РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Paradies auf Erden
1
2
3
4
5
4
        
4

        
        Угледзеў ix яшчэ каля гатэля, калі пачалі пераходзіць праспект з таго боку на гэты, дзе калелі яны, гаротныя. Тры жанчыны. Па адзенні, па паходцы, няспешлівасці, што ўласцівыя індывідуальным турыстам – багатым, якія ніколі не далучаюць сябе да статка, па тым, як адна, перакладчыца, разводзячы рукамі ў адзін-другі бок, расказвае ім пра тое, што бачаць дзве іншыя,– Іван Андрэевіч аддаў сваю ўвагу ім, бо чамусьці раптоўна – бывае ж азарэнне! – упэўніўся: во ix пакупнікі! Калі i гэтыя пройдуць міма, больш чакаць няма каго, вязі, Іване, свае кнігі дадому, нясі, Міхал, сваю карціну... Гаду гэтаму сапраўды не прадавай.
        Не зводзіў з жанчын вачэй. Яны павольна набліжаліся. Калі пісьменнік сваімі старымі вачамі разгледзеў ix узрост i сацыяльны статус – па адзенні, так апранаюцца толькі багатыя,– то ўсё больш пераконваў сябе: гэтыя могуць купіць. Каб толькі яны спыніліся, зацікавіліся...
        Іван Андрэевіч адчуў, што ў яго часцей забілася сэрца, усё роўна як тады, калі чапляўся на кручок добры шчупак ці судак. Во Яны побач! Нават Марыся зацікавілася імі. Апранутая ў нейкае незвычайнае паліто – каўнер невядома з якога звера – жанчына сярэдніх гадоў, высокая, з прывабным тварам, i дзяўчына гадоў васемнаццаці ў джынсах i скураной куртцы – знешне някідкае, але на самай справе шыкоўнае адзенне. Маці i дачка – арыгінал i копія. Хто толькі арыгінал? Міхале, звярні ўвагу! На захадзе рэдка сустракаюцца такія прыгажуні. Славянкі? Эмігранткі, якія забылі мову? Як стараецца ўжо немаладая перакладчыца, намагаючыся дагадзіць i маці, i дачцэ, уведаўшы розніцу ў ix густах. Ёй, нябозе, таксама хочацца зарабіць, вунь якая схуднелая інтэлігентка – з фіялетавымі плямамі на шчоках, відаць, пасля галадання смачна паабедала i вышла віна.
        Дзякуй Богу, спыніліся. Перад яго каляскай. Ад добрага прадчування нават жаба адпусціла сэрца – стала лёгка i бадай весела.
        Дзяўчына паказала пальчыкам – дзіўна, без манікюру, рабочыя пальцы – на яго плакацік. Перакладчыца хуценька, без запінкі, прачытала. Не нямецкая мова. I не англійская. Шведская, дацкая? Але што яму да ix мовы!..
        Дзяўчына засмяялася, пляснула ў далоні i катэгарычна сказала маці, Іван Андрэевіч зразумеў без перакладу:
        – Мама! Купім!
        «Чортава жаба! А цяпер чаму ты драпаеш маё старое сэрца?» – Іван Андрэевіч прыціснуў рукі да грудзей.
        Ды маладая турыстка наблізілася да яго i прагнала жабу, даўшы яму аванс – святло дзівосных вачэй i цёплую, што майскі прамень, усмешку. Дакранулася да яго каракулевага каўняра – усё роўна як палажыла гарачую далоню на сэрца – што мяккі гарчычнік:
        – Вы іст пісатэль?
        – Я... я,– беларускім «я», нямецкім «так» адказваў Іван Андрэевіч.
        Разумеў, што паводзіць сябе далека не з гонарам вядомага пісьменніка, адчуваў за спінай Міхала i баяўся, каб той не сапсаваў бізнес.
        Мастакі падышлі, слухалі. Сярод ix i Рачыцкі. Але непрымірымы сябра маўчаў. Іван баяўся азірнуцца, глянуць Міхалу ў вочы.
        «Асуджай, як хочаш. Асуджай. А я прадам, тым больш што заплоцяць яны не інфляцыйнымі талерамі».
        Зняўшы яго сардэчны боль, маладая турыстка павярнулася да Марысі.
