РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

        
        У гушчары лесу байцы ладкаваліся на адпачынак.
        Снедалі зноў адным хлебам – дарэчы, апошнім кавалкам у дзедавай сумцы. Праўда, у пагранічнікаў быў пачак трафейнага цукру-рафінаду, які яны гасцінна выклалі на агульны стол. Пры ўсеагульнай увазе дзед як-колечы раздзяліў гэты набытак на дзевяць частак і паглядзеў на старшыну, злоснага і галоднага, які сядзеў побач і ўсё бурчэў нешта пра харчовыя парадкі.
        – А чаму не дзесяць? – запытаў сержант, паказваючы вачыма на хлебныя кавалкі.
        – А навошта дзесяць? – здзівіўся дзед. – Нас жа дзевяць.
        Сержант бачыў не дужа схаванае прытворства ў вузенькіх дзедавых вачах, пазлаваўся на яго ўпартасць, але знешне спакойна напомніў:
        – А немцу?
        Дзед зноў пачаў лаяцца, праклінаць «германскую халеру», але ўсё ж аддзяліў патроху ад кожнага кавалка, і такім чынам на зрэбнай тарбінцы з’явілася дзесятая порцыя. Немец сядзеў тут жа, упёршыся ў дол рукой, і паныла назіраў за падзелам харчу.
        Усе ўзялі сабе па кавалку, Жук падаў палоннаму яго долю. Той здзівіўся спачатку, нешта закруціў галавой, але ўрэшце ўзяў і спраўна ўплёў хлеб з цукрам, не пакінуўшы і крошак.
        Сонца ўзнімалася над сасняком, у небе стаялі нерухомыя хмурынкі, у засені на траўцы яшчэ трымалася начная раса. Дзень меўся быць спякотны. Пятрусь вырашыў адпачыць да адвячорка, і хлопцы ахвотна палезлі ў небагатыя хваёвыя цені.
        Пятрусь таксама прытуліўся пад ядлоўцавы куст, але добры сон так і не прыйшоў да яго. Зранку непакоілі мухі, потым спёка, а болып – нейкая насцярожанасць ад прысутнасці ў групе новых людзей і асабліва палоннага. Зноў жа начное знікненне Калдобінскага моцна ўразіла сержанта, прымусіла яго зірнуць і на свайго чалавека, байца, з другога боку. Як толькі прыпамінаў ён, што Калдобінскі часам стаяў на варце, калі спалі ўсе, і што ён шмат разоў мог украсці сцяг і знікнуць з ім, дык нейкая душэўная сутарга ўскалыхвала хлопца, і ён адразу абуджаўся з дрымоты.
        «Хто яго ведае? – думаў Пятрусь, заплюшчыўшы вочы, – мо’ ён і не злыдзень, не здраднік, мо’ проста слабы баязлівы чалавек, ну і не вытрымаў, збаяўся. Мо’ гэта нават і лепей, што ён паціху знік без шкоды іншым, чым калі б дзе ў крытычны момант сапсаваў якую справу. А немец? Што рабіць з ім? Агальцоў і дзед упарта дамагаюцца забіць яго, але знішчаць яго будзе ўжо зусім не па-людску. Відаць па ўсім, ён чалавек працоўны і не які там фашыст, паранены да таго ж. Але весці яго з сабой таксама рызыкоўна, як і пусціць да сваіх».
        Надвячоркам, калі людзі зноў сабраліся ў сваю бясконцую дарогу, сержант крануў немца за плячо і паказаў галавой, каб той ішоў за ім. Палонны хуценька ўзняўся і з салдацкай гатоўнасцю падпарадкавацца, абапіраючыся на палку і прыступаючы на забінтаваную пятку, падаўся за сержантам. На яго твары ляжаў глыбокі сум чалавека, прыгаворанага да смерці.
        Сержант адвёў яго так, каб не бачна было іх стаянкі, і ляпнуў па плячы.
        – Не палохайся, страляць не буду, – сказаў ён, усміхаючыся. – Але не здумай ваяваць больш. А цяпер ідзі туды, – ён махнуў у напрамку дарогі.
