РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Paradies auf Erden
1
2
3
4
5
3
        
3

        
        Каля каляскі спыніліся двое прахожых – адзін у шыкоўным наймаднейшым паліце, другі ў «дэмакратычнай» куртцы. Разглядалі кнігі, бралі ў рукі, гутарылі з Марысяй. Першыя пакупнікі!
        Іван Андрэевіч паспяшаўся да ix. Наблізіўся – расчараваўся, бо зразумеў, што гэтыя не купяць. Дэпутат сойма, найбольшы гаварун, штовечар вылазіць на тзлеэкран, у недалёкім мінулым – навуковы сулрацоўнік інстытута... торфу, вельмі парламенцкае прозвішча ў Яго – Тухта. Але з гэтым дзеячам Іван Андрэевіч асабіста знаёмы не быў. Добра ведаў другога – намесніка рэдактара афіцыёзнага выдання – журналіста з вострым пяром, але без прынцыпаў. Дзіўна, што i ў Яго было адпаведнае прозвішча – Стругач. Пісьменніку з фантазіяй ажно весела зрабілася: падабралася пара! Няўжо не купяць? Людзі з грашамі. Няўжо не зацікавіць ix аўтограф? Унукам некалі мог бы каторы пахваліцца.
        Стругач убачыў пісьменніка, мастака i бадай радасна закрычаў на ўвесь праспект:
        – О, класікі заняліся камердыяй! Гэта сенсацыя! Я прышлю свайго карэспандэнта. Дайце інтэрв'ю.
        Звышгаварлівы парламентарый сурова маўчаў, заклаўшы рукі за спіну, сашчапіўшы пальцы, нервова варушачы імі.
        Рачыцкі, які таксама добра ведаў Стругача – хто яго не ведаў з творчай інтэлігенцыі! – падышоў, забраў з рук кнігу, палажыў у каляску, узлавана сказаў:
        – Падстаў вуха... каб дзіця не чула... я дам табе інтэрв'ю. Надрукуеш?
        – Пайшлі, Вікенці,– Тухта размашыста закрочыў да «Зямнога раю».
        Стругач пашкадаваў ix:
        – Эх, мастакі! Ветэраны нашы! Думаеце, мне не шкада вас? Думаеце, няма ў мяне спагады? Дай апавяданне – надрукую.
        – Не расчульвай – расплачамся,– сказаў Іван Андрэевіч.
        Стругач зняў кепку i пакланіўся ім – сур'ёзна, без блазнавання.
        Адышоў ціха, павольна, не кінуўся ўпадскок следам за шэфам. Калі дагнаў, Тухта сказаў яму асуджальна:
        – Гэта не камерцыя, гэта – дэманстрацыя. Кнігі.
        – Але не забароніш жа. Вольны рынак. Карціны прадаюць. Усё прадаюць.
        – Не забароніш,– са шкадаваннем згадзіўся дэпутат.– Дэ-ма-кра-ты-ы-я!– Ён ненавідзеў дэмакратыю, за якую так ірваў галасавыя звязкі.
        Міхал Антонавіч пачаў замярзаць, але ў салон не ішоў, хоць разумеў i сябру сказаў, што ад прынцыповасці яго застануцца рожкі: дадому карціну не панясе – вымушаны будзе прадаць Вербніку.
        Іван Андрэевіч клапаціўся пра ўнучку, прымусіў яе пахадзіць, i Марыся з прыемнасцю прашпацыравала ажно да дома з вежай. Дзед радаваўся: з'ела бутэрбродзік – паружавела.
        Усё, здаецца, перагаварылі, стаміліся. Маўчалі, назіраючы рэдкіх прахожых, употай у думках крычалі ім не толькі маладыя мастакі, Але i яны, старыя: купіце! Але ні карціны, ні кнігі нікога не цікавілі. Галодным не да мастацтва. А тыя, што разбагацелі, да бібліятэк i калекцый яшчэ не дараслі, хіба ix унукі да гэтага дойдуць.