        – Ваша ўнучка? – пераклала яе пытанне тлумачка, задаволеная, што падапечных зацікавіла сустрэча з пісьменнікам, якога яна любіла са школьных гадоў.
        Дзяўчына прыцягнула да сябе Марысю, ціснула ў абдымках.
        – Мерсі, мадмуазель,– сказала Марыся, якая вучыла ў школе французскую мову.
        – О! – Старэйшая турыстка сказала цэлую фразу па-французску, але зразумела яе толькі перакладчыца-паліглотка: – I многа ў пана пісьменніка ўнукаў?
        – Пяцёра.
        – О! I ўсе такія малыя?
        – Не, іншыя,– старэйшыя.
        – Худзенькая яна. Карміце яе...– пачала турыстка-маці, але асеклася, не стала пералічваць прадукты, якімі трэба карміць дзіця,– успомніла, дзе знаходзіцца; не пазбаўлена была багатая пані пачуцця спагады i тактоўнасці.
        Між тым дзяўчына выбрала ў скрынцы дзве кнігі: раман у арыгінале i другі раман у перакладзе на нямецкую; вывез i адзіныя аўтарскія экземпляры на нямецкай i французскай мовах – з разлікам на такіх вось пакупнікоў, не спадзеючыся на арыгіналы: жыве Беларусь, a кнігі на роднай мове не купляюць.
        Турыстка працягнула кнігі, распісаўшыся пальчыкам на вокладцы: аўтограф!
        Іван Андрэевіч звярнуўся да перакладчыцы: калі пані не пярэчыць, я дам імянныя аўтографы.
        Не, яны не пярэчылі, маці i дачка пацвердзілі ў адзін голас сваю просьбу i задавальненне, яны мелі багацце, але аўтографаў сапраўдных пісьменнікаў у ix бібліятэцы не было.
        Перакладчыца адчыніла свой рыдыкюльчык i працягнула аўтару дзве візіткі:
        – На адвароце – па-руску.
        Гунхільда Арэнтсен, старшыня таварыства Святой Барбары. Аўста Арэнтсен, студэнтка... Знаёмае прозвішча. Безумоўна, вычытанае ў літаратуры. У каго? У Ібсена? Гамсуна? Лакснеса? Якая розніца! Як найлепш напісаць? Дзе прымасціцца? Папухлі ад артрыту пальцы, i почырк у яго стаў курыны, адна пакутніца Вольга разбірае. А тут яшчэ дзіўнае хваляванне. Чаму раптам так задрыжалі рукі, затахкала старое сэрца, якое мала што магло ўзрушыць у апошні час – адаптаваўся да любых палітычных, эканамічных катаклізмаў, акрамя аднаго – галадання дзяцей.
        Іван Андрэевіч азірнуўся на мастакоў. Божа мой! Яшчэ адно шчасце: у Міхала добрыя вочы. I ён адказаў на яго нямое запытанне:
        – Мая спіна ненадзейная – будзе дрыжаць.– I да самага мажнога маладога мастака: – Падстаўляй, Мікола, сваю.
        Мастак нахіліўся, i аўтар паклаў сваю кнігу яму на спіну.
        Аўста ў захапленні ўсклікнула i выхапіла з сумкі фотаапарат.
        Калі Міхал не асуджае, то можна i папазіраваць. Стала весела. Перасталі дрыжаць рукі. Іван Андрэевіч пісаў далёкім людзям, можа, самае цёплае пажаданне, не шаблоннае, якіх напісаў тысячы, – калегам, чытачам, гэта заўсёды было праблемай – напісаць на кнізе нешта арыгінальнае.
        Аўста бегала вакол i шчоўкала з розных бакоў. Спыняліся зацікаўленыя прахожыя.
        Першую кнігу, арыгінальную, аддаў патрымаць сябру, не без тайнай думкі: патрымае Міхал – блаславіць яго ўчынак.
        Вёз кнігі на продаж i баяўся пачуцця ўніжэння: навязваць аўтограф. Заспакоіла, што не было гэтага пачуцця. Наадварот, ад радасці маладой пакупніцы з'яўлялася i ў яго радасць. I для Марыські – маленькі спектакль, яна скінула капюшон курткі, адкрыла свае светленькія валасы, заззяла, калі Аўста дала ёй, а не даросламу, фотаапарат, каб Марыся i яе зняла побач з дзедам, які падпісваў кнігі на cпiне рыжага мастака. Дзяўчынка шчоўкнула колькі разоў. А потым Аўста здымала яе. На перакладным рамане напісаў аўтар коратка: «Паням Арэнтсен – з надзеяй, што вас прасвятліў i ашчаслівіў наш «Paradies auf Erden» – па-нямецку, як на гэталі.
