РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

        
        Не спыняючыся на начлег, яны ўсё ішлі на ўсход.
        Мінулі другія суткі, як яны сустрэліся, і за час няспыннага падарожжа ўжо добра прывыклі адзін да другога. Пятрусь шчыра радаваўся, што трапілі на ягоным шляху гэтыя двое людзей, з імі хлопцу было куды весялей і надзейней, а галоўнае – яны шчыра, аддана паставіліся да ягонага цяперашняга імкнення. Ніводзін з іх і не марыў зараз пра што іншае, як толькі найхутчэй далучыцца да сваіх і тым канчаткова выратаваць сябе і сцяг.
        Пятрусь ужо добра чуў на абодва вухі, але часам яшчэ ныла плячо і калі-нікалі пад грудзі падкатвала млосная нудота. Хлопец, аднак, трываў, перамагаў нядужанне і без скарг імкнуўся наперад.
        Аднаго разу яны спыніліся ля ручаіны ў кустоўі, напіліся і моўчкі палеглі ў падсохлай ужо няроснай траве. Сонца ўзнялося і добра прыгравала, ад стомы і спакою да людзей чапляўся сон. Старыя адразу прыціхлі, а Пятрусь упарта гнаў ад сябе цягучую дрымоту. З мінулай ночы ўсталявалася так, што ён вызначаў час адпачынку і першы падаваў голас, калі трэба было рухацца далей. Ён гэта рабіў проста, па-сяброўску, без ценю каманды, але неяк стала, што хлопца слухаліся гэтыя двое людзей. Так, мабыць, прызнавалася яго вайсковае старшынства, а можа людзі зважалі на яго большую, чым іх, маральную адказнасць у справе, якую яны на сябе ўзялі цяпер.
        Моцным намаганнем струхнуўшы дрымоту, сержант узняўся з травы і хацеў гукнуць людзей, каб рушыць далей, ды раптоўна ахапіўшая млосць паваліла яго на зямлю. Нупрэеў адразу заўважыў гэта і заклапочана сеў у траве.
        – Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
        Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
        Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі – то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
        Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, – за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
        Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, – нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.
        Людзі ўсё набліжаліся па сцяжынцы, ужо бачна было, што за дзедам ішоў ладны плячысты дзяцюк, ён трымаў на рамяні аўтамат і ўглядаўся ў іх бок. За імі ішлі яшчэ двое – высокі і нізкі, – яны таксама былі ўзброеныя, але чамусьці ніхто з іх не нагадваў нашых байцоў. Калі яны добра наблізіліся, Пятрусь зразумеў, чаму яны здаліся чужынцамі. На дужыя плечы першага быў напялены нямецкі мундзір, падпярэзвала яго дзяга з жоўтай камсастаўскай спражкай, а на чубатай галаве ладна сядзела суконная пілотка з чырвонай зоркай. У такім убранні хлопец меў незвычайны, нейкі дзівакаваты выгляд. Двое яго спадарожнікаў былі апрануты ў несамавітыя сялянскія світкі, хоць штаны ў абодвух былі нашы, вайсковыя, таксама як і кірзавыя боты на нагах.
        – Вось падмогу прывёў, – задаволена сказаў дзед, падыходзячы да ўзмежка. – Гэта свае, чырвоныя армейцы.
        – Прывітанне байцам і камандзірам, – зухавата сказаў пярэдні ў мундзіры. – Дзед кажа, падвяло вас без хлеба-солі. Дрэнна жывеце, значыць.
        Нупрэеў спадылба ваўкавата разглядваў траіх; Пятрусь маўчаў, не ведаючы, як паставіцца да гэтых пераапранутых бадзяг і да іх недарэчнага тону. Тое, што яны свае людзі, бадай, было зразумела, але нейкая няёмкасць утрымлівала сержанта ад праматы і шчырасці. Пярэдні, пэўна, заўважыў тое і сказаў:
        – Ну, што надзьмуліся? Будзем знаёмы: старшына Агальцоў, камандзір разведчыкаў, а гэта мае дружбакі: Жук і Калдобінскі. – Ён паказаў на сваіх спадарожнікаў – тыя былі сціплейшыя за свайго начальніка. Каржакаваты і шыраканосы Жук прастадушна ўсміхнуўся, а высокі і тонкі Калдобінскі хаваў змрочную паныласць на вузкім, насатым твары. Пятрусь і Нупрэеў змаўчалі, ды ім, бадай, і не трэба было называць свае чыны – яны ў абодвух значыліся яшчэ на вайсковых пятліцах.
