РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Paradies auf Erden
1
2
3
4
5
2
        
2

        
        З салона выйшаў гаспадар Генрых Вербнік, адзеты ў зашмальцаваны джэмпер, залатаны я джынсы – беднячок! Але растлусцелы, чырванатвары, з шызым носам – буржуй з карыкатур двадцатых гадоў. Выгляд яго ажно пацешыў Івана Андрэевіча.
        Ці даўно быў звычайным чалавекам – калі бегаў па выдавецтвах, выпрошваў заказы на афармленне любых кніг – ад высокай класікі да сабакагадоўлі. Універсал – усё ўмеў. I капіталістам стаць здолеў. Талент!
        Некаторыя маладзейшыя пісьменнікі пачалі славіць вербнікаў – героі часу! Кожны час меў сваіх герояў. Былі партызаны... Лепшыя даяркі... Але i ў далёкія i ў блізкія часы творцы, якія былі інтэлігентамі незалежна ад паходжання, лічылі за ганьбу славіць «залатога цяльца». A ўчора ён прачытаў у адзіным беларускім часопісе, які выжыў, «Оду долару» паэта, якога паважаў. Плюнуў, але вялікай знявагі не адчуў: напішаш оду д'яблу, калі хочацца есці. A есці хочацца.
        Вербнік спыніўся перад ix каляскай, паставіўшы рукі ў бокі. Спалохаў, парсюк, Марысю. Малая сцялася, схавала хлеб у доўгі рукаў.
        – А вось так мы не дамаўляліся. Дазволена толькі ім,– сказаў Вербнік, кіўнуўшы на мастакоў, робячы выгляд, што не пазнаў гаспадара кніг. Але Іван Андрэевіч меў тактыку размовы з такімі нахабнікамі.
        – А ты што, i тратуар купіў? Маеш патэнт збіраць з прахожых пошліну?
        «Мастак» пазнаў пісьменніка i як бы дужа ўзрадаваўся:
        – Іван Андрэевіч! Дык гэта вы?– I вельмі здзівіўся:– Вы прадаяце кніжачкі? Ай-ай... да чаго давялі нацыянальную інтэлігенцыю!
        Ад такога ханжаства шкрабанула на сэрцы злосць, як грудная жаба:
        – Не турбуйся пра інтэлігенцыю! Калі яна i памрэ, дык з гонарам.
        – Навошта ж паміраць? Заваявалі ж волю...
        – Заваявалі... Для каго?
        Вербнік хіхікнуў:
        – А вы ведаеце, я паважаю, што вы не мяняеце сваіх поглядаў. Разумею: паўстагоддзя ў партыі...
        – Гэта ты для таго тыпа? У яго добры апарат... Нямецкі. Ён i адтуль чуе.
        Міма ix разы тры ўжо прайшоў чалавек у скураным паліце з «дыпламатам». Цяпер ён стаяў каля віннага магазіна, куды заглядвалі прахожыя часцей, чым у мастацкі салон i ў цырульню. Вербнік напісаў на сваім твары зразумелыя іерогліфы:
        – Да чаго нас прывучыла кагэбэ – ва ўсіх бачыць агентаў. Столькі жылі пад пільным вокам...
        Іван Андрэевіч баяўся нарастання злосці. Даў жа зарок маўчаць, неразумна было б сарвацца перад гэтым хапугам, унізіў бы сябе, напалохаў бы Марысю. Ды i чаму ў яго такая злосць на прадстаўніка «трэцяга класа»? Ён не горшы сярод іншых: усё ж мастак i займаецца мастацтвам, якніяк – культура.
        Але грудная жаба рвала сэрца.
        Выратаваў яго Міша Рачыцкі, партызанскі сябра, народны мастак, акадэмік. Як з неба спусціўся. Апостал. З белай барадой. У белай куртцы, якая як толькі трымалася на яго схуднелай постаці. Язвеннік з вайны, ён ніколі не набіраў вагі, але цяпер – незямная здань у «зямным раі».
        Сапраўды з'явіўся стары мастак як прывід – адкуль, з якога боку падышоў? З карцінай, загорнутай у кавалак запэцканай мешкавіны. Спыніўся каля маладых, якія пачціва падняліся, акрамя аднаго, мабыць, вернага закліку: «Прэч аўтарытэты!» Ці, можа, меў ca студэнцкіх гадоў крыўду на прафесара.
        Вербнік убачыў Рачыцкага – здаецца, узрадаваўся, як бацьку роднаму.
        – Міхал Антонавіч! Каго бачу!– растапырыў рукі, просячы абдымку.