        Працягнуў кнігі маці. Яна разгарнула адну, другую. Перакладчыца з-за пляча прачытала надпісы. Ад першага аўтографа мадам усміхнулася шырока, з удзячнасцю, ад другога – сумна.
        – Я разумею гумар пана пісьменніка. Учора я сказала: гэта кашчунства – так называць гатэль. Колькі каштуюць нашы пакупкі?
        На момант Іван Андрэевіч сумеўся, азірнуўся на Міхала, на мастакоў. Але яны маўчалі.
        Ды i хто з ix мог ведаць цану яго кнігам, карцінам сваім не ведалі.
        – Пані Арэнтсен! Добрая фройлін Аўста! Я не камерсант. Лёс вымусіў старога пісьменніка стаяць у «зямным раі» з працягнутай рукой...
        – Сто долараў?
        Івану Андрэевічу заняло дыханне. Гэта ж цэлае багацце! Па курсе талера – мільён. На такое шчасце ён не спадзяваўся. I столькі долараў ён трымаў толькі некалі ў Нью-Йорку, будучы дэлегатам на сесіі ААН.
        Пані шчоўкнула замком рыдыкюля, працягнула дваццацідоларавыя купюры.
        Іван Андрэевіч, баючыся паспяшацца – каб не асудзіў Міхал,– запаволіў працягнуць руку сваю.
        – Мала? – як бы спалохалася пані.
        – Не! Не! Дзякуй вам. Дай Бог вам шчасця за вашу дабрыню.
        Аўста насыпала ў каляску жвачак – для Марысі.
        Мастакі глядзелі на турыстак з надзеяй, i позіркі ix крычалі: купіце!
        Маці, магчыма, прайшла б міма вулічнай выставы, але дачка спынілася. I раптам радасна-ўсхвалявана выгукнула:
        – О мамэн! – I паказала на карціну Рачыцкага.
        Пачала хутка i горача нешта даводзіць. Перакладчыца маўчала: сямейная размова. Але i Марыся здагадалася, што яна даводзіць маці: ёй спадабаўся эцюд i яна хоча яго купіць. Дзяўчо мела мастацкі густ, несапсаваны, наадварот, выхаваны, развіты добрымі настаўнікамі.
        Маці маўчала, хмурылася, як усе маці, калі дзеці вымагаюць дарагіх пакупак. Урэшце спытала – праз перакладчыцу:
        – Хто гаспадар гэтай карціны?
        – Я, – хрыпла буркнуў Рачыцкі.
        Іван Андрэевіч глянуў на сябра i спалохаўся: вочы ў Міхала зноў гарэлі тым агнём, які палаў, сыпаў іскры, калі ён гаварыў пра ўзрыўчатку, пра смерць сваю. Але ж колькі хвілін назад, калі ён прадаваў кнігі, яны былі звычайныя, добрыя, вочы сябра. Што завяло падпольшчыка? Што гаспадар, не аўтар? Гаспадаром нават сваёй уласнасці Міхал не хоча быць! Ён аўтар! Трэба ратаваць! Памагчы прадаць карціну. Багатыя i шчодрыя пакупнікі!
        Іван Андрэевіч ступіў да сваіх дабрадзеек i пачаў горача тлумачыць:
        – Аўтар – народны мастак, акадэмік, вядомы ўва ўсіх рэспубліках Саюза, у Еўропе... Наш нацыянальны гонар...
        Баяўся, каб Міхал не паслаў яго ў такое месца, якое аглушыць перакладчыцу i калег. Не, дзякуй Богу, толькі паказаў кулак употай, мабыць, Марыська стрымала.
        Аўста ажно расчырванелася ад жадання набыць такі падарунак – капрызнае дзіця багатай сям'і.
        Івану Андрэевічу прыгадалася, як некалі даўно-даўно малая маці Марыські з-за таго, што ён не купіў ёй дарагую ляльку, села пасярод праспекта, вунь там насупроць ГУМа былога, i спыніла рух машын. I ён здаўся – вярнуўся назад у аддзел лялек.
