РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здубавецьця
Замест уступу
Рагацьцё
Прыбабунькі
Загадкі
Словы матчыны з Вушаччыны
Я сваю Марынку хоць пасярод рынку!
РАГАЦЬЦЁ
РАГАЦЬЦЁ
ЗАМАЛЁЎКІ
        
        Вушацкія называюць усё абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нішто й нешта, прастакаватае й хітраватае, вясёлае й сумнаватае адным словам «здубавецьця».
        
        
Адзін
        
        На стол гаспадыня паставіла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў і заплакаў.
        – Чаго ты, сынок, плачаш? – пытаецца бацька.
        – Што я ў цябе адзін...
        – Ня плач. Адзін ды ладзін.
        Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.
        – Адзін ты ў мяне, каб ты быў апошні...
        
        
Сумеў
        
        Была талака ў пана. Усё зрабілі. Ну, пан і трактуе талакоўцаў. Сталы ломяцца ад закусі. Толькі там-сям сірацеюць пляшкі з дарагім пітвом. Трохі выпілі, нешта ўкусілі. Сумна разышліся.
        І была талака ў беднага мужыка. Той на пачастунак нагнаў самагонкі, мацнейшай за самую заядлую лаянку. А на закусь – напарыў рэпы. Упіліся як не да сьмерці. Нехта шыю скруціў, нехта нагу вывернуў, некаму нос ледзьве не адкусілі. Прыйшоўшы ў сябе, доўга ўспаміналі ды прыгаворвалі: «Хоць бядняк, а сумеў жа людцаў прывеціць!»
        
        
Давай Макеенку
        
        У Вушачы быў славуты савецкі служачы Макеенка. Славуты тым, што выпіваў 25 куфляў піва. І, казалі, калі заходзіў у раку, яшчэ ў тыя часіны глыбокую, вада сама трымала яго наплыву, як мячык. І яшчэ славуты быў як спец па жанчынах.
        Жонка павяла карову да быка ў калгас прыгарадны, які сваёй галечай апраўдваў назву, у «Пралетарыю». Працаўнік каровінага загса ня бачыць, хто прывёў карову, дый пытаецца, а ці здаровая карова, ці дужага быка трэба, а з вуліцы прыёмшчыца адказвае, што здаровая. Тады злучнік-разлучнік крычыць:
        – Давай ёй Макеенку!
        
        
Голас аглабліны
        
        Сталінская дэмакратыя. Кулакоў ды шмат каго яшчэ пазбавілі права голасу ў камедыі выбараў. Едзе заможнік. Ідзе дзядзька зь бяднейшых. Заможнік як ехаў ды з разгону яму аглабліной у плечы. Ня збочыў.
        – Ты чаго, класавы вораг! Ня мог крыкнуць? – мацюкаецца хадак.
        – Я права голасу лішон...
        Яна не сама сябе прыдумала прымаўка: дурны як аглоблі...
        
        
Мая таксама
        
        У аднаго чалавека было шмат дзяцей. І ўсе – дочкі. А жаніхоў няма. У сябра ягонага таксама адны дочкі незамужнія. Жылі ў розных вёсках, далекавата. Бачыліся рэдка. Сустракаюцца, здароўкаюцца. І адразу:
        – Ці ведаеш, Стахван, якое гора ў мяне?
        – Не кажы,Селівей, мая таксама нарадзіла.
        
        
Дзецяроб
        
        У багатых-забагатых бацькоў была дачка. Дужа хацела дзіця. Яе супакойвалі, што трэба назьбіраць надта шмат грошай, тады наняць дзецяроба. Ён і зробіць дзіця.
        Адлучыліся гэта некуды бацькі. Засталася дома адна дачка. Грукаецца нехта. Дачка пад замком. Пытаецца, хто грукаецца. Чуе ў адказ, што гэта дзецяроб. Дзяўчына й кажа, што не хапае яшчэ грошай на дзецяроба, не назьбіралі. А гэты нехта згодны бясплатна ўсё зрабіць, каб дзіця было. Адамкнула дзьверы. Прыходзяць дамоў бацькі, а дачка сьпяшаецца ім паведаміць радасную навіну: быў дзецяроб і ні капейчыны за працу ня ўзяў...
        