        О, як яму хацелася абняцца з акадэмікам на вачах у маладых – лепшая рэклама. Але Рачыцкі i рукі яму не працягнуў. Міхась Антонавіч узрадаваўся шчыра, угледзеўшы сябра сваёй партызанскай маладосці:
        – Іване! I ты тут? Во не чакаў. А я ўжо думаў, ты ў глыбінку палескую падаўся, пад Чарнобыль, кажуць, там прадукты ёсць. Радыеактыўныя? Чорт з імі. Дай мне з любой радыяцыяй! Ад чаго я хутчэй памру? Ды i лопалі мы ix колькі год!
        Яны не абняліся, не мелі такой завядзёнкі,– павіталіся за руку. Але радаваліся сустрэчы шчыра. У гэты час вольнасці не часта сустракаліся, a ў госці адзін да аднаго не заходзілі больш як год. Іван Андрэевіч наведаўся неяк у майстэрню з пляшкай гарэлкі, бо нідзе так прыемна не п'ецца, як у майстэрні мастакоў, асабліва ў скульптараў, у акружэнні розных герояў далёкай i блізкай гісторыі.
        Рачыцкі казытнуў барадой, як у Дзеда Мароза, Марысіну шчаку:
        – Марысечка! Як жа ты выраслаі Дай Бог табе шчасця. Верыш у Бога?
        – Веру.
        – А я вось бязбожнік. За гэта Бог карае мяне.
        – Вас карае? – хіхікнуў Вербнік, які круціўся вакол ix нячысцікам. – Каб ён кожнаму столькі адпусціў, колькі вам.
        – Чаго?
        – Таленту.
        – Вербнік, не смяшы. Каму ён патрэбны, мой талент? Табе?
        – Вы ж не ўздумайце масціцца з імі,– зняважліва кіўнуў на маладых,– як у той раз. У салон прашу. У салон. Мы з вамі дамовіліся, як i тады...
        – Іване! Ты падрыўнік. Знайдзі мне зарад толу. Ірвану я яго салон з усімі палотнамі i чарапкамі... i з гаспадаром. Няхай ляціць на нябёсы. А мы за яго памолімся.
        Вербнік весела засмяяўся:
        – Ну жартаўнік вы, Міхал Антонавіч. Ox, жартаўнік.
        – А ты помніш, Іван, што паслязаўтра ў нас з табой юбілей?
        – Які?
        – Гад ты, Іван, калі забыўся на такі юбілей. Роўна паўстагоддзя, як мы вось тут, вунь там, на былой Камсамольскай, ірванулі афіцэрскае казіно.
        – Ты рвануў. Я прынёс узрыўчатку.
        – Чуў, Вербнік? Дзед не лічыць подзвігам, што прынёс з чэрвеньскіх лясоў узрыўчатку ў Мінск. Праз дваццаць пастоў прайшоў. Ты чытаў маю кнігу? Партызанскія ўспаміны.
        – Чытаў.
        – A Івана Андрэевіча?
        – У школе вучыў. У інстытуце – у п'есе іграў...
        – О, ты прымусіш нас паважаць цябе.
        – Дык прашу ў салон. Холадна. Ёсць па чарцы віскі.
        – Толькі «Напалеон» п'ём. Смярдзючае віскі зневажаем.
        Вербнік, засмяяўшыся, паціснуўшы плячыма, нырнуў у дзверы. Рачыдкі разгарнуў карціну:
        – Няхай паглядзяць людзі. Купіць, канечне, гэты жываглот за бясцэнак. А куды дзенешся?
        Іван Андрэевіч глянуў на карціну, i ў яго заняло дыханне. Эскіз. Накід. З натуры. Гарадскі пейзаж. Асенні. Сённяшні. Голыя ліпы. Удалечыні, як у тумане, адзінокая машына. I пад сляпымі амярцвелымі гмахамі тры размытыя чалавечыя постаці – мужчынская, жаночая i дзіцячая. Усяго тры на цэлую вуліцу – як брыдуць у небыццё. Жахліва.
        Марыся паднялася з табурэціка i доўга моўчкі глядзела на пейзаж. Маўчалі маладыя мастакі. Адзін сказаў:
        – Не ваш стыль. Вы рэаліст.
        – А гэта – фантастыка,– адказаў Рачыцкі.
        – Гэта фантастыка,– паўтарыў пісьменнік.
