РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

        
        Ужо на змярканні да атрада далучылася яшчэ дванаццаць байцоў.
        Іх недзе напаткаў дазор, і Жук выправіў іх з дазорным насустрач калоне. Яны нечакана з’явіліся з-за ячменнага пагорка ў полі, і сержант аж спалохаўся, убачыўшы столькі людзей. Але дазорны падаў голас, і Пятрусь, не разумеючы яшчэ, у чым справа, спыніў байцоў. Зблізку ён ўбачыў, што гэта былі свае, і ў хлопца адлегла ад душы. Да яго разам з дазорным падышоў нізенькі бялявы малодшы лейтэнант, ён з павагай зірнуў на сержанта, на яго сцяг і па-сяброўску падаў руку.
        – Давай, сержант, разам шукаць удачы. Толькі туды вы дарэмна кіруеце: там нямецкія пантанёры ўсе дарогі забілі – і ў вёсцы, і ў лесе.
        – А вы там былі? – запытаў Пятрусь.
        – Ага. Мы адтуль. Тыцнуліся, пастралялі і назад. Трэба браць лявей, можа там як.
        Яны выйшлі на пагорак і нейкі час пазіралі ў ахінутую ўжо вечарам лясную далячынь. Недзе наперадзе раскацістым рэхам грукацела бойка – чуваць было, як роўна, з пэўнымі прамежкамі рваліся міны. Аднекуль з-за лесу ўзляцела ўгору зеленаватая чарга трасіруючых куль, недзе далёка раўлі, пэўна, буксуючы, танкі. Толькі ззаду было спакойна, а так усюды чулася прысутнасць войска, трывожнае дыханне вялікай затоенай сілы вайны.
        Хлопец добра ўяўляў сабе, што варта толькі няўдала сунуцца ў гэтую гушчыню войска, як ад іхняй невялікай групы нічога не застанецца.
        Людзі спадзяюцца на яго, думаюць, што ён усё ўжо абдумаў і ведае нейкі спосаб перайсці фронт. Надвячоркам ён падслухаў, як нехта ў калоне нягучна сказаў: «Глядзі, а сержант гэты талковы, ён, бадай, выведзе...». Ён тады аж счырванеў, пэўна, ад тых слоў, так яму здалося, што людзі памыляюцца ў ім. Бадай, не вельмі ён талковы – нялёгкі клопат займае зараз яго галаву, і ён не ведае, як зрабіць, каб выйшла лепш. Складаная справа выпала на яго долю. Калі б тут быў іх камандзір палка ці Петрусёў камандзір узвода, ужо яны надумалі б, як ашукаць ворага, як прабрацца да сваіх, – яны былі вучоныя і ведалі ўсе таямніцы вайсковай тактыкі. А сержант Кляновіч, як сляпое кацянё, на ўласных хібах пазнае тую навуку жахлівай барацьбы. З узгорка яны падаліся ўлева, як раіў малодшы лейтэнант. Маленькі, аброслы рудым шчаціннем, ён здаваўся маладжавым. Але на гэтым твары ляжаў такі ж трывожны клопат, які непакоіў і сержантаву душу, але камандзір, відаць, хаваў ад людзей тую трывогу і падбадзёрваў сябе і байцоў.
        – Дзе-небудзь праскочым, – казаў ён, таропка крочачы за сержантам. – Не можа таго быць, каб не праскочылі.
        Доўгі ліпеньскі дзень канчаўся позна, ноч была кароткая, і ў Петруся з’явіўся новы непакой ад думкі, што яны спозняцца і не ўправяцца да ранку. Ён ужо колькі разоў ціха камандаваў калоне «шырэй крок» і сам спяшаўся, але змораныя ногі хутка запавольвалі хаду. Урэшце яны зноў ўзбіліся на палявую дарожку і пайшлі па ёй. Грукат бою ўночы пацішаў крыху, толькі яшчэ ў розных месцах за лесам бухалі гарматы, і небакрай раз-пораз успыхваў ад дрыготкага святла ракет.
        У кусцістай балацявіне, на нізкім разбураным мастку яны дагналі галаўны дазор. Жук і хлопцы зморна сядзелі на ўцалелай перакладзіне, а ля іх стаяў нейкі чалавек з аброццю. Відаць было па ўсім, што яны чакалі калону.
        – Ну, што спыніліся? – запытаў сержант, падыходзячы да іх.
        Жук устаў з бервяна і кіўнуў галавой на чалавека:
        – Вось дзядзька кажа, немцы там: з’язджаюць з дарогі і разгортваюцца ў полі.
