РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Меланхолія
1. Сумныя лісты
2. На пошце
3. Паварот
4. Прыехаў
5. Малацьба
6. На могілках
Калоніі
КАЛОНІІ
        
КАЛОНІІ

        
        
I

        
        Была ўжо чорная брудная восень, калі каморнікі, патрон1 і аплікант2, усё яшчэ білі хутары, ці, па-тутэйшаму, калоніі, у глухім куце на захадзе Беларусі.
        Аплікант намагаўся, каб канечне нарэзаць хутары да зімы і барзджэй уцячы з гэтай убогай шляхоцкай ваколіцы ў горад на зімаванне.
        Патрон жа нядбала марудзіў і цягнуў дзяльбу зямлі да снегу...
        – У жыцці сваім бядовым працую ў трынаццатай губерні, братку мой, – казаў ён у бясконца цёмны, як магіла, вечар, калі пасля невялічкага, мутнага і сцюдзёнага дня восені гудзеў за вокнамі вецер, хвастаў і церабіў у садзе галлё на яблыньках і ігрушах. – Дык хапацца нам няма чаго, у чатырнаццатую паспею за маё пачтэніе, – дадаваў ён, моршчыў стараватыя голеныя вусны і дужа дзьмухаў на планы...
        Калі кур-пыл ад попелу і табакі патроху палягаў, патрон выпрастваўся, стаяў нейкі час, грубы, асадзісты, ля столу; расставіўшы ногі і ўзяўшыся ў бокі, з жартлівым сумам у вачах аглядаў працу сваю і жалосна ківаў галавою.
        – Эх, братку мой, робце віхор, як я, дый па ўсім! – казаў ён і даставаў з паліцы трохрадны венскі гармонік; садзіў потым цяжар свой на ложак, што аж крактаў, і сыпаў вясёлую полечку.
        Апліканту было горача. Чуў ён сябе быццам пасля спрэчак.
        З расшпіленым каўняром, шчупнуўшы далоняю лоб, ішоў ён на двор на мокрую цямноту. Там, у кінутым, пустым садзе, прытуляўся да мокрае кары ясакара. Часам слухаў, часам мімаволі чуў гуд яго безупыннай маркотнай гутаркі па-над сабою, адкуль зрэдку скідалася прыемна-сцюдзёная кропля за шыю; глядзеў і глядзеў у чорнае начавое правалле, не маючы на чым застрэміць вочы.
        I выходзіў патрон. Мацаў рукою па вушаку і разважаў голасна і быццам здаволена:
        – Маць часная! Хоць вока выкаль!
        Пашлёпаўшы па гразі каля ганку, гукаў ён апліканта і ішоў сабе назад у хату.
        Гаспадыня, старая і згалелая шляхцянка-ўдава (яна жыла з дзвюма дачкамі, а сын быў у свеце), напускала тым часам паўнютку хату смуроду і чаду, пакуль насмажвала бульбы і прыходзіў час вячэраць.
        Тады патрон, скончыўшы «танго з уласнымі дадаткамі», кідаў гармонік на збітую коўдру, хрустаў пальцамі, пазяхаў, пацягваўся, гаворачы: «Ат! усё, братку мой, тло на свеце», – і ішоў за стол.
        З нейкай асаблівай круткасцю, уласціваю п’яніцам, сагінаўся, знаходзіў пад столлем і бракаў ля міскі пляшку; потым праціраў ражком абруса чарачку, паважна і моўчкі наліўшы, жартаваў: «Землямеры п’юць без меры», – і перакідаў чарачку ў шырокі рот. Дзеля гадзіся, каротка запрашаў безнадзейнага ў гэтай справе апліканта: «Можа, і вы? Проша!..» З’еўшы добры кавалак бараніны і паўмісак смажанае бульбы, ён наліваў сабе яшчэ, выпіваў да дна (але ўжо не так крутка), заядаў, выпіўшы, скарыначкаю хлеба з соллю, рабіў вялізную кручонку, зацягваўся ўсмак, з хітрым усміханнем, пазіраў на апліканта і мармытаў сабе пад нос: «Ат, усё, братку мой, тло на свеце...»