        – I не больш, Іван. Не трэба слоў, – Рачыцкі ўзяў сябра пад руку, адвёў убок.– Hi пахвалы. Hi крытыкі. Да д'ябла! Наслухаўся я за сваё жыццё ўсяго – i разумнага i лухты. Пейзаж атрымаўся... сапраўды не ў маім стылі. Яны думаюць, я не магу пісаць, як яны, мазілы. Трагедыя мая ў тым, што я ўсё ўмею. А навошта? Які фінал? Ты думает, я пажартаваў з гэтым купцом? Не! Але герастратавай славы мне не патрэбна – узарваць салон. А вось ix... – Рачыцкі кіўнуў у бок гатэля, – ix з задавальненнем ірвануў бы. Дай зарад. Колькі мне засталося жыць? Паміраць, дык з музыкай!
        Іван Андрэевіч адступіў i паглядзеў на сябра. Каб не барада, то ўбачыў бы твар здані. Але вачэй нішто не схавае – ні барада, ні бровы. Яны не былі старыя, вочы, яны гарэлі, як i тады ў вайну, калі Міша прыйшоў у атрад з паведамленнем аб смерці сяброў-падпольшчыкаў, павесілі сястру яго Галю. Страшна гарэлі яго вочы. Тады ён i папрасіў зарад – для адплаты. Ды яму не далі. Панеслі цётка Марына i Іван, кульгавы, скасабочаны «сынок» яе, у яго была невычэрпная фантазія на варыянты аперацый.
        Гэтак жа гарэлі Міхалавы вочы i цяпер. Івана Андрэевіча Яны спалохалі: ад гэтага хворага чалавека ўсяго можна чакаць. I рвануць можа – дай толькі зарад.
        – Каго, Міша? – амаль шэптам, міжволі нават азірнуўшыся, спытаў Іван Андрэевіч.
        – Сыноў i ўнукаў тых, што вешалі нас.
        – Ix?
        – Ix.
        – Але тыя прыйшлі заваёўнікамі... А гэта – мірныя камерсанты...
        – Лaпyx i ты, Іван. I ты верыш, што яны кінуліся сюды, як прусакі... прусакі! прусакі! – во слова, якое я шукаў! – каб памагчы нам? Назаві мне хоць адзін прыклад, каб суседзі бескарысна дапамаглі славяніну? Хрэн назавеш! Я бяру гісторыю. Асобны чалавек – асобнаму чалавеку... былі такія прыклады... Але гэта адносіны людзей, а не этнасаў, дзяржаў, імперый. Згодны, памагаюць яны i цяпер. Каб мы не перадохлі. Рабы ж трэба. I блізка мы... эпідэмій баяцца, каліўнас пачнецца галодны мор. Нашы пацукіпапаўзуць да ix. Даляцяць мухі...
        – Цяжкія ў цябе думкі, Міхале.
        – Думает, у цябе лягчэйшыя? Толькі ты згоднік – маліўся на камуністаў, паверыў Юдзе, у параўнанні з якім той Юда, што прадаў Хрыста,– ягня. Дакладна яго назвалі там, за бугром: Горбі. Усіх згорбіў, падлюга! Я помню твой артыкул аб перабудове, у «Правду» падаўся, на Саюз сябе выставіў. Не сорамна? Згоднік! А я – змагар. Скажаш: бяздумны. Ды не! Я нікому з ix не верыў – ні Сталіну, ні Хрушчову, ні Горбі твайму...
        – Майму...
        – Узрыў мой быў бы пачаткам пратэсту... сігналам. Няўжо не разумееш, што гэтая акупацыя страшнейшая за тую?
        – Выкінь з галавы, Міхал!
        Іван Андрэевіч убачыў, што вочы сябра патухлі, але i патухлыя былі страшныя – бяздонныя сляпыя правалы. Рачыцкі разумеў, што ўзрыў рэстарана – хворая начная фантазія. Знайшоў чалавека, якому можна было паведаць яе, сваю фантазію,– расказаў i патух.
        Пісьменнік разумеў гэты стан лепш за мастака: колькі ў самога ўзнікала такіх неверагодных да жудасці калізій, іншая ўсю ноч не давала заснуць. А потым рассыпалася, як метэор у шчыльнай атмасферы, калі наступаў светлы дзень з яго рэалістычнымі, празаічнымі клопатамі.
        I Міхал, памаўчаўшы хвіліну, цяжка, аднак, дыхаючы, як пасля моцнага эмацыянальнага ўзрушэння, перайшоў на іншую тэму – тую ж, але ў яе празаічным выяўленні:
        – Скажы мне: колькі выехала з Мінска людзей?
        – Давала ж «Вячорка»: адна чвэрць.