        
Сьвіны бык
        
        Жылі суседзямі мужык з жыдом. Мужыкоў кнур раз убіўся ў гарод да жыда. Той з прэтэнзіяй:
        – Іван, а Іван! Твой сьвіны бык парыў мая ўся бульба.
        – У мяне няма ніякага быка. Ёсьць толькі кнур.
        – Пад які там шнур. Ён парыў абы-як – і ўздоўж і ўпоперак.
        
        
У Курты пад хвастом
        
        Адзін вясковец украў быка, асьвежаваў, пачаў варыць, а ўсё астатняе мяса схаваў у яму пад падлогай.
        Прыехалі шукаць. Сядзіць малы галапузы. Участковы яму тыц пальцам:
        – Пуп – наеўся круп.
        – А вот жа бычыны.
        – А дзе бралі бычыну?
        – У Курты пад хвастом.
        Сучка Курта якраз сядзела на падлозе, дзе яма. На тым сьледства й скончылася.
        
        
Даўно сьпяць
        
        Выйшла дзеўка замуж. Ночы зімовыя даўгія. А прасьці ёй даюць дужа. Яна прадзе-прадзе дый прыгаворвае:
        – А ў майго таты даўно сьпяць...
        Але ў новай сям’і ўвагі не зьвяртаюць.
        
        
Ці даўно йдзеш?
        
        Ідзе сабе маладзіца дый, як любіў казаць некалі Караткевіч, маскаля пускае, гучна страляе, бо навокал нікога. Але празь нейкі час вырашыла азірнуцца. За ёй ідзе мужчына.
        – Ці даўно ты йдзеш, чалавеча?
        – Адтаго, як ты першы раз рогнула.
        
        
Як ахвяравалася
        
        Маладзіца ахвяравалася паўзьці ад хаты да царквы. Паўзе. А спадніца спаўзла. Ідзе чалавек дый пытаецца:
        – Як ты паўзеш?
        – Як ахвяравалася, так і паўзу...
        
        
Дзе два коміны
        
        Пад час польскае акупацыі жаўнеры пасьвіліся самапасам. У Кавалеўшчыне, што пад Вушачай, дзе нарадзіўся бацька мой, жаўнеры панадзіліся да крыху заможнейшага кавалеўца. Пазнакай служылі сінія вароты. Бедалага, нарэшце, зьняў вароты, тады палякі кіраваліся ў хату, дзе два коміны. Комін зімой ня збурыш.
        
        
Шыла
        
        Шавец наказваў жонцы:
        – Калі памру й будзеш хаваць, пакладзі мне ў труну шыла.
        – Што, й там зьбіраешся боты шыць?
        – Ды не. Калі ты сядзеш на маю магілку сраць, каб мог я табе ў зад шыла загнаць...
        
        
Там і радзіма
        
        Пасля вайны па фінансавай лініі працаваў недалужны, падсьлепаваты Пейсахоў. Зь яго звычайна нязлосна пакеплівалі, асабліва дзяўчаты, на якіх ён ласа пазіраў.
        Перавялі Пейсахова з раёна ў недалёкі сельсавет. Прыязджае ён неяк у Вушачу. Яго й пытаюць:
        – Ну, ці сумуеш ты па радзіме? (Гэта значыць, па Вушачы. Сельсавет чамусьці некаторым здаваўся ледзь не далёкай дзяржавай).
        Пейсахоў прастадушна-тужліва адказаў:
        – Дзе хлеб, там і радзіма.
        