        За пераборку, дзе жыла гаспадыня з дочкамі, – з меншаю, чарнамазаю і смяшліваю, Міхасяю і з большаю, тоўстаю і шапяляваю, з слінкаю ў ражках вуснаў, Стэфцяю, – штовечару прыходзілі шляхоцкія дзяўчаты. Яны там спярша паціху жартавалі, потым стракаталі, як сарокі, нарэшце драпаліся на пераборку, да шчылін і раптам, зарагатаўшы, уцякалі, калі аплікант узнімаў галаву.
        Гармонік у патронавых руках пад той час, ужо проста як жывы, галасіў кракавяка, ці полечку, ці кадрылю.
        Во – дашчатая сценка хілілася ў каморніцкі бок надта значна; дзявочыя босыя ногі шамалі па земляной падлозе, як пацукі, а вочы бегалі ў шчылінах.
        I гаспадыня прыглушона, але, каб чулі і каморнікі, сіпела на свавольніц: «Дальбог жа ж, паломіце! Што гэта вы робіце? Ідзіце тудою, калі вам трэба...»
        Патрон заўзята-весела перакідаў гармонік з калена на калена, а кудлатую галаву крутка адкідаў набок і зычна запрашаў, пакрываючы ўвесь гук:
        – Ходзьце, ходзьце, паненкі, да нас! Полечку таньчыць...
        За пераборкаю чулася радасная тупаніна басанож па зямлі. Пераборка трашчэла і хілілася, лямпа там чагосьці гасла. Малады сквіл і рогат зліваўся з гармонікавым рыпаннем і з лямантам старой гаспадыні.
        Тады патрон паважна злязаў з скрыпучага ложка, не гледзячы ўніз, выблытваў нагу з коўдры, што злезла і валаклася за ім, іграў і, іграючы, ішоў за пераборку (ход быў цераз сенцы), ішоў вагам, без аніякага паспяшання, грубы і сыты, асадзісты, – «навадзіць парадак», – казаў ён.
        Аплікант укручваў кнот у ляпме, трошку адхіляўся і па-зладзейску, каб хто не ўбачыў, даставаў з кішэні фатаграфічную картачку. Прыгожы дзявочы тварык цягнуў да сябе яго вочы...
        – Аей! Не вырабляйцеся! – далятаў з-за пераборкі голас і выводзіў апліканта на часінку з сумнае задумы.
        Там, адбіваючыся ўпоцемку ад патрона, пішчэла чарнабровая Карольця (бровы ёй быццам звёў хто чорным вугалём).
        – Жартаўнік наш пан, жартаўнік, – кажа гаспадыня, калі рогат троху ўціхае. – А паніч адзін там слухае, не хочуць да нас зайсці, – зварочваецца яна ў другі бок за пераборку.
        
        
        
II

        
        У пахмурна-імглістую раніцу адбывалася іншая музыка.
        Быццам мокрае балота бясконцу паўзло з усіх бакоў і наліпала на людзей, на голыя дрэвы, на змоўклую курыцу, на няўважна-маркотную карову, што трымае забытую ў роце саломіну і стаіць, схаваўшы перад тулава пад павець, а худыя храсткі аддаўшы на волю безупьшным капкам і дробным цурочкам з гнілое страхі.
        Імжа, рось, якая нават усё нутро вымачыць, – сыплецца згары, з бакоў і немаведама адкуль яшчэ.
        Ваколіца, як пастух у дзіравым жупане на дажджы, прынікла і маўчыць.
        Але трэба ж варушыцца, бо мокра ўсюды, і пнецца ў хату шэрае ранне.
