РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Апошні баец
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзінаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

        
        Але для размовы ён так і не знайшоў часу.
        У той жа ранак, перайшоўшы нейкую забалаць, хлопцы апынуліся перад невядомай шырокай ракою. Трохі пастаяўшы ў поплаве перад шчыльным зараснікам чароту, яны паціху пайшлі ўздоўж берага шукаць якой пераправы. Вядома, распрануўшыся, можна было б пераплысці раку (Агальцоў нават браўся зрабіць гэта тры разы запар), але ў людзей была зброя, вопратка, да таго ж, Нупрэеў адразу прызнаўся, што плаваць не ўмее. Трэба было знайсці човен, ці плыт, ці хоць бы якое бервяно.
        I байцы ішлі па беразе, намачыўшы ногі і аглядаючыся наўкола, каб убачыць што-небудзь здатнае для пераправы. Наперадзе на грудку віднеўся невялічкі хваёвы гаёк.
        – Вось там знойдзем дрэва і пераправім пяхоту, – казаў старшына, маючы на ўвазе Нупрэева. Ён па-ранейшаму быў жвавы, вясёлы, спрытны – здавалася, чалавек не ведаў ніякай душэўнай скрухі, да ўсяго ставіўся лёгка і проста.
        Але варта было ім узняцца на грудок, пад яловыя шаты ўзлеску, як вочы старшыны загарэліся новым жаданнем:
        – Браткі, гляньце: мост! Далібог мост, і цэлы, спраўны, спецыяльна для нас!
        Сапраўды, на завароце цераз раку ад берага да берага пралёг доўгі драўляны мост на цыбатых бёрнах-сваях. Там бегла дарога, яна была зараз пустая, на лужку ля моста пасвіўся стрыножаны гняды конік, на дроце ўгары, сабраўшыся ў рад, церабіліся ластаўкі.
        – Гайда! Нікога няма – пераскочым і ўсё, – настойваў старшына.
        Яны таропка выйшлі на лужок; конік, убачыўшы незнаёмых, цікаўна ўзняў голаў.
        – А давай рысака захопім, – прапанаваў Агальцоў. – Дзеду якраз па росту. Або камандзіру: на кані, пад сцягам павядзе нас, як Чапай.
        – Кінь дурэць, – коратка буркнуў сержант. – Давай хутчэй.
        Пятрусь трымаўся наперадзе і ўжо ўзбег на адхон, як ззаду данёсся да яго той самы жахлівы гук, якога асцерагаўся сержант. Ён прысеў на травяністым адхоне, зірнуў назад і адразу скаціўся ўніз. Іншыя таксама, відаць, уцямілі небяспеку і, не згаворваючыся, кінуліся ў адзінае тут сховішча – пад мост. Услед за сержантам яны ўзлезлі па адхону ў самы верх падмастоўя і, затаіўшы дыханне, напружылі слых.
        Па дарозе ішлі машыны.
        Яны набліжаліся, ужо чуваць стала, як лязгае нешта ў іх кузавах, як дрыжыць зямля; з набрынялых сырасцю бярвенняў недарэчна шархотка сыпалася зямля. «Заўважылі, заўважылі», – тачыла голаў кожнага думка і пакутліва-гарачым было жаданне, каб не спыніліся, праехалі далей. Аберуч узяўшыся за вінтоўку, насцярожана і сурова пазіраў з-пад моста Нупрэеў, старожка чакалі гатовыя да бою Жук і Калдобінскі; дзед ад напружанай увагі і чакання быццам скамянеў, адкрыўшы старэчы рот. Усе прытаіліся, маўчалі, нават Агальцоў і той шчыльна сціснуў вусны, сцяў над пераноссем бровы і драпежна схіліўся, нарыхтаваўшы аўтамат.
        Прыціснуўшыся спіной да нізкай гнілой столі, Пятрусь праклінаў старшыну і сябе за неасцярожнасць і пакутліва перабіраў у думках магчымыя варыянты выратавання. Машыны набліжаліся, і раптам гул матораў, так добра чутны тут, пад мостам, спыніўся. «Заўважылі!» – мільганула страшнае меркаванне, і, адчуўшы, як разліваецца па целе млявасць, сержант выняў з кішэні сваю адзіную гранату.
        – Хлопцы, жывымі не здавацца. Помніце: сцяг! – чужым натужлівым голасам сказаў ён і зірнуў на байцоў, каб упэўніцца, што яны падтрымаюць яго. Твар старшыны па-ранейшаму быў засяроджаны і рашучы, усмешлівы шыраканосы Жук выглядаў спакойна, быццам не разумеў яшчэ той бяды, што навісла над імі. Адзін толькі Калдобінскі неяк, нібы незадаволена зірнуў на сержанта і зноў насупіўся сваім круканосым тварам. Пад Нупрэевымі бровамі яшчэ глыбей запалі яго нетаропкія разважлівыя вочы.