        Нешта бліснула ў вачах палоннага, ён устрапянуўся ўвесь і ўхапіўся за сержантаву руку. Петрусю здалося, што ён хоча пацалаваць гэтую руку, і хлопец вызваліў яе. А немец, моцна кульгаючы, хуценька падаўся да дарогі, штохвілінна азіраючыся, жаласліва неяк усміхаючыся. Урэшце ён, здаецца, пабег у гушчар.
        Пятрусь задумліва пастаяў яшчэ на тым месцы. Ён не ведаў, ці так зрабіў, як патрабаваў вайсковы абавязак, мо’ ён і памыліўся тут, падараваўшы жыццё ворагу. Але неяк ён не мог забіць таго чалавека – такая ўжо, пэўна, была яго слабасць.
        Калі ён вярнуўся адзін, старшына сустрэў яго позіркам, поўным здзіўлення:
        – Пусціў?
        – Пусціў.
        – Дурань! – коратка вызначыў хлопец. – Пабачыш, як ён заўтра табе галаву прастрэліць.
        Рэштку таго дня яны паціху ішлі воддаль дарогі, але ўвесь час стараючыся трымаць яе ў полі зроку. Часам яна знікала за пагоркамі і ляскамі, але потым зноў з’яўлялася, бліскаючы дзе на павароце, ззяючы бялюткімі ізалятарамі на слупах. I ўсё пылілі, пылілі па ёй шматлікія аўтакалоны, матацыклы і фурманкі. Сержант са старшыной усюды, дзе бачна было, назіралі за ёй. Пятрусь маўчаў, сцяўшы вусны, а Агальцоў казаў, злосна бліскаючы чорнымі вачыма:
        – Чакай, сцямнее – мы табе наладзім музыку.
        Яму вельмі спадабалася ўчарашняя язда, і ён усё чакаў ночы, каб зноў захапіць «добры дрындулет». Але здарылася так, што ўжо ні старшыне і нікому з іх групы не давялося больш пракаціцца па спакуслівай ладнай дарозе.
        Ужо незадоўга да захаду сонца яны ўсёй групай узняліся па духмянай збажыне на пагорак з некалькімі развалістымі старымі соснамі. Як выявілася зблізку, тут былі могілкі, недалёка ўнізе тулілася ў садках вёска. У Петруся яшчэ з дзяцінства захавалася да могілак нейкае няпэўна прыкрае адчуванне, і ён, пэўна, абмінуў бы іх, але трэба было ўгледзець, дзе апынулася тая дарога. Вузкай сцяжынкай між абкладзеных каменнямі магіл яны з Агальцовым падышлі да таўшчэзнай сасны, што некалькі асобна ад сваіх суродзічаў высілася над крыжамі на самай выспе. Нупрэеў з дзедам і астатнія байцы засталіся на вобмежку.
        Дарога была недалёка. Яе стужка віднелася то там, то тут, перабягала нізінкі і хавалася за пагоркамі. Пятрусь ужо нагледзеў, куды кіраваць адсюль, каб не адбіцца ад яе да ночы, і тады нечакана ўвагу абодвух прыцягнула не зусім звычайнае відовішча.
        Не дужа далёка, мабыць, кіламетры з два цераз нізіну, з-за пагорка з’явіўся на дарозе нейкі натоўп людзей. Адсюль нельга было разгледзець, было гэта войска, ці простыя людзі, як яны ішлі і што неслі з сабой. Але было відавочна, што там вельмі многа людзей – галава гэтай працэсіі спускалася ўжо да нізу пагорка, а канца яшчэ не бачна было. Яна рухалася марудна, ці мо’ гэта здавалася так здалёку, вецер адносіў з дарогі ўзняты нагамі пыл.
        Хлопцы ўпіліся вачыма ў тое шэсце, прыўзняліся за сасной. Агальцоў высока на лоб ссунуў свае прыгожыя бровы і няпэўна вымавіў:
        – Немцы?! Ці не адступаюць?