        – Брахуны! Ніколі гэтак не брахалі – ні пры Сталіне, ні пры любым уладару. Тады ўсё замоўчвалі, утойвалі ад народа. А цяпер брэшуць – бессаромна, нахабна. Парламент, урад, газеты, радыё... Ты быў у рабочых кварталах? Паглядзі, якая там пустэча. Жах, Іван. Жах! Ціскануць маразы, у цэлыя раёны не дадуць цяпла – дзе ўзяць? A сістэмы не падрыхтаваныя... у трубах, батарэях застаецца вада... Ніхто не займаецца гаспадаркай. Усе заняты тым, што стараюцца больш хапнуць. А потым, у маразы, пачнуць дубець такія, як мы з табой... ужо пенсіянеры мруць. I ніхто нас не пахавае...
        – Нямецкая фірма заключила кантракт на пахаванне. Немцы акуратныя... эпідэміі не дапусцяць.
        Рачыцкі адступіў убок, i вочы яго зноў загарэліся:
        – Іван! Гэта праўда? Ты чытаў? Ды ты падумаў, што сказаў? I так спакойна? Гад ты, Іван! Нас пахавае нямецкая фірма! Божа мой! Узлячу ў космас, але ім не дам сябе хаваць. У вайну не даў ім такой радасці... I што за гэта фірма вывезе – што пахавае цябе, летапісца? Лес? Лён? Апошняе жыта? А ты кажаш: добрыя камерсанты. Не! Я такі знайду зарад, i ты пачуеш пра мяне...
        – Не заводзься, Міхал. Ці не жар у цябе? – працягнуў руку да лба яго, але мастак моцна ўдарыў па руцэ сябра.
        – Пайшоў ты! Знаеш куды?
        – Знаю. Не першы раз пасылаеш. I, аднак, патушы свой агонь.
        – Не гасі яго! Не гасі! Згоднік! Ліберал няшчасны. Пачуй гэта яшчэ раз.
        Іван Андрэевіч павярнуў сябра назад – з-за Марысі каб не баялася, што дзед адышоў вунь куды – на рог вуліцы Рагнеды. Спыніліся каля мастакоў. Але i пры сваіх маладых калегах Рачыцкі не мог маўчаць.
        – Чуў? Людзі, што ўцякаюць з гарадоў, арандуюць хлявы, лазні, будуюць зямлянкі, лезуць у норы. Як тысячу гадоў назад. А ты затыкаеш мне рот...
        Мастакі, усе пяцёра, як па камандзе, павярнулі галовы да вітрыны i вачамі паказалі на датчыкі сігналізацыі: папярэдзілі настаўніка, які не ведаў таго, што ведалі яны, пастаянныя прадаўцы свайго тавару.
        Рачыцкі не адразу нават зразумеў, што да чаго, на што Яны паказваюць, a калі сцяміў, то засмяяўся сіпла, неяк вельмі ж дзіўна, кажуць, ёсць дваццаць сем нюансаў смеху, у яго, можа, быў дваццаць восьмы. Мастакі падняліся i сталі шчыльным строем паміж прафесарам i вітрынай салона.
        – Во, Іван, дэмакратыя твая, за якую ты змагаўся – ці даўно? У сваім поўным i натуральным выглядзе. Радуйцеся, хлопцы! Жыве Беларусь!
        – Жыве,– глуха буркнула рыжая барада.
        Яны зноў адышлі, даўнія партызаны, старыя людзі i... маладыя мастакі, яны – маладыя. Іван так i падумаў: «Няхай хто з ix з несівымі бародамі напіша такі эцюд! Слабыя жылы. Ды i я яшчэ нешта магу».
        Міхал змоўк, прыціснуў рукі да жывата: забалеў.
        Іван Андрэевіч разы тры бачыў, даволі даўно, гадоў дваццаць назад, як сябра траціў прытомнасць – ад болю.
        «Як трымаецца душа ў такім спакутаваным целе? Якая ж Яна дужая, душа яго».
        Да спазмы ў горле стала шкада сябра, так шкада было Марысі, калі дзён некалькі назад не раздабылі хлеба i малака – па талонах хлеба ў чарзе не хапіла, на камерцыйны харч не было грошай: абмен рублёў на талеры з'еў усе зберажэнні – амаль паўстогадовую працу.
        – Ты еў сёння, Міхале?
        – Ты думаеш, я галадаю? Не бойся. Ем, што немец. Вера прадала колькі карцін. Сплаўляе ўсё сваё золата – пярсцёнкі, гадзіннікі... усю раскошу сацыялізму. Я да смерці дацягну, Іване. Табе памагчы? Не ад добрага жыцця ты выехаў з такой каляскай.
        – Дзякую, Міша. Пакуль што жывём за тую ж раскошу. Калі яна, – кіўнуў на Марысю,– будзе галадаць, не пасаромеюся папрасіць... У цябе не пасаромеюся.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.