РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца мармуровага анёла
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
8
        
8

        
        Шэравокая «прынцэса» глядзела на мяне з нянавісцю.
        – Ты, даражэнькая, проста як прывід: калі ні з'явішся, ты тут як тут. Спадабалася, напэўна...
        I прыгажуня некалькімі квяцістымі фразамі распісала, што канкрэтна мне спадабалася ў вартаўніку, а яму ўва мне, і хто я такая ёсць. Ад бруднай лаянкі я звычайна губляюся і адчуваю тужлівае неразуменне. Але тут мяне настолькі ўразіў кантраст між вытанчаным абліччам дамы і брудам, які ліўся з яе дасканалых вуснаў, што я проста з цікаўнасцю глядзела на яе, як на рэдкую жывёлу.
        – Замаўчы, – жорстка сказаў Вінцук. – Не варта мераць іншых па сабе. Кацярына Аляксееўна займаецца тут сваёй навуковай працай. Ёй, дарэчы, час ісці. Яе чакаюць супрацоўнікі. Так што не рабі глупствы, няхай Кацярына Аляксееўна пойдзе, і абяцаю, што я пагавару з табой.
        «Прынцэса» штучна засмяялася:
        – Ну, па-першае, калі ўжо ты ўпершыню за два гады зрабіў мне такую ласку, што загаварыў са мною, то я падазраю, гэта не без уплыву тваёй навукоўкі. Па-другое, яна зараз пойдзе і падыме шухер, прывалачэ якога-небудзь ідыёта. I па-трэцяе, ёсць у нас меркаванне, што твая дамачка можа дапамагчы нам па адным цікавым пытанні. Так што няхай яна тут, у цёплым месцы, пасядзіць, пакуль мы паразмаўляем. I сядзіць ціхенька, а то мае хлопчыкі вельмі нервовыя...
        На гэты раз з «прынцэсай» было трое «хлопчыкаў»-бамбізаў, не лічачы антыквара. Мяне ветліва правялі ў першую залу музея і пасадзілі на крэсла перад калыскай, так што я адчула сябе часткай экспазіцыі. На другім канцы залы антыквар, які час ад часу кідаў на мяне злыя позіркі, курыў і ціха перагаворваўся з чарнявым тыпам з баксёрскім прыплюснутым носам. Яшчэ адзін «хлопчык», прыгажунчык з каротка стрыжанымі светлымі валасамі, забаўляўся тым, што круціў у руках ножык-«матылёк». Ну а той чырванаморды, што злавіў нас ля акна, відаць, па-ранейшаму ахоўваў дом ад непажаданых сведак. З другой залы пачуўся голас «прынцэсы». Мусіць, дзверы няшчыльна зачыненыя. Я схавала твар у каўнер футра, каб не выдаць сябе эмоцыямі, і прыслухалася. «Прынцэса», мяркуючы па інтанацыі, хвалявалася – ніколі б не падумала, што такая лялька можа хвалявацца.
        – Ты нават не спрабаваў мяне зразумець. Як быў казлом, так і застаўся... (Умеюць жа некаторыя гаварыць квяціста!) Пажыў бы, як я, з бацькамі-алкашамі, у кватэры, дзе нават коўдры прапілі... Я табе сказала, што я з дзетдома, жыву на кватэры... Баялася, што ты пабачыш той бруд, у якім я жыву. Я нават зрабіла ўсё, каб маці і бацька не даведаліся, што я выходжу замуж, каб не дай Бог не з'явіліся на вяселле. Каб твая мамачка ў капялюшыку не пабачыла маёй маці ў паркалёвай хустцы. Ты ж быў прынц, паніч, узвышаная натура. Для ўсіх я была – Верка, для цябе назвалася Вітай. Дзе табе здагадацца, што я сукенку ў сяброўкі пазычыла, што, каб купіць сабе французскія духі – табе ж спадабаўся іх пах! – цэлы месяц аблічвала пакупнікоў, ружы другога гатунку падстаўляла да першага гатунку. Што дырэктар крамы аднойчы гэта заўважыў, і, каб замяць справу, мне давялося аддацца яму проста ў кутку крамы, пасля працы... А ты чакаў мяне на вуліцы, каб павесці да чарговых геніяльных знаёмых. А ты ведаеш, чаго мне каштавалі тыя візіты да геніяльных знаёмых? «Ах, Кандзінскі! Ах, Драздовіч! А вы чыталі апошнія вершы Разанава?» Яны думалі, я сціплая і маўклівая... А я слова баялася вымавіць... I ты яшчэ вучыў мяне размаўляць на гэтай калхознай мове. Ды яна мне дома абрыдла, мацюкамі перасыпаная! Ты ж не прыняў бы мяне такой, якая я была, ці не так?
