РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
4
        
4

        
        Жаркоў бег у сваю роту.
        Сяржант раз-пораз чапляўся за хмыззё ў доле, спатыкаўся − ён вельмі спяшаўся, бо спраў было шмат, а часу да новай атакі заставалася не так ужо і многа. Спачатку ўсё тое, што ён пачуў на КП, непрыемна ўразіла яго. Наступленне, яно само сабою, але вось зняцце камбата і заступленне на яго месца Сахно не падабалася Жаркову. Сахно лічылі ў батальёне крыкуном, гарлахватам, не дужа смелым і не дужа справядлівым камандзірам. Капітан жа Васілевіч здаваўся разумным і разважлівым, а галоўнае − справядлівым чалавекам, што болей за ўсё іншае паважаюць у камандзіры салдаты. Як там яно бы-ло на самай справе, сяржант пэўна не ведаў, але цяпер, пасля ўсіх гэтых навін, адчуваў, што наперадзе чакае яго дужа нялёгкае. Праўда, за многія месяцы вайны ён ужо прывык да са-мага благога, прызвычаіўся да дробных і вялікіх нягод і ведаў, што на фронце чаго добрага чакаць не выпадала.
        Перш за ўсё яго запалоніў клопат, як усё тое наладзіць,як найлепш арганізаваць атаку, каб ашукаць немцаў, − цяпер жа пра гэта, апроч яго, у роце ўжо не было каму дбаць.
        Неба хутка цямнела, усё болей высыпала зорак. Месяц, быццам спяшаючыся куды, імчаўся над лесам у адным кірунку з Жарковым; за балацявінай скакалі па небе водсветы далёкіх і блізкіх ракет. Найгоршае ліха ў начной атацы, ведаў сяржант, былі тыя ракеты, ад іх не знайсці ніякага сховішча, яны ўсюды свяцілі сваім прарэзлівым хімічным агнём, слепячы байцоў у кароткіх прамежках цемры. Але трэба было нешта прыдумаць, і Жаркоў, не разбіраючы пад сабой дарогі, сігаў упоперак баразён і думаў.
        Да камандзірскіх клопатаў хлопец прывык даўно. Невя-дома ад каго, напэўна, ад маці ён з маленства пераняў у спадчыну неспакойны, клапатлівы, трывожна-турботны характар. Да ўсяго ён меў справу, аб усім непакоіўся, не зва-жаючы на тое, адказваў перад старэйшымі за гэтую справу ці не. Яшчэ бывала ў маленстве (ён быў родам з Сібіры) баць-ка з маці часта ўлетку выпраўляліся на некалькі дзён у тайгу, дзе пад хмарамі гнусу аралі, сеялі і збіралі свой ура-джай за шмат вёрст ад вёскі, а на яго догляд аставалася ўся гаспадарка − і свінні, і каровы, і куры. Ён цэлыя тыдні і кар-міў іх, і даіў сам карову, і няньчыў малую Волечку. Часам даводзілася яму чуць, як хто-небудзь з суседзяў казаў бацьку: «Ну і дзяцюк у цябе, Трахім, − гаспадар! Не глядзі што малы − галавасты!» Бацька на тое няпэўна чмыхаў у бараду, аднак ніколі за жыццё не пахваліў сына. Ён быў суровы і марудлівы, як бярложны мядзведзь, і раскрываў рот толькі тады, калі трэба было каго ўшчуць. Але Колька Жаркоў любіў і такога бацьку і ніколі ў жыцці на яго не пакрыў-дзіўся.
        Тыя, прывітыя ў маленстве, гаспадарлівасць і дбайнасць засталіся ў яго назаўжды. Падросшы, ён скончыў сямігодку і паехаў у Ачынск у школу ФЗН вучыцца на цесляра. І там сярод гаманкой хлапечай грамады ён стаў самы адметны, самы турботны і дбайны, працаваў увішна, і яго паставілі старастам групы. Заўжды ён хадзіў членам усякіх камітэтаў, камісій, выпускаў сценгазеты, наладжваў работу ў гуртках самадзейнасці. Сябрамі яго былі ўсе хлопцы, ён не дзяліў іх на лепшых і горшых, адносіўся да ўсіх аднолькава, кожнаму гатовы быў памагчы і, калі трэба было, ад кожнага спадзяваўся атрымаць дапамогу.