        – Так, так, – пацвердзіў чалавек, бразгаючы цуглямі. – Усё едуць і едуць. Нейкія машыны вялікія, танкі гэтыя, забілі ўсё поле, патапталі, панішчылі ўсё, каб іх вантробы панішчыла.
        – А нашы даўно былі тут? – запытаў малодшы лейтэнант.
        – Учора, толькі ўчора, людцы добрыя. Прайшлі каля вёскі, і вось мы ўжо пад немцам.
        Пятрусь маўчаў. Побач на дарозе маўкліва стаялі людзі, яны пільна ўслухоўваліся ў іхнюю размову і пазіралі на камандзіраў, пэўна, чакаючы ад іх разумных каманд, удалых рашэнняў. Малодшы лейтэнант таксама маўчаў, толькі чухаў няголеныя сківіцы і аглядаў наваколле. – Дзядзька, скажы нам, дзе можна перайсці да нашых, каб на немцаў не натрапіць? – запытаў сержант.
        – А хто ж яго ведае, – няўцямна паціснуў плячыма чалавек. – I там едуць, і там страляюць. Хіба толькі ў Гнілаўшчыне няма.
        – А што гэта за Гнілаўшчына?
        – Ды балота такое. Гэта вам трэба вярнуцца назад і прайсці вярсты з тры, а потым, значыць, па правую руку будзе Лозіна, а вы яшчэ пройдзеце... – Ну яе тую Лозіну, – перабіў малодшы лейтэнант. – Назад вяртацца не будзем.
        Пятрусь незадаволена паморшчыўся: ён таксама не хацеў вяртацца назад. Мо’ там і сапраўды лягчэй было прабрацца да сваіх, але ісці зараз назад проста адмаўляліся ногі.
        I яны вырашылі ісці наперад. Пераскочыўшы канаву, сержант рашуча накіраваўся ўдоўж ручая па мокрай пожні. Чалавек пакорліва сказаў на развітанне: «Ну, памагай вам Бог», і, чамусьці зняўшы шапку, усё стаяў на мастку і глядзеў услед байцам.
        Такім чынам выбар быў зроблен. Можа, і гібельны ён, а можа і ўдалы, але ўжо не было сіл больш чакаць. Няхай будзе што будзе – яны пойдуць уначы на страляніну, і не пашанцуе перайсці ціха – будуць прабівацца з боем. Хлопец адчуваў, што і людзі той жа думкі, усе падцягнуліся ў калоне, прыціхлі, іх сэрцы чулі важнае, цяжкае і рашучае і рыхтаваліся да яго.
        Па начы яны перайшлі забалаць, потым нейкі гаёк. Рухаліся цяпер шнурком, адзін за адным і вельмі ціха. Сержант папярэдзіў, што цішыня – палавіна поспеху ў іх рызыкоўнай справе, і байцы памяталі гэта. Праўда, часам трашчэла пад нагой якая галінка, зрэдку натыкаўся на ламачыну які баец – на яго ціхенька шыкалі суседзі, і зноў усё сціхала. Дазор з Жукам наперадзе таксама ішоў шнурком, кожны як-колечы бачыў пярэдняга і кіраваў следам.
        Усё ішло ладна, толькі ў адным месцы ледзь не сталася бяда. На нейкай пожні бліз дрэў, што чорнай кучай высіліся ў небе людзей спудзіў нечаканы ўскрык:
        – Вэр да? Пароле!*
        Пятрусь адразу стуліўся на росным доле, за ім спрытна ўлегла калона, дазорцы, прыгнуўшыся, падаліся назад. Добра, што трава на пожні была густая, галлё не траплялася і нішто не выдала людзей.
        – Воцу шрайст ду Пауль? Гейт да еманд?
        – Гейт одэр ніхт, кан іх вісэн.
        – Кватч.**
        Паляжаўшы крыху, сержант узняўся і павярнуў у бок, за ім пацягнуліся ў змроку людзі. Жук хутка абмінуў яго, шапнуўшы, што пойдзе ўперад, следам падаліся дазорныя.
        З гадзіну байцы ішлі па нейкаму полю, сержант часта прысядаў, азіраўся наўкола. Стала зусім ціха. Спыніліся, змоўклі ўсе гукі вайны, і хлопец ужо пачынаў сумнявацца, ці не страціў ён кірунак. Ён прыгадваў у памяці свой начны маршрут, і чамусьці выходзіла, што яны робяць кола і ідуць назад, туды, адкуль выйшлі. Ён ціха пытаў у суседзяў, ці не здаецца ім, што яны ідуць не туды. «Здаецца, трэба лявей браць, – шаптаў малодшы лейтэнант. «Ды ну, лявей, – казаў Мацейка. – Правей трэба». «Ну вось, – думаў сержант. – Вось і вывеў! Чорт бы ўзяў гэтую ціш, хоць бы стрэл дзе».