        – Табе вельмі хочацца, каб я быў вінаваты? Што ж, прызнаю сваю віну. Сапраўды, глядзеў на свет праз ружовыя акуляры. Але ты дарэмна баялася – я вельмі цябе кахаў. Ты магла разлічваць на мяне.
        – Казёл! – злосна выгукнула Вера.– Ты хацеў бачыць багіню. Але якая б мыла табе шкарпэткі. Ну, што ж, я мыла твае шкарпэткі... I, ведаеш, нават шчаслівая пры гэтым была.
        – Дык чаму ж не хапіла табе гэтага шчасця? Не толькі ж мыццё бруднай бялізны ў цябе было... Нашто спатрэбілася прадаваць мяне крымінальнікам?
        – Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо... А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?
        – Я нічога пра цябе не расказваў.
        – Я не пра міліцыянтаў, – што яны могуць, а пра тых... крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.
        – Віншую.
        – I не трэба намякаць, што я – сцерва, а ты – святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў... Нават не размаўляў са мною. I вось, бачыш, чаго дабіўся – сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць – дык і рады. Але цяпер хоць паслухай... Таму што я больш прапаноўваць не буду.
        Вера загаварыла ціха і горача:
        – У цябе зараз ёсць шанц. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з'едзем разам за мяжу. Я – не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж – будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. I хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне – толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся... I мы з табой з'едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, – у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі... Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой...
        Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава... Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.
        – Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі парвуць. I цябе, і тваю... А я – з усёй душой...
        – Бедная, бедная Віта,– Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. – Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.
        – Усё! I цябе куплю з вантробамі, і гэта куплю, і гэта... – пачуўся гук разбітага посуду. «Прынцэса» відавочна вырашыла спагнаць раздражненне на цудкоўскай калекцыі.
        – Асцярожней, Вера Сцяпанаўна, гэта ўсё музейныя экспанаты, за захаванасць якіх я адказваю.
        Відаць, Вінцук затрымаў яе руку, таму што «прынцэса» зашыпела ад злосці:
        – Чапаць мяне!.. Паскуда! Хопіць здзекавацца, душу маю даставаць. Зверху ўніз паглядае, прынц! Ну, я цябе ўтаймую, як некалі сваю любімую аўчарку Бэтсі... Яна таксама некалі на мяне гыркала, а цяпер ногі мне ліжа. Дзімыч! Паша!
        Целаахоўнікі кінуліся на вокліч гаспадыні. Пачуўся страшэнны грукат, і адзін з іх чамусьці адразу вылецеў праз дзверы назад, ударыўся аб старажытную ступу і з лаянкай зноў рынуўся ў бойку.
        «Прынцэса» верашчала:
        – За што я вам грошы плачу! Слабакі!
        Антыквар непадалёку ад мяне спалохана прыціснуўся да сцяны. У залу прабег трэці «хлопчык», той, чырванаморды, відаць, выкліканы з вуліцы. Ну чаму гэты княскі дом стаіць наводшыбе! Каб хоць трохі бліжэй да жытла – такі вэрхал абавязкова б нехта пачуў... Зноў грукат, глухія ўдары, лаянка, вось быццам бы нехта ўпаў. Раптам пачуўся страшны хрыплы крык-стогн... Вінцук! Я ўскочыла – антыквар кінуўся да мяне з воклічам: «Сядзець!», але не паспеў: я ўварвалася ў залу... Вінцук ніцма ляжаў на падлозе. Чырванаморды ўпіраўся каленам у ягоную спіну і за валасы прыпадымаў яго галаву ад падлогі, двое другіх выкручвалі вартаўніку рукі... А «прынцэса» стаяла перад ім і тыцкала ў твар вострым носам серабрыстага боціка:
        – На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
        – Мадам захапляецца садамазахізмам? – я проста кіпела.– Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае...
        Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з'едлівы тон.
        – Яшчэ адна «вумная»... Прыгод шукае на сваю... (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
        Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
        – Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
        Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
        – Крыж сапраўды існуе, – цвёрда сказаў Вінцук.– Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа...
        – Той анёл, што ў скляпенні? – удакладніў антыквар.– Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы... А то важдаліся, далікатнічалі...– апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
        – Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, – радасна азваўся чырванаморды.
        – Адпусціце яго, – загадала «прынцэса».
        Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы – першы крок да згоды... З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» – яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
        – Гаспадыня, выкапваць трэба, – азваўся адзін з наёмнікаў.
        Яго падтрымаў антыквар:
        – У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя...
        Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
        – Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала... А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
        Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
        – Падбярыце, які з іх ад скляпення...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.