РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
5
        
5

        
        Сувязісты прыйшлі. Жаркоў сустрэў іх на раллі, пачуўшы здаля, прысеў, пачакаў − на зорным небе маўкліва сунулася шэсць постацей. У некага раз-пораз брэнькала, пэўна, лапат-ка на дзязе.
        − Стой! − сказаў з цемры сяржант. − У каго там што бараба-ніць? Захіні. І за мной шагам марш.
        На хаду ён растлумачыў задачу, сувязісты маўчалі, не адчуваючы нічога добрага наперадзе, і сцішана ішлі за сяржантам. Збоч вёскі за хмызняком узляцела ўгору ракета, яе святло цьмяна паматлялася па абшары, і сувязісты ўраз кінуліся на зямлю.
        − Не бойцеся: далёка. Чаго вы? − здзівіўся Жаркоў. Калі зноў сцямнела, хлопцы паўставалі і, недаверліва пазіраючы на камандзіра і спатыкаючыся, яшчэ з меншай ахвотай пай-шлі далей. Жаркоў вывеў іх на бугор і паклаў на фланзе за сваімі стралкамі.
        − Пакуль чакаць. Хутка пойдзем. Толькі каб ціха, як цені! − сказаў ён і пабег па ланцугу на правы фланг, дзе быў яго кулямёт.
        Жаркоў вельмі спяшаўся, каб не спазніцца. Гадзінніка ў яго не было, але сяржант адчуваў, што трэба ўжо рушыць. Зноў жа, папаўненне было дужа невялікае, абознікі, даць якіх абяцаў капітан Сахно, нешта не ішлі, і ў роце пакуль што набралося ўсяго адзінаццаць чалавек.
        − Ну як, управіўся? − запытаў ён у Тарасікава, які ціхенька ляжаў на баку за кулямётам і насцярожана ўзіраўся ў балота, пэўна, адчуваючы там сваё новае гора і сваю вялікую бяду.
        − Ага, − коратка адказаў ён. Жаркоў падбег да суседняга Гушчына і гукнуў:
        − Перадай па ланцугу: упярод!
        Затым ён з хвіліну пачакаў, каб каманда дайшла да сувя-зістаў, і ўзяўся за хобат «гарунова». Тарасікаў падабраў з долу чатыры скрынкі − па дзве на руку, побач заварушыўся ў змроку Гушчын, і яны паціху пайшлі па раллі туды, адкуль з такім страхам вырваліся гадзіны са дзве назад.
        У вёсцы пакуль было ціха; бойка і ноч, відаць, замарылі і немцаў, і яны, пэўна, павячэраўшы кавай і выставіўшы вартавых, драмалі цяпер на саломе ў сваіх бліндажах. Але Жаркоў адчуваў, што кожную хвіліну можа ўспырхнуць у неба ракета, асвяціць іх, − і хлопец, не адрываючы позірку ад варожага паднябесся і прыгнуўшыся, шпарка сігаў усё далей і далей уніз, пад ахоў хмызняку. Аднойчы ён зірнуў убок − у цемры чутны былі крокі Гушчына, які, таксама схіліўшы вялікую ў касцы голаў, тупаў уніз; далей у чорным на раллі змроку адчувалася прысутнасць людзей − іх рухі і ціхі тупат; убачыць жа нельга было нікога.
        Так яны дайшлі да самага нізу з паскаю снегу па-над балотам. Сяржант прыпыніўся, апусціў хобат, побач чуйна прысеў Тарасікаў. Жаркоў паглядзеў уздоўж свайго ланцуга − зводдаль цераз снег мільганула некалькі цьмяных постацей, снег зарыпеў пад нагамі, і ў сяржанта здрыганулася сэрца: цішэй! Хоць бы на лёдзе не грукалі, хоць бы ціха як-небудзь! Яму хацелася скамандаваць, прыкрыкнуць на неасцярожных, але абстаноўка не давала таго зрабіць, заставалася адно толькі трываць і чакаць. Затым ён сам, шорхаючы ботамі, перайшоў умерзлы калючы снег і ступіў на лёд між кустоў. Тарасікаў, схіліўшыся, тупаў следам.