        Яны ўсё ішлі па нейкай збажыне, наўскасяк перайшлі палявую дарожку, і тады раптам злева, зусім недзе блізка, парушыла цішыню кулямётная чарга. Яна заціхла, і рэха далёка аднесла ў ноч яе грукатлівы адгалосак. Людзі зноў спыніліся, прыслухаліся, але стрэлаў больш не было.
        Пятрусь тады зразумеў, што гэтае блуканне не давядзе да дабра. Ён яшчэ прайшоў трохі па збажыне і спыніў калону ў жыце, на шырокім узмежку, дзе высілася ў начным небе доўгая шарэнга маўклівых таполяў.
        – Ну, што далей? – запытаў малодшы лейтанант.
        – Трэба выявіць, дзе мы. Так нельга блукаць. Можа, мы зноў да немцаў ідзём.
        – Вось што, – дадаў сержант, падумаўшы. – Баец Жук, баец Мацейка пойдзеце ў разведку. Трэба знайсці якую вёску і распытаць у жыхароў абстаноўку. Мы будзем чакаць тут.
        Хлопцы ямчэй паддалі на плечы зброю і сышліся разам ля сержанта, а людзі адразу памкнуліся долу.
        – I я пайду з імі, – сказаў малодшы лейтэнант.
        Яны ўтрох адышлі ў збажыну, прыслухаліся, згадваючы, у які бок падацца. Потым зашамацела жыта, і хлопцы прапалі ў цемры.
        «Ну вось і вывеў, – з’едліва дакараў сябе ў думках Пятрусь, – вось і спраўдзіў людскія надзеі. Развіднее – немцы ўбачаць дурных начлежнікаў і дадуць тады. Тут ужо наўрад ці дапамогуць хуткія ногі».
        Ішоў час, а разведка не вярталася. Пятрусь сядзеў усё, абхапіўшы калені рукамі, і думаў, што рабіць, калі Жук і хлопцы нічога пэўнага не прынясуць з сабой. Потым ён устаў, каб адагнаць ад сябе сон, і прайшоўся пад таполямі. Як заўсёды, скарыстаўшы прыпынак, людзі спалі ці мо’ так ляжалі, прыціхшы. Пад дрэвам нехта летуценна праказаў, ні да каго не звяртаючыся: «Эх, бычка б дзе знайсці, так курыць хочацца...» У другім месцы двое, пэўна, сябры ціха размаўлялі між сабою. Хлопец падумаў: мяркуюць што пра іхнія трывожныя справы, услухаўся – не. Адзін расказваў другому пра даваеннае жыццё, сям’ю, людзей, – пра справы, вельмі далёкія ад гэтых таполяў і гэтай трывожнай няпэўнасці. Пятрусь прыгадаў тады і сваё асабістае: родныя месцы, што недалёка недзе раскінуліся тут, старую матулю. Як яна, напэўна, бядуе там – і за сям’ю, і за свайго «старшанькага». Пэўна, думае, дзе ён, ці жывы, а ён вось зусім блізка ад яе і жывы, толькі вельмі нешчаслівы ад розных вайсковых няўдач.
        Хлопец прыйшоў у хвост калоны, тут на самаробных з жэрдак насілках ляжалі чацвёра цяжка параненых. Адзін ўсё стагнаў вельмі, нехта шавяліўся над ім. Пятрусь ціха спытаў, дзе Нупрэеў.
        – Тут я, сержант... – ціха азваўся баец.
        Сержант падышоў да дрэва, нахіліўся над чалавекам.
        – Ну, як вам, дзядзька Нупрэеў. Баліць вельмі?
        – Так, ці ведаеш, душыць усё. Не так баліць, як душыць. I кашлянуць нельга, – шэптам казаў чалавек.
        – Ну, нічога. Патрывайце як-небудзь. Цяпер ужо блізка, – ціха супакойваў камандзір.
        – Блізка, то блізка... але і далёка. Вёрст нямнога, ды цяжкія... тыя вёрсты. Асцерагацца трэба....
        Пятрусь маўчаў, прыдушаны цяжарам клопату. Нупрэеў, відаць, зразумеў яго перажыванні і ў сваю чаргу пачаў супакойваць хлопца.
