дзікіх зьвяроў ён харчаваўся, а пушыстыя скуры мяняў на патрэбныя яму рэчы з-за мора. Тагачаснае паляўнічае ўзбраеньне было: дзіда, лук і нож. На зьвяроў ставілі пастку, а на птушак – сіло.
        У рэках і азёрах Беларусі было ў тыя часы шмат рыбы. Нашыя продкі вельмі рана пачалі займацца рыбацтвам; лавілі яны рыбу пераважна сеткамі.
        Былі яны таксама добрымі пчалярамі. Мёдам яны харчаваліся, або варылі зь яго моцнае добрае пітво, якое таксама звалі мёдам. З воску рабілі сьвечкі.
        Старадаўныя Беларусы займаліся й рамёст вамі – бандарствам, ганчарствам, ткацтвам, кушнерствам, а навет і кавальствам. У тыя далёкія часы рамёствы ня былі асобным заняткам. Гэта ўсё рабілася ў вольны час ад палявых работаў.
        
        
Сям’я

        З малых гадоў бацькі прывучалі сваіх дзяцей да працы, а таксама да суровасьці клімату: сьцюжы, сырасьці, ветру. Узімку, прыкладам, дзеці бегалі босыя па сьнезе. Паступова зь іх вырасталі загартаваныя й здаровыя людзі. Праца на полі, у лесе й на сенажаці ня была ім цяжкой. Бацька вучыў сыноў гаспадарскай працы, страляць з лука, валодаць мечам і дзідай, а маці дбала пра дачок: навучала іх гатаваць стравы, ткаць, шыць, вышываць. Бацька быў галавою сям’і, а маці – ейным сэрцам.
        Калі сын вырастаў і абзаводзіўся сваёй собскай сям’ёй, бацька памагаў яму ўладзіць гаспадарку; гэтая ўзаемная дапамога ня спынялася й тады, калі сын аддзяляўся – і яна была ня толькі паміж бацькам і сынам, але й паміж далёкімі сваякамі.
        
        
Практыкаваньне

        Адкажы пісьмова на пытаньні:
        1. Як выглядала Беларусь у старадаўныя часы?
        2. У якіх мясцох будавалі нашыя продкі свае першыя паселішчы?
        3. Чаму нашыя продкі гуртаваліся ў роды й плямёны? Што гэта – род? Што гэта – племя?
        4. Якога колеру было адзеньне старадаўных Беларусаў?
        5. Якімі прыкметамі адзначаўся Беларус на вайне й на паляваньні?
        6. Пералічы заняткі нашых продкаў !
        7. Да чаго прывучалі бацькі сваіх сыноў і дачок?


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.