        I шляхота варушыцца...
        Вось на двор, дзе жывуць каморнікі, бяжыць сабака; поўсць дыбарам, падуздухі мокры і запэцканы. Следам за сваім сабакам ідзе выбарны пытацца, ці пойдуць з ланцугом у поле і колькі трэба людзей. Ён і сабака абтрахаюцца ў гаспадыні. Сабака застаецца там, а выбарны цераз сенцы прыходзіць да паноў каморнікаў, тупае ля дзвярэй і кажа:
        – Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
        Патрон маўчыць.
        – На векі вякоў, – гаворыць з далікатнасці аплікант.
        – Амін! – дадае тады патрон і, усхапіўшыся, моцна крычыць: – Здароў, абраны паўнамоцны!!
        – Здравім жалавім! – выпроствае той свае высокія, але спушчаныя плечы; усміхаецца, сягае адзін раз бліжэй – і яшчэ раз, весялейшы, дадае: – Здравім жалавім, пане каморнік!
        Потым доўга, зводцаль, дзівіцца на планы і троху-патроху няўпрыцям ізноў схіляе свае худыя плечы. Маўчыць і нарэшце знаходзіць патрэбны сказ:
        – А Божа ж наш мілы, якое сушэнне галавы гаспадом...
        Аплікант нецярпліва чакае, калі ўжо абраны здыме з іх прастасэрды погляд сваіх шэрых, выцвілых сялянскіх вачэй. I ткі абраны выходзіць пабавіць час у гаспадыні і пагаманіць троху пра будучыню, пра жыццё на калоніях. Ён здаволены, што за хлябаю ў поле не ісці.
        А ў гаспадыні сядзіць ужо стары Казюк: чуваць яго грудны, назаўсёды прастуджаны і сіпаты голас. I аплікант чакае: зараз пакажацца яго высокая худая постаць з сівымі невялічкімі і рэдкімі валаскамі замест вусаў і барады.
        Казюк з жонкай – бяздзетныя, жывуць зазвычай дзесьці на заробках ля чыгункі, а зямлю іх урабляе Казюкоў брат – Стась. Цяпер, цэлае лецейка, увесь час памеру зямлі, сядзелі старыя ў ваколіцы – пільнавалі, каб не было ім якой крыўды. Яны нічога не зарабілі і таму злавалі.
        Калі аплікант нервова пазірае на дзверы, чакаючы Казюковага прыходу, патрон, на часінку ўзвесялёны выбарным, а цяпер ізноў маўклівы і аспалы, як тое бязгоднае ранне, непрыемна буркае:
        – Чаго вас разбірае? Што ён нам? Ну прыйдзе, ну вытурым, і па ўсім...
        I Казюк прыходзіць. Ён кажа «пахвалёны» і робіць выгляд, што лезе цалаваць у руку паночку-каморніку. Але той махае, каб не лез.
        Тады Казюк заблытана, марудна, часам хліпаючы і абціраючы слязу, просіць, каб яму сялібы не знасіць, нават каб прырэзаць кавалачак зямлі пры хаце, а з далёкай сенажаці яго долю не чапаць, бо ён тамака ўдвох з сваёю старою тры гады рышты капаў, прыходзячы на тое здалёк, з Савіцкага Поля, а калонію яго каб далучыць да зямлі суседняй ваколіцы, дзе жыве жончын пляменнік, і яму ён адкажа зямлю, і каб зрабіць у паперах моц, што пляменнік за гэта і яго і яго жонку, а сваю цётку, да смерці будзе карміць і даглядаць, а як памруць, – пахавае па-людску.
        – А яшчэ, даражэнькі паночку, няхай ён мне пашые боты за маю ласку. Вось жа сам пан бачыць уборы мае, – трасе Казюк перад каморнікам сваімі лахманамі.
