РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца мармуровага анёла
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
9
        
9

        
        За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла...
        – Вы ўсё-ткі ім сказалі...
        Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
        – Там нічога няма.
        Я са здзіўленнем гаядзела на ягоны спакойны твар.
        – Адкуль вы ведаеце?
        Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма... Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
        – Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім.
        Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення:
        – I вы ўсё ведалі?
        – Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся – аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце – анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры – нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
        – I вы не сказалі мне раней?..
        – А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
        Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі – можа, сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. I ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
        Я працягнула крыж Вінцуку:
        – Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
        – Паглядзім...
        Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
        – Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі – эгаісты.
        – Сама вінаватая. Прыйшла ў госці без запрашэння. Дарэчы, завіце мяне Касяй, не тыя абставіны, каб цырымоніцца.
        – Добра, Кася... Даруйце, дарэчы, за тое, што я вам тады нагаварыў, пра чашу Грааля. Можа быць, гэта проста ад усведамлення, што ў мяне няма ніякіх шанцаў.
        – Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў... – прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. – Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас парвуць? I чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці.
        Вінцука перасмыкнула.
        – Не варта так жартаваць. Тым больш што... што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра – каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца... Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. I не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.
        Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
        «Самадастатковы» ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы... Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з падбітым вокам.
        – Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
        Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. I абняў, прыціснуў да сябе... Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца... А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
        ...Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
        Наверсе бразнуў засоў.
        – Сядзяць, як галубочкі... Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. I без фокусаў, у мяне электрашокер.
        Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў – відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю...
        Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
        «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
        – Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
        – Ды ўжо наўрад ці навучуся, – спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў – каб усе пабачылі, што гэта, – і кінуў крыж у агонь.
        «Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі» з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэння багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне...
        – Позна... – выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. – Паскуда!
        «Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе... Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся...
        Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
        – Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
        Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. I толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. I Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
        «Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:
        – Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
        Гумарыстка. I пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
        Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы – шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
        Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
        А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё...
        Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума.Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.