РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца мармуровага анёла
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
6
        
6

        
        На панадворку пачуўся вясёлы голас:
        – Кася! Ты дзе там, вандроўніца?
        Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці.
        – О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О!
        Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення.
        – Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў?
        – Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала.
        Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула – маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, – і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках.
        Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед:
        – Хто гэта? Нейкі... нетутэйшы з выгляду.
        – Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць.
        Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука – няма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе варта перадаць у раённы музей.
        Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў XVIII стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага – невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.
        – Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, – прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі. – Заўтра і дахаты.Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга – невядома, што вытвараць. I бацька не ўпільнуе.
        Вінцук павесялеў – цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца – анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.
        – Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? – прашаптала мне Нюта.
        Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго... Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся... і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:
        – Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?
        – А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку – сіла ёсць, розуму не трэба,– прабурчэў задыханы Вінцук.
        – Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? – не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.
        Вінцук зачырванеўся, закашляўся...
        I мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, XVI стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.
        – На жаль, – замагільным голасам абвесціў Вінцук, – мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.
        – Глядзіце, тут нешта напісана! – падала голас Нюта. Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары... Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». Ha жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.
        – «Deus» – гэта, зразумела, Бог, «ultor», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»...
        Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:
        – У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць... Праўда, маленькі... Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultor» caпраўды значыць «помста», «seqitur» – «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» – «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «а» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.
        – Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка... – стомлена сказала Нюта.
        – Можа... – пагадзілася я. – Немвподус... А можа, мы нешта не так прачыталі?
        Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.
        – Па-мойму, тут не «р», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.
        – Значыць, «немвродус»...
        – Ну і што нам гэта дае? – скептычна зазначыла Нюта.
        – Немвродус... Немврод... – мяне асяніла. – Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод – моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы... Лоўчы! I помста Божая за неадплачанае злачынства!
        Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!
        – Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.
        – Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? – накінулася на мяне Нюта.
        Але я моўчкі складала паперы.
        Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне – Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.
        Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, – не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. I што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.