        – Мая хата з краю, нічога не знаю, – кажа каморнік на ўсю яго каніцель і коле яго прыкрай жартлівасцю, захованаю пад паважны тон, – як прыедзе член камісіі, што завецца не-пра-мен-ны член, вось ты і прасі яго, толькі ён адзін і можа даць тут рады...
        – Беспраменны... – без яснай думкі мармыча тады Казюк.
        – Так, так... Ну, ідзі ж, ідзі, братку мой, – кажа каморнік, – а то замінаеш нам сваімі размовамі.
        Казюк стаіць. Ён хліпае, ціскаючы, як усе старыя, калі плачуць, рукавом капоты свае няўзоркія ад лецяў, змучаныя маленькія вочы, і мармыча, пагроху падвышаючы сіпаты свой голас.
        – Божухна-Бацюхна! Каб яна ўся гэтая проклятая зямля правалілася наскрозьдоння. А нашу ваколіцу каб і зямля не прыняла. Каб яны дзетак сваіх пахавалі, хто падаў прашэнне на калоніі, каб іх пярун папаліў на чыстым полі!
        Тады паціху адчыняюцца дзверы і спачатку вынікае шчэрба ў разяўляным роце, а потым уся галава і патроху ўся гаспадыня. Следам маячыць абраны паўнамоцны. Яны з двух бакоў дыргаюць адзаду Казюка, каб выходзіў.
        – Пятрунэля! Не чапайце мяне! Мне і смерць не бог ведае што, – бярэ ў гэты час самую высокую ноту Казюк, абараняецца, адштурхваецца, але патроху тым часам пасуваецца бліжэй у парог.
        За пераборкаю дзяўчаты аж клаліся са смеху. Пэцканая Міхася, амягаючы, крыўлялася перад сястрою, строячы Казюка, яго шал, а Стэфця, шапялявячы, з слінкай у ражках вуснаў казала:
        – Дзядзька Казімер – хітры, халера! Як мы, дурныя, будзема крычаць пасля памеру, а ён дык цяперака мардуецца... Спрабуйце яго пакрыўдзіць, калі ён гэткі грозны асэсар, ха-ха-ха!
        – Я да ампэратара дайду! Не такіх яшчэ паноў начальнікаў з пасады скідалі, а вы нам мала значыце! То, пане, табе не вёска! – грыміць Казюк на вуліцы, шлёпаючы па глыбокай гразі...
        Патрон маўчыць і сапе. Аплікант у смяротнай тузе механічна поркаецца над планам і думае: «Пэўна ж, прыйдзе яшчэ і Сымончыха».
        Мужык Сымончыхін памёр у гэтым леце, вярнуўшыся з Амерыкі. Ён кінуў жонцы ўбогую гаспадарку, старэнькую хацінку і груд дробных дзяцей. Сымончыха і цяпер была цяжарная, грубая; уся ў рабацінні, але з тварам, як тая ліпіна, збялелым, з вялікімі, назаўсёды спалоханымі шэрымі вачмі. Прыходзіла яна заўсёды з дзяцьмі: самы большы – Франак, ішоў «за мужчыну», як гаспадар. «Цяперака Франак у моду выйшаў: як па вуліцы ідзе, усе сабакі брэшуць», – шкелілі хлопцы. Малога нясла ў сябе на ўлоннях, а хударлявенькую дзяўчынку ў братавай, з даўгімі рукавамі, капоце прыводзіла за руку. Ёй з калоніяй выйшла добра: аставалася на сялідзьбішчы, на ўпагноенай гароднай зямлі, з сенажаткай і рэчкаю. Аплікант не мог зразумець, чаго яна прыходзіць штодня выць і канькаць. Ці жадала ізноў і ізноў пачуць ад людзей, якую добрую калонію будзе мець яна, і пайсці дамоў супакойней, смеючыся скрозь шчаслівыя слёзы?
        Сёння яна не прыйшла, затое прыходзіць Стасюк.