        Восенню сорак першага ён пайшоў у армію. У запасным тылавым палку, куды ён трапіў спачатку, хлопцу здалося, што ён не стрымае − так было трудна і складана. Вучыліся па дзесяць гадзін штодня, недасыпалі, галадалі, дапякалі нарады, начныя работы, але і тут Жаркоў быў лепшы за іншых, і праз некалькі месяцаў яму прысвоілі званне яфрэйтара. На фронт ён прыехаў ужо малодшым сяржантам, камандзі-рам кулямётнага аддзялення і ў першым жа баі замяніў забітага камандзіра ўзвода. Так узводным ён хадзіў доўга, аж пакуль не параніла, пад Дзямянскам атрымаў ордэн, перажыў два свае кулямёты, разбітыя мінамі. Цяпер вось давялося стаць ротным. Ён быў назіральны, удумлівы, нагледзеўся ўжо ў баях рознага і ведаў, што адною храбрасцю не шмат чаго адваюеш. Трэба было дбаць, абдумваць, у чымсьці ствараць перавагу над недурным, хітрым і лютым ворагам і выкарыстоўваць яе ў поўную меру.
        Ён ужо падбягаў па раллі да свае роты, як у кустоўі наперадзе ўдарылі выбухі. У зямных нетрах крэкнула, бы рашчапілася вялізная рэпа, і ўгары пачулася знаёмае «фыр-фыр-фыр» − бы зляцела аднекуль чародка нябачных птушак. То падалі асколкі. Жаркоў занепакоіўся, як бы без яго не сталася што кепскае з тымі рэшткамі, што асталіся ад роты, бо тады ўжо зусім не будзе з кім нават і распачаць атакі. Але выбухаў болей не было, і сяржант пакрысе супакоіўся.
        Увесь час яго турбавала адчуванне няпэўнасці ад таго, як паставяцца яго змораныя байцы да новае весткі, што нёс ім сяржант ад камандзіра батальёна. Вядома, нікому яна, гэтая навіна, не здасца прыемнай, але калі ўзяць, напрыклад, яго, сяржанта Жаркова, дык ён нейкім чынам усё ж камандзір, разумее магутную сілу вайсковага «трэба» і падпарадкуецца ёй, а вось што скажуць салдаты? Тарасікаў, вядома, нічога не скажа, ён толькі апанурыцца, як заўжды перад боем; напэўна, уздыхне ды якою прымаўкаю памяне салдацкую долю стараваты Гушчын, а вось Рыбчонак, напэўна, не змоў-чыць. І яшчэ немаведама, як паставіцца да новай атакі маўчун гэты − Няроўны? Ён нядаўна ў роце, характара нейкага дужа ўжо труднага, цвярдога, як умерзлая зямля, маўчыць, зрэдку толькі вылаецца − слова па шчырасці ад яго не дабіцца ніколі. Раней дык хоць упраўляўся з усім лейтэнант, ведама ж, афіцэр, а ці таксама паслухаюцца яго, сяржанта, як слухаліся раней ротнага-афіцэра? Тым больш, што гэткая цяжкая і небяспечная справа выпадала ўсім ім у гэтую ноч.
        Здалося Жаркову, што рота павінна быць недзе тут блізка. Сяржант прыпыніўся на момант, услухаўся ў цемрадзь і недзе збоку пачуў рэдкія прыглушаныя галасы і тупанне рыдлёвак у зямлі. «Акопваюцца», − падумаў ён і збочыў у тое месца, дзе былі людзі.
        Нешырока разышоўшыся па пагорку, яны дзяўблі кожны сабе маленькі акопчык крокаў праз пятнаццаць адзін ад ад-наго. Бліжэйшым да сяржанта аказаўся Няроўны − вялікая, каржакаватая ў ватоўцы постаць таго няпэўна шавялілася ся-род чорнае плямы накапанай зямлі. Пачуўшы Жаркова, ён на момант выпрастаўся, угледзеўся ў сяржанта, пазнаў і зноў сагнуўся ў яміну.
        − Адставіць капаць! − сказаў у цемру Жаркоў. − Давай усе сю-ды.
        Няроўны выпрастаўся ў неглыбокай, да калень, яміне, няў-цямна паглядзеў на камандзіра, адклаў лапату і моўчкі вылез наверх. Пагадзя з цемры, валюхаючы, выйшаў Гушчын, за ім пачуўся кашаль Тарасікава, ён бег да камандзіра. Не было толькі Рыбчонка.
        − Схадзі таго глушца артмайстра пакліч, − прасіпеў Гуш-чын Тарасікаву. − Не чуе ж.