        Але гэта былі не немцы. Калі ўся калона выцягнулася на адхон пагорка, Пятрусь разгледзеў там знаёмыя постаці ў жаўтлявых, выгарэўшых кашулях, прыкмеціў, як бяссільна сунуцца яны па пыльнай дарозе, не ўзнімаючы ад зямлі сваіх ног. А абапал калоны праз колькі крокаў адзін ад аднаго з нарыхтаванымі аўтаматамі ў руках ішлі немцы.
        Старшына таксама хутка зразумеў у чым справа, і яны паглядзелі адзін на аднаго тымі выразнымі кароткімі позіркамі, у якіх было і хваляванне, і рашучасць, і ўзаемнае разуменне.
        – Слухай, давай назад, туды, дзе лясок! – шапнуў старшына, які, як заўсёды ў такіх выпадках, адразу ўзгарэўся імклівым намерам.
        – Чакай, трэба палічыць, колькі іх.
        Яны ўдвух, наколькі гэта было магчыма здалёк, палічылі канваіраў. У Петруся іх набралася трыццаць, у Агальцова – дваццаць шэсць.
        – Шмат, халера, – сказаў ён.
        – Шмат, а як зробім? – пытаў сержант, напружана думаючы, як адолець гэткую групу добра ўзброеных, гатовых да бойкі ворагаў. Але Агальцоў таксама не меў ніякага плана, а час ішоў, калона набліжалася, і трэба было нешта рабіць.
        Хлопцы адскочылі ад сасны, кінуліся да сваіх.
        – У ружжо – бегучы, крыкнуў Пятрусь. – За мной!
        З усяе сілы ён пусціўся па збажыне ў лагчыну, за якой на другім пагорку пачыналася кустоўе і дзе павінна была недзе праходзіць тая дарога. Урассыпную за ім кінулася восем байцоў, лічачы і дзеда, які ва ўсіх вайсковых справах, як умеў, хадзіў пад маладых.
        Абліваючыся потам і перакідваючы з пляча на плячо пацежалелы аўтамат, Пятрусь імчаў па кустоўі. Ён усё непакоіўся, каб не спазніцца выйсці на дарогу і каб не згубіць часам каго ў гэтых зарасніках.
        Дарога ўрэшце з’явілася перад байцамі – яна тут пралягала па адхоне, зарослым алешнікам і ляшчыннікам. Месца было не дужа здатнае для засады, кустоўе нясмела тоўпілася крокаў у дваццаці ад дарогі і бліжэй не падступала да яе. Гэтая яе старана ад канавы ўзнімалася на пагорак, а тая адхоніста спускалася ўніз, дзе не дужа густое кустоўе хутка знікала і пачыналася сенажаць.
        Тым часам вечарэла. Сонца вялікім чырвоным колам спускалася з небасхілу. Было цёпла, над кустоўямі і людзьмі мітуслівымі чародамі таўкліся камары.
        Пятрусь зморана ўпаў пад бухматым кустом ляшчынніка, побач укленчыў старшына, да іх пакрысе сабраліся астатнія. Калона і немцы павінны былі неўзабаве з’явіцца, а як вызваліць палонных, ніхто не ведаў.
        – Страляць, брат, нельга, – непакоіўся старшына. – Сваіх паб’ём.
        Яны ўсё пазіралі ўправа, дзе з-за павароткі пачыналася дарога, чакалі і да болю ў галаве згадвалі, што зрабіць, як пабіць фашыстаў і не патрапіць у нашых. Але як ні думалі, а нічога надзейнага не прыходзіла на думку.
        – Паслухайце мяне, старога, – азваўся ззаду дзед і падышоў да хлопцаў. – Калі вось што зрабіць. Калі выйсці адкрыта каму, скажам, і мне, і крыкнуць так нашым: ратуйце, біце нёмцаў. Га? Можа і выйдзе?
        – А нішто ўдумаў, – пагадзіўся старшына. – Толькі так: хай самі б’юць, усё ж іх вунь колькі! А мы для страху сыпанём паверху.