        Паслухалася
        Галосіць жонка па мужыку, аж разрываецца і прыслухоўваецца, каб суцешылі. Нарэшце нехта з суседак паспачуваў:
        – А досыць табе, Праксэда, убівацца, пашкадуй сябе.
        Гаротніца плача, але ўжо весялей:
        – Калі ж досыць, дык і досыць...
        
        Стаіць
        Хварэў дзед. Захацеў скароміны. Зарэзала жонка пеўня й паставіла ў печку варыць. Памёр, так і не паспытаўшы пявучага мяса. Стаіць кацёл за заслонкай. Плача баба нарасьпеў:
        – А ты ж памёр, а твой пеўнік стаіць...
        
        Такая й мазь
        На калёсах мужык вязе Калініна. Колы нямазаныя. Рыпяць. Седаку гэта не па нутру. Вазак спыняе каня. Ськідвае порткі й проста на ўтулкі валіць. Калінін абураецца:
        – Што ты робіш?
        – Якая ўлась, такая й мазь! А не падабаецца – злазь!
        
        Дай дзёрну
        Маладзіцы трэба абкласьці магілку. Узяла яечак у кошык ды пайшла да пана па дзёран. Прыходзіць і просіць:
        – Паночак, дай за яйцы дзёрну.
        Пан, ня зразумеўшы каламбуру, шарахаецца ад маладзіцы.
        
        Прыехала
        У Вушачу прыехала прадстаўніца ЦК камсамола. Ходзіць важна адказная. Местачкоўцы заўважаюць:
        – Прыехала нейкая с цыка й стрыбчыць сабе гэткай начальніцай... Сікша...
        
        Пей!
        Да лекара прыйшла жанчына ў гадах. Лекар гаворыць, як і належыць «вучонаму» чалавеку, толькі па-расейску. Ставіць шклянку з вадой дый кажа:
        – Пей!
        Жанчына й запела:
        – Пасею гурочкі...
        
        Лянько
        – Лянько, на яйко.
        – А ці аблупленае?
        – Не.
        – Тады еш сам!
        
        Радзей
        Сын прыслаў маці ліст, напісаны дужа ўборыстым почыркам, густа.
        Маці й папрасіла ў адказ у лісьце: «Сынок, пішы радзей, бо вочы мае кепска бачаць...» І сын пачаў пісаць гады ў рады. Зразумеў маці.
        
        Не па катлу
        Выйшла замуж маленькая дзяўчына, як у нас кажуць, курдупэпачка за здаравілу. І меў гэты здаравіла ўручча нападоймішча. Зусім зьвялася. Усе са спачуваньнем казалі:
        – Дзіва што! Не па катлу затаўчына.
        
        У дзьве рукі
        Сын маці рэзаў танюсенькую скібачку хлеба й падаваў, прыгаворваючы: «Пераймай, мамачка, у дзьве рукі, а то пераломіцца». Жонцы ж даваў у вадну руку ў паўбохана. Пра маці «рупіўся» болей.
        
        Клёцка з вачыма
        У местачковай жыдоўскай хаце. Малому паставілі нешта есьці. Аднекуль жаба скокнула ў талерку. Малы чуў пра клёцкі, ды ня часта, відаць, іх еў. Таму й крычыць:
        – Мама, а мама. А ў клёцкі цвай воцкі й фір лапачкі.
        
        Ні грому, ні пагрому
        Дзядзьку з суседняй Кавалеўшчыны выклікалі ў суд, бо падазраваўся, што ўдзельнічаў у пагроме. Сьледчы пытае:
        – Ты быў на пагроме?
        – Сонца было ў дзьве ляхі. Узяў я пірага. Зьеў. Ні грому, ні пагрому – была чыста ясная пагода.
        Зноў задае тое ж пытаньне й чуе той жа адказ. Пакуль не стаміўся.
        Выйшаў дзядзька з суда дый сам сабе сьмяецца:
        – Ах, сьледчы-сучка. Хацеў мяне вывесьці. Хрэн ты мяне выведзеш.
        
