РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца мармуровага анёла
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
10
        
10

        
        Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы – Нюта, я і Андрэевіч – кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
        Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы... Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук – там... Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць... Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! I яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў – вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
        – Бензінам палівалі, сволачы, – безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
        Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
        Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых... Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
        Вінцўк адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
        – Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
        Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя... Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
        – Я ўсё роўна цябе намалюю. I не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё – ува мне, са мною. Калі, вядома, ты... Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля – гэта глупства. Я пазбавіўся яе – і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
        Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця – і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца...
        
         Так што Нюта мела рацыю.
         Якое там нармальнае жыццё...
        
        Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым.
        Альберцік жа толькі канстатаваў:
        – Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.