        Тарасікаў паслухмяна вярнуўся ў цемру, а Гушчын зняў з галавы каску, сеў на яе ля сяржантавых ног і пачаў аддзі-раць паперку.
        − Закапалі лейтэнанта, вечная яму памяць, − паведаміў ён, відаць, адчуваючы сябе тут быццам намеснікам камандзіра-сяржанта. − А той з нагой пайшоў у санчасць. Яшчэ двое − Бяляк і Сухавееў − таксама выйшлі. Тожа параненыя, у Сухавеева рука разбіта. Пайшлі ў тыл.
        Жаркоў ціхенька падавіў уздых і моўчкі пачакаў, пакуль у цемрадзі не завалюхалі дзве постаці.
        − Ты чаго не паклікаў, Магіла? − без усякай асцярогі гучна загаманіў Рыбчонак. Жаркоў шыкнуў на яго.
        − Не чуў я! − апраўдваючыся, зноў гэтак жа голасна і не ў лад сказаў Рыбчонак. − Аглушыла ў балоце.
        − А ты і раней «дай» не дачуваў, толькі «на», − глуха зазна-чыў Гушчын. Рыбчонак насцярожыўся, пэўна, нешта крыў-днае пачулася яму, і хлопец зазлаваўся:
        − Ты, Магіла, маўчы! Скажаш лепш, як цябе жонка бэхала, − баец развязна засмяяўся. − Пашкадаваў бабу, з дзецьмі ўзяў, а яна без жаласці. − І да Гушчына: − Эх, і даставалася табе, праўда? Добра, вайна пачалася, а то ўходала б!
        Гушчын засоп і памарудзіў з адказам. Стары салдат, ві-даць, нахмурыўся за тое і рашыў за лепшае змоўчаць. Жаркоў адчуў, што размова пераступіла мяжу жартоўнага і сказаў:
        − Кінь, Рыбчонак!
        − Га?
        − Хопіць, кажу, прытварацца. Слухайце задачу.
        − Што я выдумляю?! − здзівіўся Рыбчонак. − Ягоны ж зямляк Вырчанка з пятай роты сам казаў. Чацвёра чужых дзяцей гадуе, а баба б’ецца, як тыгра!
        − Загадана зноў атакаваць, − сцішана і сур’ёзна паведаміў Жаркоў. − Праз гадзіну. Даюць нам сувязістаў і яшчэ некага. Чацвёртая і пятая роты ад лесу, а мы адсюль.
        Стала ціха, адчувалася ў цемры, як байцы апанурыліся і ся-дзелі не кратаючыся. Адзін Рыбчонак, недачуўшы, перапытаў:
        − Куды? Га?
        − Да кудыкі, − прасіпеў яму ў вуха Гушчын. − Усё туды ж. А артылерыя як, ці падсобіць? − запытаўся ён у сяржанта.
        − Артылерыі пакуль няма. Прыйдзецца нам знянацку як. Інакш нічога не выйдзе. Я думаю так… − Сяржант прысеў у до-ле і паказаў на балацявіну. − Паціху падпаўзем па балоце да ўзмежка… Толькі б не заўважылі. А з-за ўзмежка, як дадуць ракету, усе ўраз на кулямёты надавім, не можа быць, каб не заўважылі. Толькі смялей трэба. Усім разам. Гранаты ёсць?
        − У мяне дзве толькі, − слабым ад кашлю голасам сказаў з цемры Тарасікаў.
        − У мяне гранат гэтых са тры ёсць, ага, − прасіпеў Гушчын.
        − Што? Атака? − толькі цяпер зразумеў гаворку Рыбчонак. − Якая ўчорта атака?! Пяць чалавек! − ён узрушана ўскочыў з долу. − Здурнелі яны там ці што!
        − Ціш ты, Рыбчонак! − са злосцю прыкрыкнуў на яго Жаркоў. − Ад таго, што пакрычыш, загад не адменіцца.
        − Не, ужо годзе! − крыкнуў Рыбчонак. − Я кантужаны. Пайду ў санчасць.
        − Нікуды не пойдзеш! − ціха, але цвёрда сказаў сяржант. − І давай рыхтавацца. Каб нічога ні ў каго не брэнькала, паўзці будзем. Зразумела? Разыдзіся!
        Шэрыя постаці ў чорным доле заварушыліся, Рыбчонак, лаючыся, пайшоў на сваё месца. Няроўны моўчкі пачаў на-цягваць на ватоўку шынель. Гушчын затрымаўся і, слінячы цыгарку, разважаў:
        − Каб от «кацюша» сыграла разок, для духу хоць бы. А то што пяхота без аруддзяў − мухі!