        Не дужа гэта была надзейная задума, але іншай не ставала, і сержант мусіў згадзіцца.
        – Дзед, а як жа ты са зброяй? – спытаў ён старога.
        – А навошта зброя? Я так. Мірны жыхар быдта. Крыкнуў – і ходу. Каб толькі яны зразумелі.
        Байцы разышліся па ўскрайку кустоў, ля Петруся непадалёку застаўся Агальцоў, з другога боку – Нупрэеў. Усе сцішыліся і ўставіліся вачыма на дарогу.
        Першымі з тае калоны паказаліся з-за павароткі чатыры канваіры ў чорнай эсэсаўскай форме, са свастыкамі на рукавах. Яны нетаропка ішлі па дарозе, трымаючы на грудзях аўтаматы, адзін, сярэдні, адзеўшы рамянём на шыю, нёс кулямёт. За імі выніклі першыя шэрагі палонных. Наперадзе, абняўшыся, ішлі двое; адзін трымаўся за другога, відаць, мацнейшага сябра, моцна кульгаў, уся яго галава і нават вочы былі абвязаны акрываўленымі бруднымі бінтамі. Гэткія ж бінты часта мільгалі ў той калоне, усе ішлі вельмі марудна, а па баках, як сабакі на ланцугах, снавалі салдаты з аўтаматамі. Яны, пэўна, занепакоіліся зараз, уваходзячы ў лес, і, злосна пакрыкваючы на палонных, цясней збівалі калону.
        Так уся гэтая грамада людзей сунулася ўсё бліжэй і бліжэй. Петрусёва сэрца паныла здрыганулася ў грудзях, калі ён убачыў, якія гэта знясіленыя і да таго ж многія параненыя людзі. Ці маглі яны здолець гэткую да зубоў узброеную і насцярожаную варту? Але змяніць намер было ўжо нельга, і неўзабаве ў пакутлівыя хвіліны чакання ля дарогі вынікла аднекуль маленькая, шэрая і такая несамавітая дзедава фігурка. У той жа час неспадзявана зычны яго голас гойкнуў над прасторамі:
        – Браточкі! Бі фашыстаў! Нашы ў лесе!
        Невядома, ці зразумеў хто яго крык, як тое здалося немцам, аднак з абочыны коратка тыркнула чарга – дзед пахіліўся, бы п’яны, хіснуўся ўбок і ўпаў на зямлю. А калона рухалася сабе далей, толькі, здаецца, штось сталася там, і рады яе скалануў невыразны і нерашучы, яшчэ мітуслівы рух.
        Нейкая чорная віхура роспачы ад усведамлення няўдачы падхапіла сержанта. Нічога яшчэ не адчуваючы і дрэнна нават разумеючы, што робіць, ён усхапіўся з месца, каб кінуцца з аўтаматам на ворагаў, але Нупрэеў з долу стрымаў яго за нагу.
        – Стой! Куды? Сцяг давай! Сцяг!
        Пятрусь зразумеў чалавека, ірвануў з плеч клунак і выхапіў сцяг. Нупрэеў сунуў яму нейкі кій, і яны двума вузламі па рагах прымацавалі сцяг да гэтага несамавітага дрэўка. Апантаны ад крыўды дзедавай няўдачы Пятрусь выскачыў з падлеску і з разгорнутым сцягам кінуўся ў натоўп на дарозе. За ім узняліся астатнія і, ударыўшы з усяе зброі над галовамі людзей у калоне, атакавалі гітлераўцаў.
        I тады нейкая незразумелая і неадчутая Петрусём сіла ўскалыхнула дарогу, і калона на ёй перастала існаваць. Людзі, бы мурашкі ў муравейніку, кінуліся ва ўсе бакі, адусюль загрымелі стрэлы, ва усіх кірунках панесліся кулі, ашалела дзёўбаючыся ў сухую зямлю, навылёт прабіваючы чалавечыя целы.