        – Нічога, нічога, – зашаптаў стары баец. – Станавіцеся двое ў той бок і двое ў гэты. Дзед і сержант хай у кут лезуць. Нічога, нядужа зручна возьмуць. Хай сунуцца.
        Яны разбегліся, як раіў Нупрэеў – Жук і старшына сталі з аднаго боку, Нупрэеў і Калдобінскі з другога. Пятрусь, шырока расставіўшы ногі, застаўся на сярэдзіне, гатовы рынуцца ў любы бок. Дзеду не цярпелася на адным месцы, і ён мітусіўся па адхону, падбягаючы то да Нупрэева, то да старшыны, і ўсё шаптаў устрывожана:
        – От халера, от улезлі... Трэба ж было, га!
        Але ворагі штосьці марудзілі, і ніводзін з іх не паказваўся пад мост. Хлопцы пакутліва чакалі, пакуль новы гук не ўспалашыў усю іхнюю групу. Гэта быў моцны пляск у рацэ, услед за якім раздаўся гучны голас чужынца:
        – Цум тойфель, дэр русішэ Рэін іст ганц кляйн...1
        Сержант кінуўся да ўскрайку, высунуўся з сырой засекі падмастоўя і ўбачыў нешта нечаканае.
        Пакінуўшы, відаць, на дарозе машыны, ворагі высыпалі на лужок, дзе нядаўна ішлі хлопцы і пасвіўся гняды конік, дружна паскідалі з сябе мундзіры і з вясёлым рогатам лезлі ў ваду. Чалавек двое ўжо плылі ўшыркі ракі, некаторыя стаялі яшчэ на беразе, паціраючы свае голыя грудзі. Відаць было па ўсім, хлопцаў ніхто не заўважыў.
        Зноў не згаворваючыся, байцы кінуліся да другога боку моста, спадзеючыся па-за насыпам адбегчы далей ад гэтага месца. Аднак старшына, які першы высунуўся, зноў падаўся назад. На дарозе, ля самай узбочыны, стаялі машыны – там таксама былі ворагі, яны б адразу заўважылі байцоў.
        Як было выбрацца адсюль?
        – Ах вы, вепрукі паганыя! – абураўся дзед, – не маглі сабе іншага месца знайсці!
        – Ціха, – сказаў сержант. – З ценю не вылазіць.
        Нупрэеў усё супакойваў людзей:
        – Нічога, можа не ўбачаць. Пакупаюцца і паедуць: не на гулянку ж прыехалі.
        Але немцы, відаць, не вельмі спяшаліся. Ужо многія павылазілі з вады і разлягліся на лужку, падставіўшы сонцу блішчастыя мокрыя спіны. Некаторыя пачалі мыць сваю адзежыну.
        Невядома, колькі прайшло часу. Доўгая паласа ценю ад моста ўжо парадкам пасунулася ўбок, людзі пачалі губляць цярпенне.
        – Да вечара яны сюды дарваліся ці што? – першы не стрываў Агальцоў. – Давайце скочым на дарогу ды лупянём па ўсёй гэтай свалаце.
        – Ну, а потым? – злосна спытаў Нупрэеў. – А потым што?
        – Не, так не можна, – азваўся дзед. – Трэба чакаць.
        Пачакалі яшчэ. Сядзелі, забіўшыся ў душны смярдзючы засень, маўчалі і пакутвалі. Дзед хацеў закурыць, але сержант і Нупрэеў цыкнулі на яго, і стары схаваў свой скураны капшук. Аднойчы пачуліся недзе ля насыпу блізкія крокі – людзі зноў абмёрлі, насцеражыліся.
        – Слухайце, браткі, – ледзь чутна прашаптаў дзед, – А раптам які плюгавец па патрэбе сюды сунецца? Што тады?
        – Трэба выбірацца адсюль, – упэўнена сказаў старшына.
        Калдобінскі прапанаваў:
        – Трэба выбегчы і ўрассыпную ў поле. У жыце не зловяць.
        – Эх ты, не зловяць! – раззлаваўся Нупрэеў. – А калі падстрэляць каго? А калі сцяг?
        Зноў усе замаўчалі, пакутліва шукаючы выйсця.
        – Ах, растакую тваю, фашысцкую морду! – злосна вылаяўся старшына. – Ёсць спосаб. Я ім прыкончу гэты курорт.