        Стасюк, малодшы Казюкоў брат, высокі і маўклівы мужчына, залучаў да каморнікаў рэдка, але быццам пільнаваў таго часу, калі якраз цягнулі за прыпалы яго брата з каморніцкага памяшкання. З вялікаю каменнаю крыўдаю грымеў той адным ладам і Стасюку: «Слухай, братка, век з табою не спаткаюся. Век буду клясці!» Аднак жа на другі дзень цягаў ён разам з братам сталёвую каморніцкую стужку, капаў капцы – і быў ціхі і добры.
        Сёння Стасюк, прыйшоўшы да каморнікаў, азірнуўся, падышоў бліжэй і паніжонай шпаркай гутаркай папрасіў:
        – Паночкі. У мяне дзеці дробныя... Я, гэта, вось... можа, вам патрэбна свежае масла або яйкі... У мяне дзеці, а яны старыя, толькі ўдвох: ён ды жонка... Калі будзеце маю з братам калонію напалам дзяліць, як запісана ў пратаколе, дык ці няможна б, гэта, мне трошку перапусціць? Паночкі... я ні за чым не пастаю...
        I калі Стасюк так казаў, яго невялічкая круглая шапка-варшавянка бегала з рукі ў руку.
        
        
        
III

        
        Быўшы смутному, трэба развесяліцца...
        З народнае песні

        
        Даўно мінуліся тыя рэдкія сонечныя пагодлівыя дні, калі ўранні хрусталі пад нагамі ільдзінкі, як шкло; калі адтайвала груда на вуліцы і калі празрыстае, ядранае паветра, сіняе неба і прыемны, араматны дымок яленца ў полі, дзе пастушкі клалі цяпло, калі ўсё гэта бадзёрыла і асвяжала і паддавала весялосці ўдзень і ахоплівала засмучонай кволай прыгажосцю ўвечары; мінуліся тыя дні, калі, бывала, садзілася чырвонае сонца, а залатое лісцё, падхогшенае ветрам, шуршэла і мільгала з-пад голых, смутна-спакойных дрэў, далёка-далёка па невясёламу раздоллю, па полю халоднаму, голаму, блізка што зімоваму; ах, мінуліся тыя дні.
        Размачылі зямлю бясконцыя дажджы. Мокры, хлопам, белым роем снег штодня зрэдку злятаў на зямлю і знікаў у гразі.
        З надвор’я людзі і жывёла пахаваліся ў хаты, пуні і цёплыя прытулкі, бо дзьмухала не жартам сіверка і сцюжа.
        А ў гэты час, з акалелымі, чырвонымі і неслухмянымі рукамі, бегаў яшчэ аплікант па полю з тэадалітам, шукаў нявязку ў з’ёмцы і горшай долі не мысліў сабе... Марудна цэнтраваў ён інструмант на размоклых ужо канцах з пахіленымі слупкамі. Работнікі, нудныя і пакорныя, цягалі сталёвую стужку, часам клалі цяпло і тады троху ажывалі. Аплікант таксама садзіўся на кукярэчкі і грэў рукі, хухаў на пальцы; а пальцы, як граблі, не ўладалі алоўкам, і чырванелі, як буракі, і балелі.
        Кароткі дзень шпарка мінаўся.
        Дым, і мгла, і змрок ахінулі далечу. Прыдарожны альшэўнік згубіў выразнасць контураў і зліваўся непрыкметна з тою муццю і шэрасцю, што была наўкола.
        А полымя шугала, і работнікі ажывалі.