        Ашчаслівіў ix сваёй увагай яшчэ адзін знаёмы, калега Івана Андрэевіча, «звонкі паэт», дырэктар пісьменніцкага выдавецтва Нарцыз Хіхель. Доўга змагаліся творцы за сваё выдавецтва, стварылі, спадзяваліся: во цяпер зажывуць! Марна. Біржы так узвінцілі цэны на паперу, паліграфія – на друк, што прыбытак давалі толькі кнігі тыпу «Анжелики» на рускай мове, за ix i жылі: мелі нейкую зарплату, пакрывалі страты. Выдавалі i сваіх – сяброў Хіхеля. Сам «звонкі паэт» раптам стаў сааўтарам дэтэктыўных раманаў.
        Дырэктару за гэта перамывалі косці на кожным сходзе, але Нарцыз атрасаў крытыку, як гуска ваду, i ўвогуле лічыў яе вынаходніцтвам камуністаў. I ні на кога за крытыку не крыўдаваў ці, ва ўсялякім разе, выгляду не паказваў, з усімі быў запанібрата. Панібрацтва гэтае даходзіла да хамства: калегам, старэйшым за Яго роўна ў два разы, казаў «ты» i ляпаў па плячы: «Нічога, не бядуй, дзядзька Янка! Будзем жыць! Не памром!»
        I тут Хіхель прывітаў ix гучным клічам:
        – Жыве Беларусь!
        – Хайль,– адказаў яму Рачыцкі. Гэта жартаўніка i аптыміста збянтэжыла i чамусьці прымусіла прызнавацца ў любові да мастака:
        – Паважаю я вас, Міхал Антонавіч.
        – Сачыні мне оду.
        – Сачыню. А вы падарыце мне карціну. Згода? Гэта ваша? На такі пейзаж я згодны. Адчуваецца рука майстра, няхай не крыўдуюць на мяне маладыя.
        Каляска з кнігамі яго не здзівіла, ён практычна ўхваліў:
        – Дзядзька Янка! Харошы ты спосаб прыдумаў прапаганды сваёй творчасці.
        Івану Андрэевічу да вострага болю ў сэрцы стала крыўдна. Няўжо гэтаму тыпу няўцям, што вымусіла на такую ганебную прапаганду. Паслаць бы цябе... Але жыццё вымушае кланяцца нават Хіхелю.
        – Нарцыз! Пусці ты маю аповесць. Колькі можна марынаваць!
        – Пусцім, дзядзька Янка! Пусцім! Класікам у нас – зялёная вуліца. Хоць... рэдактарка кажа: бальшавіцкім душком патыхае.
        – Новая цэнзура?
        – Не! Не! Думаю, Наталля страхуецца.
        Не вытрымаў Рачыцкі:
        – Запомні, выдавец! Калі патыхае ідэяй, любой, гэта яшчэ можа быць творам, мастацкім. А вось калі аддае г..., то гэта i ёсць яно ў самым брыдкім выглядзе.
        Хіхель весела засмяяўся:
        – Гэта вы ў дзесятку ўляпілі, спадар акадэмік. Ачко вам!
        Калі паэт-дырэктар накіраваўся да віннай крамы, бязлітасны Рачыцкі ўпікнуў сябра:
        – Што ты з ім гаворыш так?
        – Як?
        – З паклонам.
        – Ах, Міхале! Дзеля яе,– кіўнуў на Марысю,– пакланюся чорту лысаму, люцыферу, а не толькі гэтаму нахабніку.
        – А я сёння Вербніку не пакланюся – панясу карціну назад. Спалю, а яму не прадам.
        – Не вярзі глупства, Міхале!
        – Каб майстэрня мая не ў жылым доме змяшчалася, я спаліў бы яе i сам згарэў бы там. Чорт! Партызан называецца! Нават пісталета не маю застрэліцца. Хочацца памерці салдатам. На вяроўцы вісець не хачу.
        Заспакоены, лагодны ў часе ix доўгай – гадзіны дзве мінула – размовы, Рачыцкі зноў завёўся на злосць да ўсяго на свеце, i ў вачах яго гарэў той страшны хворы агонь, які спалохаў Івана Андрэевіча з першай хвіліны ix сустрэчы. Чым яго супакоіць? Чым развеяць чорныя думкі? Не поза гэта, не словаблудства – крык раненай душы. Страшны крык. Ах, каб пакупнік! Няўжо няма ніводнага, хто ацаніў бы сапраўднае мастацтва? Рэдкія прахожыя, але за дзве гадзіны ix прайшло нямала, самых розных. Спыніліся ж дзве сялянкі ды дзеці, школьнікі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.