        Мы з табой ішлі
        Ішлі Янка з Янкелем і знайшлі торбачку. Янка, зразумела, ухапіў. Янкель стараецца давесьці спадарожцу, што ён узяў знаходку.
        – Яначка, кажы, як было. Мы з табой ішлі?
        – Ішлі.
        – Торбачку знайшлі?
        – Знайшлі.
        – Торбачка пок?
        – Пок.
        – Яначка хоп?
        – Не.
        І так да бясконцасьці.
        
        Я ж казаў...
        У бедную хату госьць, як пажар. З апошняга выстранчыла, вымадзіла гаспадыня яечню. Малому хочацца есьці. Маці яму тлумачыць, што госьць пакіне, ня ўсё зьесьць. Госьць пачынае частавацца. Малы цераз каптур сочыць за кожным рухам. І калі госьць падчапіў апошні кавалак сала, малы ня сьцярпеў і загукаў на ўсю хату:
        – Я ж табе казаў, што ўсё зьесьць. І зьеў!
        Гэта замест салодкага – малечая гаркота госьцю.
        
        Рэпертуар
        Старцы хадзілі ад вёскі да вёскі. Сьпявалі такімі галасамі й гэтак жаласна-набожна, што словаў і ня разабраць было. Аднак нехта ўсё-ткі расчуў тэкст сьпеваў. А быў ён дужа ўжо няхітры:
        
        

                Ой, ня так жа мы селі, як летась сядзелі,
                
        Ой, ня так жа нам далі, як летась давалі...
                

        
        Сучасныя эстраднікі падчас нагадваюць сваім рэпертуарам памянёных старцаў.
        
        У космас
        Вушацкі Пяцюша тым і жыў, што чысьціў сральні. На досьвітку касьмічнае эры ці пад паўдзён яе вядомы сваімі жартамі ягоны цёзка Трафімаў з сур’ёзным выглядам параіў Пяцюшу кінуць вядро й чарпак і падацца ў касманаўты. І плоцяць добра, і слава на ўвесь сьвет. Пяцюша адно запытаўся, а як гэта зрабіць. Жартаўнік кажа, што запісваюцца ў пасялковым савеце. Пяцюша й падаўся ў савет. Ды ў космас ня ўзьляцеў, а ў яму ад роспачы ледзь ня ўляцеў.
        
        А нашто мне
        Бабылка хадзіла па жэбрах. Хто кавалак даваў, хто хвост каўбасы, хто локаць суравога. Ды ў аднае хаце насыпалі ў торбу мукі. Жабрачка й галосіць:
        – А нашто ж мне гэта мучанька, а нашто ж мне гэта горанька?
        Бывае, што пададзенае горай за крадзенае.
        
        Гонар даражэй
        Вушацкім рыбакам зь невялікае арцелі прапанавалі разводзіць і лавіць люгашак. Самалёт мусіў адвозіць жывы далікатэс аж у Францыю. У мокрым мосе. Сьвежанькіх. Цана была прапанавана добрая. Здавалася, што тыя, хто прапановы такое ня меў, пазелянеюць ад зайздрасьці зеляней за люгашак. Ды рыбакі сказалі савецкае «не», як тым падпальшчыкам вайны. Яшчэ аракаў куды ні йшло. І дзяды й прадзеды былі рыбакамі, а не жабаловамі. Гонар даражэй.
        
        Калі ўжо сышчыць?
        Прыязджаю дамоў. А мама пытаецца ў мяне, калі ўжо Броўка сышчыць прэмію. Перад Ленінскай прэміяй нашага земляка радыё амаль штодня, дакладней, штораніцы давала перадачы, вядома ж, па-расейску, з нязьменнай рубрыкай: «На соискание Ленинской премии...» Бо кніга вылучалася ў перакладзе на расейскую мову. А ў гутарковай мове сыскаць, значыць спагнаць нешта сваё, пазычанае ці ўкрадзенае некім. І, відаць, перадачы радыё гэтак знадакучылі маме, што яна й запыталася ў мяне каламбурна.
        