        – Дык што, сержант, на ўсход кіруем? – жвава пытаў Агальцоў, сядаючы побач з Петрусём. Яго падначаленыя таксама селі; дзед перад узмежкам развязваў у траве прынесены клуначак, ля яго, трымаючы ў руках вінтоўку, прысеў Нупрэеў.
        – На ўсход, – пацвердзіў сержант.
        – Ну і мы туды ж. Значыць, па дарозе.
        – Вось і я кажу: зручней разам, – уставіў дзед. – Зноў жа ўшасцярых мо’ лепш справімся.
        – А здалёку вы нясеце гэтую штуку? – старшына хітравата прыжмурыўся.
        Сержант міжвольна здрыгануўся ад нечаканага пытання і ўзняў на старшыну вочы. А той сядзеў побач спакойны, недзе ў глыбіні яго чорных хуткіх вачэй ззяла ўсведамленне ўласнай зухаватасці, адчуванне сілы і ўпэўненасці ў жыццёвыя ўдачы. Сержант у думках аблаяў старога за нястрыманасць і сказаў няпэўна:
        – Здалёку.
        Але хто яго ведае, мо’ і не трэба было злавацца, чужацца іх.
        Мо’ так і сапраўды лепей – ушасцярых, мо’ гэтыя хлопцы – нядрэнныя людзі. Цяжка адразу ўсё зразумець у чалавеку, і ўсё ж сержант адчуваў, што асцярожнасць не пойдзе ў шкоду, што ў такі час трэба на ўсё глядзець пільна.
        Дзед тым часам нарыхтаваў сняданак, адзін з новых знаёмых – усмешлівы Жук – моўчкі дастаў з свае сумкі банку нейкіх нямецкіх кансерваў, гасцінна падаў старому, і трое галодных людзей налеглі на ежу. Новыя знаёмыя адмовіліся ад сержантавага запрашэння паснедаць з імі, яны курылі папяросы і маўчалі. Агальцоў усё па-ранейшаму насмешліва пазіраў на сержанта, на яго галодных, амаль не ўзброеных людзей, і на прыгожым твары хлопца выразна адбівалася пачуццё ўласнай перавагі. А Пятрусь, зрэдку пазіраючы на яго, напружана думаў, стараючыся зразумець нутро гэтых людзей. Здаецца, не было асаблівых прычын для недавер’я, але іхняе адзенне і асабліва мундзір старшыны выклікалі нейкую няпэўную насцярожанасць.
        К ночы за суткі няспыннага маршу сержантава тройка вельмі змарылася. I сам Пятрусь, і дзед з Нупрэевым ужо ледзь цягнуліся па хмызняках, агнём гарэлі іх змучаныя ногі, усё цяжэйшым здаваўся кожны кіламетр. Старшына з разведчыкамі трымаўся бадзёра, – здавалася, яны не ведалі стомы. Агальцоў увесь час апавядаў Нупрэеву, а болей дзеду пра свае нядаўнія прыгоды. Сержант ішоў ззаду. Ён ледзь трымаўся на нагах – у такім стане было не да размоў, – але ён слухаў усё, што казаў старшына! Калі гэта не была хлусня, дык старшына – сапраўды смелы чалавек. Дзіўна толькі, чаму ўсё атрымлівалася ў яго ў нейкім жартоўным, бяздумна-дзівацкім тоне – ці сапраўды ўсё так і было зухавата-лёгка, ці тыя здарэнні не пакінулі сур’ёзнага следу ў душы чалавека. Старшына расказаў, што ідзе ад самай граніцы, што ў адным месцы яны захапілі танкетку, і, пераапрануўшыся ў немца, Агальцоў на ёй даў бой у нейкім мястэчку. Расказаў, нібы яны ўзялі ў палон нямецкага оберста, цягнулі яго з сабой некалькі дзён, аж пакуль самі не трапілі ў бяду. У доказ сваіх геройстваў старшына паказваў нямецкі аўтамат, новенькі пісталет «вальтэр» і пілотку, прастрэленую ў двух месцах. I нарэшне хлопец паведаміў, што яны добра адпачылі на гэтым хутары – былі і маладзіцы, было і закусіць, і выпіць, і тры дні прайшлі, як на вяселлі.