        Усе з раптоўнай няпэўнай надзеяй паглядзелі на хлопца, а Агальцоў, не кажучы больш нічога, скінуў рамень, сцягнуў боты, аддаў усё Жуку. Потым ён абмацаў шматлікія кішэні свайго мундзіра – выцягнуў дакументы, паперкі і таксама перадаў іх Жуку, нарэшце дастаў з кішэні новенькі варанёны «Вальтэр», зірнуў на сержанта.
        – На вось, трымай: у цябе ж зброі няма.
        Сержант узяў пісталет, не разумеючы яшчэ, што надумаў чалавек, а той, выглянуўшы ў адзін і ў другі бок ад дарогі, прыгнуўся і паласой ценю падаўся да ракі.
        – Пад вечар дзе агонь распаліце – я ўбачу, даганю, – прашаптаў ён і хутка папоўз уніз. Пяцёра людзей, поўныя ўвагі і спадзявання, сачылі за ім. Неўзабаве старшына з ціхім плескам знік у чаротах.
        Зноў пацягнулася бясконцае напружанае чаканне. Байцы пазіралі цяпер то ў бакі, то на раку – там між чаротаў мільганула галава і ўзнятая над вадой рука з аўтаматам. Потым усё знікла, і болей ужо нідзе не паказвалася нічога.
        На лужку ад берага да дарогі ўсё сноўдалі паўраспранутыя ворагі, купаліся ў рацэ, аднак не адплываючы далёка. Па мосце разы два прагрукацелі адзінокія машыны, насціл хістаўся, і на галовы байцоў сыпалася нейкая труха.
        Часу, бадай, прайшло багата, а старшыны нідзе не чуваць было. Тады з’явілася новая трывога – часам сержанту здавалася, што старшыну ўжо злавілі, што ён утапіўся ў рацэ, а можа наогул вырашыў пакінуць байцоў.
        Сярод гэтых пакутлівых перажыванняў нечакана гулка прарэзала спакой аўтаматная чарга. У рэчцы адразу сціхлі булькат і плясканне, абарвалася на палавіне няскончаная фраза «гэр обер ефрэйтор дас...», голыя купалыпчыкі кінуліся на берагі, а з таго гайку на грудку тарахцелі кароткія чэргі.
        Гэты першы момант задуманага старшыной плана ледзь не сапсаваў усю справу. Нечакана зусім блізка ля хлопцаў зашамацеў чарот, прыгнуўшыся, з яго выскачыў голы немец. Калі б толькі ён зірнуў у іх бок, дык адразу заўважыў бы ў якіх дзесяці кроках не вельмі замаскіраваных байцоў. Але ён быў напалоханы і, апынуўшыся на пожні, бягом кінуўся да дарогі. Азірнуўшыся на сваіх, Пятрусь убачыў, як спакусліва цалялі ў спіну немца Жук і Калдобінскі, і нават Нупрэеў высунуў з-пад моста доўгую рулю сваёй вінтоўкі. Сержант прыцішана пагразіў ім, папярэджваючы такое свавольства. А па той бок дарогі з кароткімі прамежкамі цішыні ўсё гучэлі чэргі. Сержант, увесь сціснуўшыся ад незвычайнага напружання, сачыў за ворагамі, якія, нібы мурашкі ў патрывожаным муравейніку, замітусіліся на лужку. Ён чакаў, што немцы напалохаюцца і, завёўшы машыны, паімчацца адсюль, але машыны маўкліва стаялі на дарозе. Хутка немцы, пэўна, зразумелі, дзе небяспека, і, ухапіўшы зброю, пачалі з лужка шалёную страляніну. Нехта ўсё ж упаў там і ляжаў, не кратаючыся, пакуль яго не падхапілі іншыя. Аднак уцякаць адсюль яны, відаць, не мелі намеру і па камандзе афіцэра ланцужком заляглі пад дарожным насыпам і дружна стралялі. Лясное наваколле множыла страляніну, і ўсё вакол грымела аглушальным суцэльным гулам. У думках хвалячы Агальцова і ўпершыню адчуваючы непакой за яго жыццё, сержант падумаў, што трэба бегчы. Яго позірк сустрэўся з насцярожаным Нупрэевым позіркам, хлопец убачыў у ім згоду і першы выбег з-пад моста. Машыны на дарозе стаялі на ранейшых месцах, але немцаў між імі ўжо не бачна было, і хлопцы, прыгнуўшыся, шыбанулі паўз насып у бок, дзе віднелася жыта.
        Апошнім, азіраючыся на дарогу, бег змаркатнелы Жук.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Да д’ябла, рускі Рэйн зусім малы. (ням.)
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.