        Слабы зрок
        Унук паказвае бабулі сшытак:
        – Ці добра я напісаў?
        – Дрэнна.
        – Цяпер, бабуля, я сапраўды бачу, што ў цябе слабы зрок.
        
        Злаўлю!
        Троху прыдуркаваты бегаў па даваенным мястэчку й крычаў:
        – Янкель, купі шчупака.
        – Дзе ён?
        – Злаўл-лю-лю!
        
        Развагі
        Муж, які зьмяніў шмат жонак, бо паміралі, суцяшаў сябе:
        – Бог узяў босую, а я ў чаравічках вазьму.
        Другі муж, у якога таксама часта мерлі жонкі, даводзіў у рыфму:
        – Чым мне Бог сагразіў, што я поўну клець скрыняў навазіў?
        
        Можна таўчы
        Сыны пажаніліся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацікі яму:
        – Чаму рукі ня мыў. Можа, трымаўся.
        – Маім яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя...
        
        Могуць на хаду
        Мама казала:
        – Што цяперашнія за танцы. Труцца перадамі, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзіця зробіць.
        
        А ці ўмее
        Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:
        – Дачка ці нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А ці ўмеіць яна жаць?
        
        Матырынцы
        Матырынцы трывала ўвайшлі ў показку: «Цалуй тата маме ў сраку, – матырынцы рог укралі». Што гэта быў за рог – у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, ці карэнны вушацкі чалавек, ці наезджы. Неяк ехалі з «Прарыву» з Васілём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкі. Васіль меркаваў, што маглі быць першапачаткова Бугрынкі. Прагаласавалі дзяўчаткі. Узялі іх у аўтобусік наш. Пытаюся, што зрабілі матырынцы? Толькі адна сарамяжліва заўсьміхалася.
        Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архірэя прымалі. Вырашылі пабудаваць туалет, ды ня абы-які. Калі высокі госьць зробіць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткі для мыцьця падлогі з наматанай мяккай анучкай павінна адпаведнае месца выцерці. І ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архірэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робіцца. Чалавек, які стаяў недзе ўнізе ў яме ці збоку, вырашыў, што нячыста выцер, і правёў гэтым, так бы мовіць, квачом архірэю па губах. І да сёньня ніводзін архірэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якія рог укралі. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасіце, матырынцы, прыеду сьвянціць. Нібыта гэта сказаў усё ж на разьвітаньне ўгневаны архірэй.
        
        Разьвіталася
        Прыйшла маладзіца на споведзь. А бацюшка яе й пытае:
        – Ці ласкава ж ты разьвіталася-папрашчалася з мужам сваім?
        Маладзіца адказвае, што ня было часу калі разьвітвацца. Бацюшка раіць пайсьці і па-добраму разьвітацца з мужам, каб Бог усе грахі дараваў. Бо чалавеку ў злосьці ў царкве грахі ня адпушчаюцца.
        Пабегла маладзіца раз, нешта буркнуўшы свайму мужыку, пабегла другі, пабегла й трэці. Усё вяртаў яе бацюшка, кажучы, каб палюбоўна разьвіталася. Прыбегла апошні раз пад вакно й пракрычала хуткамоўкай:
        – Прашчай, пранцавей, каб цябе балесь забіла! Час сьцёрла, лапці зьдзёрла і ў споведзі ня была!..
        
        Дай Божа!
        Да сьвятара прыйшла дзеўка-перастарак. Як у нас казалі, яна на высадкі засталася. І дапытваецца ўсё ў айца, ці выйдзе замуж. Ён глядзіць на несхлямяжую дый прагаворвае:
        – Дай Божа, дай Божа, ды ня ведаю...
        