        Жаркоў стараўся ступаць як мага цішэй, падмерзлы шурпаты лёд быў уначы слізкі, як шкло, і гумовыя падэшвы бясшумна слізгалі па ім. Адны только кулямётныя колы ніяк не хацелі суцішыцца, глуха, настойліва стукалі на кожнай самай маленькай няроўнасці, і сяржант ад напружання моцна сціскаў сківіцы. У кустах адразу стала цямней, усякая сувязь з яго ланцугом абарвалася; аднойчы пачулася толькі, як шас-нула непадалёк дрэўца, пэўна, Гушчын неасцярожна закрануў яго. І ўсё сціхла, прапала, да часу стаілася. «Толькі б ці-ха… толькі б ціха», − бязгучна шапталі ў цемры сяржантавы вусны, і ён крадком, як начны злодзей, не адрываючы ад лёду падэшваў, сунуўся ў змрок, абмінаючы кусты, купіны, хамлакі скрапанай леташняй травы.
        Але зусім ціха перайсці балацявіну ім не ўдалося. Раптоўна і таму жахліва пачулася ў цішыні, як непадалёк затрашчэў, зашастаў лёд, пляснула вада, − відаць, нехта сунуўся ў ледзьве падмерзлую палонку, прабітую мінай. Жаркоў прысеў ад нечаканасці, страхавіта стаіўся побач Тарасікаў. Сяржант вылаяў у думках неасцярожнага байца, але неўзабаве зноў маўклівая цемра запанавала над балацявінай, і ён рушыў далей.
        Праз якую хвіліну ён вылаяўся ў другі раз ужо сам на сябе − пад нагамі раптоўна і, як здалося яму, страшэнна гучна затрашчэў, зашастаў, увагнуўся лёд, сяржант кінуўся ўбок, толь-кі намачыўшы падэшвы. Разам з Тарасікавым яны збоч абы-шлі гэтае разбітае мінамі месца, прыгнуўшыся, прадраліся праз лазовы гушчар, які сцябаў па тварах намерзлымі розгамі і чапляўся за кулямёт, выглянулі на невялічкую прагаліну. Тут яны насцярожана і страхавіта на момант прыселі. На прагаліне ля купіны, прыпаўшы шчакой да лёду і выкінуўшы наперад руку, ляжаў забіты. Здавалася, ён лёг толькі нядаўна, нібы прыслухаўся да чагосьці пад лёдам. Жаркоў перавярнуў яго нягнуткае, ужо скалянелае цела − то быў маладзенькі, як і Тарасікаў, баец па прозвішчы Верацённы, які прыйшоў у іх ро-ту з апошнім папаўненнем. Жаркоў прыпамятаў, як калісь за дзень да наступлення ў горача натопленай камандзірскай зямлянцы гэты Верацённы дапамагаў парторгу выпусціць «баявы лісток» і хімічным алоўкам, бы на якім экзамене, старанна выводзіў: «Уваб’ём асінавы кол у магілу фашысцкіх захопнікаў!» «Невядома, ці ўдалося хлопцу забіць хоць аднаго фашыста, а сам ужо… гатоў», − падумаў Жаркоў і, спаха-піўшыся, рушыў далей.
        Яшчэ праз хвіліну нейкая розга гучна лязгнула па Тара-сікавай скрынцы, Жаркоў прыпыніўся, каб сказаць: «Цішай!» − і ў гэты момант цемра над балотам раптам прарвалася, ноч знікла, здалося, загарэлася неба, незразумела і суладна ў светавым жаху крутнуўся і шаснуў убок хмызняк; доўгая цень Тарасікава матлянулася між кустоў і смыкнула да хлопца. Імгненна адчуўшы бяду, Жаркоў распластаўся на лёдзе і закі-нуў угору голаў − у небе, губляючы вогненныя кроплі, імчала на іх ракета. Наўздагон ёй данёсся глухаваты кароткі стрэл.
        Жаркоў сцяўся ад неспадзяванасці, прыціснуўся к долу, адчуўшы, як нешта абарвалася ў яго грудзях. Пакуль яшчэ ракета імчала ў небе, хлопец зірнуў убок, але ў кустоўі адно толькі ззялі на лёдзе агністыя плямы-водбліскі, перарэзаныя чорнаю блытанінай ценяў. Нікога з яго байцоў нідзе не было відаць.