        – Учора па абедзе, – казала смяшлівая Міхася, каб сагрэцца, – дзядзька Казюк ледзь не сканаў Уважыў дзядзьку Стасюку свае зямлі два сажні і пасварыўся з цёткаю, дык яго і хапіла за жывот. Пайшоў да Стасюка, упрочкі ад цёткі, лёг на лаўцы пад абразамі... Людзі думалі – памірае. Насыпалі яму ў бутэльку лыжку сажы, лыжку солі і набухторылі вады. «Пі!» – кажуць яму. А ён: «Не хавайце мяне тутака. Вязіце мяне да Савіцкага Поля». – «А тутака?»– пытаюцца. «А нех тут усё возерам сойдзе: і хаты, і людзі, і могільнікі. Аей, аей! Няхай, кажа, во так пакруціць (Міхася круціла карэлымі застыглымі рукамі, моў Казюк), памуціць во так... во, ды ў балота. Во, панясу гэны рубель да Маткі Боскай Вастрабрамскай, каб яны счарнелі, як сажа, усе гэтыя парахвіі наўкола». А сам чорны, чорны ад сажы... Ляжыць, стогне...
        Усе смяяліся, і сам Казюк, слухаючы гэтую камедыю, смяяўся.
        – Ат, дурніца! – казаў толькі ён і спакойна стаяў, трымаючы рукі над цяплом і адхіліўшы вочы набак ад горкага дыму.
        – А Карольцін бацька ўначы па полю бегае, – убіўся Франак у гутарку. – Карольцін бацька, – казаў Франак далей, – калі зямлю цанілі, з поля ўцёк, а цяпер, як нарэзалі замест дзесяцёх толькі чатыры з паловаю дзесяціны, дык учора ўночы мераў крокамі калонію ўдоўжкі і ўшыркі. Лічыць-лічыць, саб’ецца, падхопіць полы, як кінецца ўгрунь назад.
        Так намагаўся развесяліць кампанію Франак, але ніхто не засмяяўся.
        – Ат, блазнюк, мелеш, як дурань! – злосна зірнуў на яго стары Казюк, і хлапчук змоўк.
        «Восень на сходзе. Калоніі зроблены, зроблены...» – разважаў аплікант, слухаючы тыя размовы, і паўсёдная апошніх дзён туга забірала яго ўсё глыбей.
        У самым прыкрым настроі, які падходзіў да крызісу, цягнуўся аплікант з поля дадому сярод змрочных павеваў. Следам ішлі работнікі; Казюк, самы пэўны на тое, нёс на плячы трыногу з прышрубаваным тэадалітам («квакуху», як ён казаў).
        Во перайшлі па каменні бурлячую рэчку. Абмінулі каменныя груды на межах шнуроў і гусценныя парасні яленцу, што зялёна-чорнымі купамі падбягаў па долу аж да самай ваколіцы.
        Ужо заміж вакаёму быў цёмны вечар, гаўкалі ў ваколіцы сабакі і маркаталі загнаныя ў пуню авечкі...
        «Зроблены, зроблены... – разважаў аплікант. – Рабіце як лепей, – казаў н е п р а м е н н ы ў часе размеркавання зямлі і ізноў са смакам апавядаў аб паляванні ў лясах Кастрамское губерні, адкуль сам родам. – I вось зроблены, зроблены... I як цяпер будуць разжывацца гэтыя няшчасныя шляхтуны?..»
        Ён ішоў па вуліцы, прыгнецены сваім сумам, і ведаў, што ўвечары, пад патронавы полечкі і кадрылі, будзе зусім блага на душы і захочацца стаяць доўга-доўга ў садзе пад ясакарам.
        Вуліца не цешыла.
        Раптам і зняцейку з Сымончыхінага двара выкацілася, як бомба, пялёса-рудая лычкастая свіння, за ёю, з закруткаю, раз’юшаны і спуджаны, імчаўся Франак. А за імі з двара пацягнулася балючае бабскае выццё:
        – А Божа ж мой, Божа! А Божа ж мой, Божа!..
        «Што гэта? Забіваюць каго, рэжуць? Забілі?» – гэткая думка праляцела ў галаве кожнаму.
        «Нехта з дзяцей сканаў, – падумаў аплікант. – Але па малых дзецях так горка тут не плачуць... Нейкае большае гора».