        – Не бядуй... нічога. Як-небудзь абыйдзецца...
        – Ведаеце, дзядзька Нупрэеў, можа лепей было б дзе захавацца ў лесе, дачакацца відна ды разгледзець, разведаць усё. А так чорт яго ведае, дзе што.
        – Не, чакаць не трэба, – ледзь чутна пярэчыў Нупрэеў. – Ля перадавой небяспечна чакаць. Усюды ў полі салдаты... То сувязісты, то пасыльныя. Артылерыі поўна... Адразу заўважаць.
        – Ну, а так што ж рабіць? А калі тут убачаць?
        – Навошта? Да золаку трэба выйсці, – спакойна даводзіў баец, і ад гэтага яго спакою і ўпэўненасці лягчэй стала і на хлапечай душы. Ён падсунуўся да старога і ціха сказаў яму тое, што зараз вельмі непакоіла самога:
        – Скажыце, няўжо можна, каб пасля ўсяго, што мы стрывалі, магло здарыцца якое горшае ліха?
        – Ну, як сказаць... – ціха разважаў паранены, – здарыцца ўсё можа. Хіба доўга... зноў напароцца дзе... Глядзець трэба... Думаць... Мала сілы – на хітрасць браць... як казаў той...
        «Эх, няўжо не ўдасца, няўжо напорамся дзе і загубім усіх, – пакутаваў сержант. – I невядома тады, ці ўдасца зноў выратаваць сцяг!»
        Калі вярнуліся разведчыкі, мабыць, было ўжо недалёка да раніцы. Сержант сам замест вартавога сустрэў іх над таполямі – яны моўчкі ішлі па ўзмежку. Перад хлопцам чамусьці спынілася чатыры постаці і, адчуваючы, як зноў трывожна забілася ў грудзях яго сэрца, Пятрусь знарок спакойна запытаў людзей:
        – Ну як?
        – А вось так, – зморана адказаў малодшы лейтэнант. – Справа швах. Трэба спяшацца.
        – Трэба зараз жа ўзнімаць людзей і ісці. Вось чалавек дапаможа, – дадаў Мацейка.
        – Ну вы расказвайце па-людску, – нецярпліва перабіў сержант і сеў на дол. Разведчыкі таксама селі. Мацейка і малодшы лейтэнант – бліжэй да камандзіра.
        – Справа такая, – пачаў лейтэнант. – Недалёка Дняпро. Нашых да гэтай вёскі, як яе? – звярнуўся ён да невядомага.
        – Да Клясціч, – адгукнуўся той.
        – Да Клясціч, значыць, нашых на гэтым беразе няма. А каля Клясціч пераправа. З поўдня часці і грузы яшчэ перапраўляюцца на той бок, ну немцы і б’юць захапіць пераправу. Там ідзе люты бой ужо два дні. Сёння штось заціхла, але вось чалавек кажа, яны напёрлі новай сілы і заўтра, пэўна, удараць.
        – Так, так, – ажывіўся сержант. – Значыць, заўтра ўдараць на пераправу? А дзе, далёка гэтыя Клясцічы?
        – Ды якое далёка – блізка, вярсты з чатыры, – заварушыўся ў цемры незнаёмы.
        – Слухай, вось мы яго ўзялі ў праваднікі, – растлумачыў малодшы лейтэнант.
        – Так, так, разумею, – задуменна казаў сержант. – Ну што ж! Давай!
        Мацейка ўзрадавана ўсхапіўся на ногі.
        – Ну вось, я ж казаў. Ударым, лупянём, каб пух-пяро з іх пасыпалася. Яны ў нас пабачаць пераправу. Толькі б час такі выбраць: каб цюцелька ў цюцельку, не раней і не пазней...
        Сержант падбег у цемры да Нупрэева і коратка паведаміў яму аб новай задуме. Баец з уласцівай яму стрыманасцю выслухаў Петруся, падумаў крыху і пагадзіўся.
        – Толькі глядзі, хлопец, – дадаў ён з долу, – ты камандзір, табе і адказваць за ўсё.
        Пятрусь ужо добра адчуваў тую адказнасць, але намер яго ад гэтага не змяніўся. Яны ўсе кінуліся ўзнімаць людзей, і ў сержантавай галаве ўжо несліся новыя думкі – новы запал барацьбы захапіў яго, і ад былых пакут і сумненняў не засталося і следу.
        
        
        
        ––––––––––––
        * Хто? Пароль!
        ** Чаго ты крычыш, Паўль? Ідзе хто?
        – Ідзе ці не, што я магу ведаць.
        – Глупства! (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.