        Падбягаючы да канавы, Пятрусь адчуў, як нейчая чарга сцебанула па палотнішчы, хлопец ірвануў сцяг да сябе і, абараняючыся, ускінуў руку з пісталетам. З дарогі ў яго цаляў аўтаматам рыжы немец, але толькі на момант мільганула ў зроку яго постаць, як зараз жа ён знік, некім збіты ў канаву. Немец крутнуўся, бы вужака, сілячыся ўхапіць упушчаны аўтамат, але сержант стрэліў у ворага і ўзбег на дарогу. Перад яго вачыма ў ашалелай разлютаванай барацьбе мільгалі нейчыя спіны, рудыя твары, нехта босы скочыў цераз канаву, нехта ўпаў побач. Сержант усхапіўся, крыкнуў: «Смерць гадам!» і зноў матлянуў над сабою распушчаным шоўкам сцяга.
        Стрэлы аднак хутка заціхлі, але ўсюды раўлі, крычалі, лаяліся людзі. Да Петруся падскочыў загарэлы потны хлопец у расхлістанай гімнасцёрцы, ужо з аўтаматам – па яго радасным і ўзрушаным твары цяклі слёзы шчасця. Адусюль да сцяга кінуліся ўзброеныя і бяззбройныя людзі, і тады сержант зразумеў, што гэта перамога. Але радавацца было некалі, хлопец імгненна вызначыў становішча і закрычаў, перамагаючы стукат уласнага сэрца:
        – У лес, таварышы! У лес, угору!
        Аднак, ап’яненыя перамогай, яны спазніліся зрабіць гэта. Ззаду, з-за павароткі раптам загрукалі нейкія незвычайна гучныя стрэлы – гулкія і паважныя. Нібы хто нетаропка стукаў па дзежцы, і наўскасяк цераз дарогу прайшлася чарга разрыўных буйнакаліберных куль. Баец, што ў гэты час бег тут, войкнуўшы, упаў вобземлю; ля канавы, закінуўшы ўгору рукі, упаў другі; нехта жаласна залемантаваў ззаду. Людзі хіснуліся ад дарогі і кінуліся ў лес. Сержант яшчэ крыкнуў, каб усе беглі ўгору і, падхапіўшы сцяг, падаўся да кустоўя. Побач цяжка бег Нупрэеў. А транспарцёр з дарогі люта паліў разрыўнымі, курылася пылам зямля, нібы яе секлі бізуном, і, гулка лопаючыся, востра пырскалі ў кустоўі тысячы асколкаў. Кідаліся з боку ў бок, беглі і падалі людзі.
        Нечаканы гэты паварот так добра скіраванай справы аднак ужо не збянтэжыў Петруся. Да яго вярнулася цвярозае разуменне ходу падзей і ён уцяміў, што галоўнае зараз – не разгубляцца па лесе, вытрымаць адзіны напрамак і найхутчэй адарвацца ад ворага. Цяпер толькі зразумеў хлопец, што доўга весці бой на дарозе яны не мелі ніякай магчымасці, бо з двух бакоў да ворага кожную хвіліну з’яўлялася падмацаванне. У тым была самая вялікая хіба сённяшняй бойкі. Кулі ўсё хлёстка трэскаліся кругом, шархацелі, асечаныя імі, галінкі; наперадзе, ззаду і па баках беглі людзі. Пятрусь таксама бег і ўсё азіраўся, каб не адстаў дзе Нупрэеў, бо калі б што здарылася з хлопцам, дык спатрэбілася б замена да сцяга.
        Але паступова страляніна пачала сціхаць, недзе на дарозе яшчэ трашчалі чэргі, але куль ужо не чутна было. Хмызняк таксама радзеў, пэўна, збіраючыся скончыцца. Напаткаўшы вузенькую лесавую дарожку Пятрусь з Нупрэевым пайшлі па ёй, ззаду ішло некалькі байцоў, і хутка яны выбіліся на лугавіну. На ўсім прасцягу той лугавіны з узлеску выходзілі людзі, яны брылі, не ведаючы куды, толькі б далей ад ворага. Па зямлі ўжо слаўся вячэрні змрок, над сырымі мясцінамі шарэла пара, чырвонымі водбліскамі свяціліся хмаркі над лесам, а на ўсходзе запаліліся першыя зоркі. Каб сабраць людзей, Пятрусь спыніўся на лузе і крыкнуў:
        – Ге-гей! Давай сюды!