        Ракета патухла, сяржант пачакаў крыху, аслеплены цем-рай, і толькі памкнуўся ўстаць, як у неба ад вёскі скокнулі адразу дзве новых, недзе збоч і зводдаль яшчэ адна, і адразу ж захлібнуўся, загрукацеў, разбурыў цішыню кулямёт. Як і над-вячоркам, мільготкія апантаныя пісягі-трасы пранізалі хмызняк.
        «Заўважылі… заўважылі… заўважылі… − стукала ў грудзях сэрца. − Эх ты!.. Эх!..»
        − Бягом! − гукнуў Жаркоў на Тарасікава, які знік недзе побач, і раптам выразна адчуў, што ўсё задуманае, спадзяванае паляцела ў нябыт. Іх убачылі, асвяцілі, асляпілі, далей не было ўжо чаго таіцца, трэба было як мага хутчэй прарвацца з ба-лота пад укрыццё маленькага ўзмежка пад плотам на краі гародаў.
        − Наперад бягом! − другі раз праз грукат чэрг крыкнуў ён у кусты. Ракеты пагаслі ў паветры над лазняком, адно толькі секлі, снавалі, сыхозіліся і разміналіся імклівыя струмені трас. Балацявіна загрукала рэхам ад стрэлаў, трасы стрыглі, секлі хмызнякі і ганялі ў лёдзе агніста-мільготкія водсветы.
        Спатыкаючыся і абдзіраючы твары, яны праскочылі праз апошні на краі балота лазняк і выбеглі на зіхатлівы ад трасоў прастор. Трасы імпэтна мільгалі на вышыні чалавечага росту і па-над самай зямлёй, але ўсё ж узмежак ля гародаў затуляў невялікі, метраў у дваццаць, беражок балота. Жаркоў упаў і, штурхаючы перад сабой кулямёт, папоўз па лёдзе туды, на рубеж атакі.
        «Скарэй!.. Толькі скарэй!.. Ну скарэй жа! Скарэй», − роспачным унутраным крыкам-воклічам падганяў ён самога сябе, стараючыся як мага хутчэй дапаўзці да ўзмежка, дзе можна было затуліцца ад кулямётаў. Некалькі куль дзёўбнуліся каля яго, у хлопцаў твар пырснула крошкамі лёду, але ён не спыніўся, не захінуўся за кулямётны шчыт − ён толькі азірнуўся. Тарасікаў, лязгаючы скрынкамі, поўз следам. Вя-лізная зялёная каска напаўзла хлопцу на самыя вочы, і ён, ві-даць, не мог яе паправіць. Гушчына нешта не відаць было, але воддаль пад узмежак поўз яшчэ нехта. І раптам сяржант убачыў, што нехта ўжо апярэдзіў усіх і ўжо туліцца, варушыцца пад самым плотам, нібы прыладжваецца, каб распачаць страляць. «Малайчына! − падумаў Жаркоў. − Хто ж гэта?» Той чалавек сваім прыкладам умомант надаў сілы і рухавасці, Жаркоў, напяўшыся, штурхнуў наперад сцежалелы кулямёт, потым яшчэ і яшчэ. Трасы штораз усё вышэй адрываліся ад зямлі, ужо можна было прыўзняцца на лакцях, і неўзабаве сяржант, абліваючыся потам, спыніўся перад узмежкам.
        Ракеты адна за адной палілі начное неба, шыпелі, падалі, гарэлі ў марозным паветры, і камандзіру не трэба было дужа ўглядацца, каб убачыць усё, што рабілася ў яго ланцугу. Пад узмежак прыпоўз Тарасікаў, зводдаль пад плотам ляжалі яшчэ тры невядома чые постаці, двое распласталіся ззаду на лёдзе − можа, паўзлі, а можа, былі ўжо забітыя. Астатніх пакуль не было нідзе. Кулямёты ўсё білі цераз іх галовы, начны прастор гудзеў і калаціўся ад дзесятка грукатлівых чэрг.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.