        «Здаецца, не заўпарцяцца, − з палёгкай падумаў сяржант. − Разумеюць хлопцы, паслухаюцца. Ось толькі Рыбчонак!..»
        − Нічога, Гушчын, − сказаў ён услых. − Можа, як-небудзь управімся. Патроны ёсць?
        − Ды патронаў хопіць. О, паўторбы, − салдат варухнуў плячамі, і ў рэчмяшку коратка і важка лязгнула. − Я не дужа таго… бэхаю. Ашчаджаю.
        − Ну добра. Тарасікаў, давай хутчэй, браце, набіваць стуж-кі. Колькі ў нас, тры пустых?
        − Тры, − ціха пацвердзіў Тарасікаў і закашляўся сухім адрывістым, бясконцым кашлем. Сяржант і салдат заклапочана паглядзелі на яго.
        − Прыкіпеў ты недзе, хлопча, − заўважыў Гушчын. − Як тая нямецкая зянітка: цяў ды цяў.
        Жаркоў занепакоіўся:
        − Як жа ты гэта з такім кашлем да атакі дацерпіш? Ты ж нас дэмаскіруеш. Га? Можа, цябе ў санчасць адправіць?
        − Не ведаю, − перацяўшы кашаль, сказаў Тарасікаў. − Можа, патрываю як-небудзь.
        − Ну глядзі.
        Яны падышлі да «гарунова», які, прыладжаны ўжо да аг- ню, стаяў на раллі. За ім чарнеў неглыбокі яшчэ акопчык для дваіх. Тарасікаў узяў з долу рэчмяшок з патронамі і пачаў паціху лязгаць скрынкамі, вымаючы пустыя стужкі. Жаркоў прысеў побач.
        − Ну як ты, пасмялеў хоць трохі? − запытаўся ён у свайго памагатага.
        − Дзе там! − адказаў Тарасікаў. − Аж дагэтуль дрыготка. Хоць ты што…
        − Нічога, пройдзе, вядома, спярша.
        − Не праходзіць нешта, − журботна азваўся Тарасікаў і ўз-дыхнуў. Ён пачаў напіхваць у брызентавую стужку патроны, і было відаць, як дробненька дрыжэлі ў змроку яго белыя пальцы.
        Толькі тыдзень назад, перад самым наступленнем Тара-сікаў са шпіталю прыйшоў у гэтую роту. Здарылася так, што яшчэ не даехаўшы з тылу да фронту, ён трапіў дзесь пад бамбёжку, быў паранены, а галоўнае, напалоханы і цяпер баяўся кожнага стрэлу і кожнага выбуху. Па натуры ж ён быў хлопец шчыры і не таіў сваёй страхавітасці. Гэта спадабалася Жаркову, і сяржант займеў у сабе ўпэўненасць, што страх урэшце мі-нецца, а шчырасць і добрасумленнасць, з якою той ставіўся да свайго франтавога абавязку, калі-нікалі зробяць Тарасікава добрым байцом. Таму ён і ўзяў хлопца да сябе другім нума-рам пасля таго, як ранейшы пайшоў у шпіталь.
        Жаркоў напіхваў патронамі канец стужкі, а сам увесь час азіраўся і прыслухоўваўся. «Калі ж тыя сувязісты прыйдуць!» − думаў ён і ўсё згадваў, як найлепш і цішэй падабрацца да немцаў. Самае галоўнае − не выявіць бы сябе раней часу, падкрасціся б да ўзмежка і не трапіць пад міны… Хлопец сам таго не разумеў, якая непамерна цяжкая была тая задача, што ўзвалілі на яго плечы, толькі ён з усяе сілы імкнуўся выканаць яе як найлепш. Пра сябе ён ужо не думаў, не было калі, адно толькі квёлая нотка адчування сваёй слабасці і звычайнай чалавечай уязвімасці ціхенька трымцела недзе на сподзе душы, нібы якая былінка на ветры. Удумацца, аднак, у яе, адчуць не давала мноства іншага клопату.
        − Нічога, возьмем як-небудзь, − сказаў ён ні то Тарасікаву, які торапка з страхам у шырокіх вачах варушыўся побач, ні то самому сабе.
        − Але дзе ж тое падмацаванне? Можа, зблудзілі? Ты пагля-дзі тут, а я пабягу. Спаткаю, можа.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.