        Байцы павярнулі ў яго бок, а сержант з Нупрэевым стаялі на купіне і выглядалі сваіх. Балюча сціскалася сэрца ў абодвух ад думкі, што не ўсе выйдуць з таго лесу. Вядома, шкада было ўсіх тых, хто застаўся на дарозе, хто не дабег да свайго выратавання, але асабліва ныла ў грудзях за сваіх сяброў. Пятрусь так і мітусіўся позіркам па лузе, выглядаючы двух таварышаў, і здавалася хлопцу ў той час, што нікога у яго не было даражэйшага ў жыцці за старшыну і Жука. Людзі ўсё сыходзіліся да яго, ужо набралася чалавек з паўсотні, прыйшло двое пагранічнікаў, а разведчыкаў усё не было.
        Яны, аднак, з’явіліся апошнімі ўжо ў гэтай паўсотні ўцалелых, узрушаных і ўзрадаваных людзей, якія з ажыўленай гамонкай тоўпіліся ля сцяга, утаймоўваючы сваё хваляванне і стому. Пятрусь здалёку яшчэ заўважыў хлопцаў – тыя нешта на сабе цягнулі. Людзі таксама звярнулі позіркі ў іх бок – бачна было, што яны неслі чалавека.
        Калі хлопцы наблізіліся, байцы расступіліся, даючы ім дарогу да сцяга, які трымаў сержант. I двое былых разведчыкаў моўчкі паклалі ў траву перад ім маленькае нерухомае дзедава цела.
        Змрочны і строгі ўзняўся з купіны Пятрусь, зняў пілотку Нупрэеў, у маўклівай суровасці паўсталі вакол незнаёмыя байцы. Боль і зацятая суровасць былі на тварах людзей. А дзед ціхенька ляжаў на траве, звярнуўшы да неба свой маленькі касмылявы тварык, і нешта добрае, спакойнае і светлае было ў выразе яго незаплюшчаных вачэй.
        Пасля доўтага маўчання сержант сказаў людзям:
        – Вось ён дапамог вам. Дзякуйце яму!
        Петрусю было вельмі балюча і маркотна ад гэтай смерці блізкага чалавека, аднаго з тых, хто сваімі клопатамі вярнуў да жыцця яго самога. На момант у яго вярнулася сумненне ў правільнасці ўсяго, што ён з хлопцамі нарабіў сёння. Загінуў вось дзед, а колькі яшчэ жыццяў засталося там, на дарозе і ў лесе. Але ён успомніў тады пра свае нядаўнія пакуты, пра людскія беды і небяспеку, што навісла над краінай, і хлопец перастаў сумнявацца. Ён паглядзеў на тых, што выратаваліся ад ганьбы і здзеку палону, – гэта іхняе жыццё і волю абараніў дзед і многія тыя, што ўжо не ўзнімуцца з долу. Дарагая цана! Калі б толькі людзі доўга памяталі тое і былі ўдзячныя, думаў Пятрусь.
        Старога пахавалі на ўзвышыстай імшарыне непадалёку. Стрэлаў не рабілі: шкадавалі патронаў. А калі закідалі неглыбокую магілку, Жук выразаў у кустоўі бярозавы калок, абстругаў яго і чарнільным алоўкам напісаў на вільготнай ад соку драўніне: «Тут пахаваны дзед-чырвонаармеец, які загінуў за Савецкую Радзіму». Ён утыркнуў палку ў дзярністы дол і, паскрэбшы заросшую патыліцу, падумаў, што трэба б напісаць яшчэ і прозвішча нябожчыка. Але як звалі дзеда, хлопец не ведаў. Тады ён уздыхнуў і пабег на лугавіну, дзе сержант строіў людзей, каб рушыць далей у цемру ночы, якая ўсё шчыльней ахінала прасторы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.