        Старшына са сваімі людзьмі прынёс нешта новае, бесклапотнае і лёгкае ў настрой гэтай групы. I сержант, і Нупрэеў з дзедам даўно ўжо не назіралі гэткага людскага аптымізму ў той страшны час. Аднак самі яны былі вельмі ўражаны перанесеным горам, і таму гэтая лёгкасць здавалася ім цяпер проста недарэчнай. Яны моўчкі слухалі зухаватыя апавяданні, але, бадай, не падзялялі захаплення расказчыка. Пятрусь, неўпрыцям, пазіраў на сваіх людзей і на разведчыкаў – і бачыў вялікую розніцу, якая таілася не толькі ў выглядзе, але і ў маральным стане гэтых людзей.
        Чакаць разладу давялося нядоўга. Увечары змораныя дзед і Нупрэеў, заўважыўшы яшчэ горшы стан сержанта, які ледзь плёўся за групай, прапанавалі пераначаваць у лесе. Старшына не пярэчыў супраць прыпынку, і яны выбралі невялічкі кавалак бярэзніку ў ярыне. Побач быў лес, а ўнізе, у канцы ячменнай нівы, пачыналася балота.
        Людзі пападалі на ўзлессі на лісцвяны грыбны дол і моўчкі ляжалі, чакаючы, пакуль збольшага ўтаймуецца стома. Тым часам паволі цямнела, вельмі хацелася спаць, і сержант занепакоіўся:
        – Трэба паставіць варту, – сказаў ён.
        – Ну, вядома, – зашавяліўся ў траве Нупрэеў. – Каб ужо па-вайсковаму.
        Тады з бярознага вецця пагардліва азваўся старшына:
        – Во задумалі што! Каго тут баяцца!
        – А як жа? – стрымана запярэчыў сержант. – Мы ж вайсковыя людзі. Рознае можа здарыцца.
        Старшына абыякава махнуў рукой. Ён соладка раскінуўся на мяккім травяністым доле – праставалосы, у расшпіленым мундзіры. Ён прытаміўся, адпачываў, і было падобна на тое, што ўсе іншыя турботы цяпер былі вельмі далёка ад яго.
        – Баязліўцы! Нічога не здарыцца.
        Сержант маўчаў, адзначыўшы ў думках, што характар бесклапотнага разведчыка даволі ўпарты. Ён падумаў крыху і сказаў Нупрэеву:
        – Вы павартуйце ў першую змену, а потым разбудзіце мяне.
        – А ты ўжо мяне, – уставіў дзед. – Як бы ў каравуле.
        Змораныя людзі адразу суцішыліся, паснулі дзе сядзелі, а Нупрэеў узняўся на варту.
        Так яны ўтрох, укараціўшы сабе дарагі адпачынак, дзяжурылі да світання, а на золку з цяжкімі галовамі адправіліся ў шлях. Ніхто з іх не папракнуў спадарожнікаў, але ім было няёмка глядзець у іхнія вочы, размаўляць з імі, бадзёрымі і свежымі і да таго ж маладымі. Сержанта вельмі ўразіла гэтая першая нязгода ў калектыве, і, затаіўшы крыўду на старшыну, ён чакаў зручнага выпадку, каб сур’ёзна пагутарыць з ім.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.