        Здалася багатая маці – роднае дзіця патрабуе! Спытала, колькі каштуе карціна.
        – Пяць тысяч... долараў,– гучна адказаў аўтар.
        Вочы расшырыліся не толькі ў той, што павінна выкласці фантастычную суму,– магчыма, не для яе, для ix, беднякоў,– вочы расшырыліся ў мастакоў, нават у Марысі. Нармальныя яны засталіся ў аўтара, нават гнеўны агонь пагас, загарэліся іскры знаёмай іроніі – Міхал смяяўся.
        «Што ты робіш? Што ты робіш? Вар'ят! Будзь жа рэалістам!» – хацелася крычаць Івану Андрэевічу. Але разам з тым ён адчуваў гонар за сябра, разумеў яго пратэст: мы танна не прадаёмся! Магчыма, быў у гэтым i дакор яму за працягнутую руку. «Чорт з ім, няхай дакарае. Але не рабі глупства, Міша, сябра ты мой дарагі!»
        – Такой сумы ў мяне няма,– перакладчыца сказала гэтак жа суха, як i гаспадыня. Але Аўста спыніла маці, i тая, павярнуўшыся, кінула па-нямецку:
        – Фюнф гундарт.
        «Згаджайся, Міхале, згаджайся! Даў бы я табе па шыі, каб не перад народам!»
        Рачыцкі маўчаў. Акрамя багатых турыстак, бедныя тубыльцы чакалі яго адказу, стаіўшы дыханне. Марыся ажно збялела ад хвалявання. Мастакоў прарвала: перапыняючы адзін аднаго, не зважаючы, што перакладчыца не паспявае данесці ix словы госці, яны пачалі даказваць тое, што толькі сказаў Іван Андрэевіч, але больш высока, прафесійна, ніколі яшчэ маладыя гэтак не хвалілі свайго прафесара.
        Пэўна, Аўста падтрымлівала ix, бо кідала свае словы, якія тлумачка не перакладала.
        Маці маўчала.
        – Тысяча,– перапыніў ix Рачыцкі.
        Гунхільда Арэнтсен засмяялася:
        – Пан мастак – нядрэнны камерсант. Семсот!
        I тады засмяяліся ўсе, i смех гэты – што стук пячаткі пад пагадненнем.
        Калі турысткі адышлі, павярнуўшы да гатэля, каб аднесці дарагую пакупку, запакаваную мастакамі ў чысцейшую – у каго знайшлася – парусіну, Міхал Рачыцкі ўсё яшчэ стаяў, скамячыўшы ў жмені долары, з выглядам, быццам чалавек не набыў, a страціў самае дарагое. Івану Андрэевічу зноў стала страшна за сябра: што ён можа выкінуць? Выкінуў. Схамянуўся, разгладзіў купюры. I пачау дваццаткі раздаваць мастакам.
        – Хлопцы, ваша доля. Дзякуй вам.
        Чацвёра ўзялі з радасцю i ўдзячнасцю. Пяты, рыжы, адступіў, схаваўшы рукі за спіну:
        – Не магу, Міхал Антонавіч.– I сеў на падаконнік, сагнуўся, як ад моцнага болю жывата, закрыў твар рукамі, i ўсе зразумелі, што ён плача. I ўсіх гэта збянтэжыла, нават Рачыцкага. Але ён нічога не сказаў, ён лепш, чым хто, разумеў калегу. Падышоў да Марыські, працягнуў ёй паперку ў сто долараў.
        Іван Андрэевіч узмаліўся:
        – Міша! Прашу цябе... Мы ж зарабілі...
        – А я не табе. Пайшоў к чорту, згоднік, былы атлусцелы ліберал! Я – Марысі. Бяры, бяры, дзіця. Гэта табе ад дзеда Міхася. Помні яго. Хутка ён узнясецца на неба.
        Марыся глядзела на свайго дзеда.
        – Іван! Кіўнеш, каб яна не брала,– парву.
        – Вазьмі, Марыська,– Іван Андрэевіч вырашыў, што ў яго на захаванні грошы Рачыцкага будуць у надзейным месцы, a інакш раздасць ён свой сумленны заробак i будзе галадаць зноў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.