        А баба галосіць а галосіць. Галосіць страшна, жудасна...
        Накінуўшы капоты, схапіўшы шапкі, выбягалі людзі. Ляцела ў сваёй расшпіленай блюзцы тоўстая шапялявая гаспадыніна Стэфця.
        Аплікант узышоў на Сымончыхін панадворак. У пустой цёмнай пуні, ля сцяны, схіліўшыся над нечым, як над нябожчыкам, выла Сымончыха.
        Свіння, выбіваючыся з духу і скігочучы, памчалася праз панадворак. Франак з паломленым кійком, важка дыхаючы, падышоў да апліканта.
        – Чаго матка вые?
        – Свіння ніткі пагрызла...
        А гаспадыніна Стэфця, усё асачыўшы, шапялява дадала:
        – Сухотніца ніткі на кросны аснавала, павесіла сушыць, а свіння іх пажавала і троху парвала...
        – I ўсё? – запытаўся аплікант.
        – Дык яна во і вылічае, – быццам бязвініла сябе Стэфця перад ім, што навіна зусім невялічкая. I смяялася з сваёю вечнаю слінкаю на вуснах.
        Сымончыха выйшла з пуні, трымаючы ў хударлявых руках перад выпнутым цяжарным жыватом пажованыя ніткі – губкі дзве-тры, – аснаваныя ўдзень на кросны. Яна ледзь жывая, як пахаваўшы самага дарагога і любага чалавека, сударжна і бяссільна ўжо хліпала, ні на кога не гледзячы, і пахіленая цягнулася па смуроднай патапечы панадворку да разбуранага ганку хаты.
        Аплікант з пераломаным настроем прыйшоў на кватэру, калі гаспадыня смяхотна апавядала аб пракудзе патрону, запальваючы лямпу; выглядаў з-за дзвярэй Казюк і нейкія жанчыны. Усе смяяліся, былі дружней паміж сабою і смялей з патронам, а болей за ўсіх заходзіўся стары Казюк. Аж захлібнуўся, ніяк не мог адкархацца і выцерці слёзы. Рагаталі за пераборкаю дзяўчаты.
        Аплікант таксама засмяяўся, падумаўшы.
        Калі каморнікі вячэралі, патронава «проша» першы раз не засталося без увагі з яго боку. «Чаму ж не сагрэцца пасля такой працы? – разважаў ён. – Што я ўсё бядую, як тая Сымончыха?..» Калі ж цяпло прыемна разлілося па жылах, быццам нейкі чорт дыргаў яго пахваліцца, што яму... добра і вясёла.
        Пасля вячэры патрон зайграў полечку. Дзяўчаты, штурхаючы адна адну, прыйшлі ў каморніцкі пакой, і таньчылі колькі хацелі, і зусім не саромеліся апліканта. I калі чорт ведае хто ўшчыкнуў Міхасю, нават звярнулі на яго. Патрон падміргнуў яму і сказаў, кідаючы гармонік на другое калена, а галаву набок:
        – Брава, брава, «пан Тадэвуш»! Што панна, што Ганна...
        Аплікант на гэта не надта ўзлаваўся; толькі падумаў: «Дае чаму веры стары цынік...»
        Позна клаўшыся спаць, сярод дыму ад тытуню і пылу ад скокаў, ён неяк выкінуў з кішані фатаграфічную картачку; блізка пад ложкам стаяла скрынка, і ён кінуў картачку туды.
        – Усё тло... – буркнуў ён пад коўдраю і ўсміхнуўся: не то свіння ўцякала перад вачмі, не то было так сабе нешта...
        Прабегла ў галаве: кінуты, апусцелы сад; шуміць мокры ясакар...
        I на тым соладка заснуў.
        
        
        ––––––––––––
        1 Галоўны каморнік.
        2 Практыкант.
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.