        Талкуёчак
        У Вушачы, дакладней у «Пралетарыі», ў адной сям’і была мянушка Талкуй. Ніхто ня ведаў сапраўднага прозьвішча гаротнікаў. Адзін з Талкуёў цёпла прыжаніўся ў суседняй вёсцы. Зажыўся. І ў базарны дзень прывёз у Вушачу прадаць бараніну. Кожны хацеў ласейшы кавалак. Каб з ныркай капусту варыць, марыць шмат ня магло, але ня хацелася ж нікому і голых касьцей. І пачалі паддобрывацца ці, як у нас кажуць, падхлеблівацца:
        – Таварыш Талкуёў. Даражэнькі Талкуёчак...
        А ён толькі болей халяруе.
        
        Цясютка
        Вушача была партызанскай сталіцай. У Леплі стаяў нямецкі гарнізон. Адпаведна й частка вушацкіх паліцэйскіх там была. Пасьля вайны былыя вушацкія партызаны панадзіліся ў Лепля па кароў. Прызнавалі сваіх. Часам і чужую карову за сваю прызнавалі. У Вушачы жыў Сімкін. І ён вырашыў «прызнаць» карову. І прызнаў. Але гаспадыні ня надта каб хацелася аддаваць сваю кароўку ў чужыя рукі. Справа дайшла да суда. У Сімкіна й пытаюцца:
        – Чым вы можаце давесьці, што карова вашая?
        – Я ёй кажу: цясютка, а яна мне ў адказ: мммууу...
        
        Туды й чапляй
        У Вушачы было дзьве маці-гераіні. Абедзьве былі вясёлыя й вострыя на язык. Іх так і звалі – гераіні. Аднае зь іх трэба было ўручыць адпаведны ордэн. Даручылі намесьніку старшыні райвыканкама, крыху сарамліваму не па пасадзе. Віншуе гераіню і чапляе ордэн. Яна:
        – Куды ты мне чапляеш?
        – Ну, вядома, на грудзі.
        – Чым заслужыла, туды й чапляй!
        
        Відаць, і ты...
        Ажаніўся бедны з яшчэ бяднейшай. Зжыліся, як кажуць, на самоў хвост. Прыйшла вясна. Ідзе жанацік, а яго ветрам у бакі водзіць. На траву выйшаў бычок. Схудалы. Скура ды косьці. Глядзеў-глядзеў на яго жанацік дый кажа:
        – Відаць, і ты, бычок, жанаты...
        
        А ты лыжачкай
        Завітаў у хату салдат. Маладзіца засмажыла служываму яечню ў калена, як кажуць вушацкія. Паставіла на стол. Пасадзіла разам з салдатам і сынка. Сама завіхаецца каля печы (так і рупіць ужыць гэтую класічную фразу з нашае побытнае прозы). Ледзь малы памкнецца да патэльні, госьць коле ягоную руку відэльцам.
        Малы крыўдзіцца:
        – Мама, мама, а салдат відэльцам.
        – А ты, сынок, лыжачкай...
        
        Ні кашкі, ні малачка
        Зайшоўся салдат да маладзіцы пераначаваць. Здарожыўся. Сядзіць. А насупроць яго гаспадыня ў адной спадніцы бяз нічога сподняга і ў вясёлай паставе. Гаспадыня й пытаецца ў падарожнага, што яму даць, ці кашкі, ці малачка. Салдат адказвае:
        – Ні кашкі, ні малачка, толькі сядзі, бабка, як сядзела...
        
        Як сонца падымецца
        На ільнозавадскім пасёлку жыў Піліп. Скрыпач. Ахвотнік да маладзіц. Суседская дачка была як дзьве кроплі вады падобная да ягонай. Жонка была западлівая. Казалі, што калі песьціла ў ложку Піліпа, на сэрца клала мокрую анучку, – каб сэрца ў жонкі ня стала, а хлапчукі, падобныя да Піліпа, нараджаліся ў маладзічак. Ды гады пачалі браць сваё. І пайшоў Піліп у Вушачу расстарацца вады ад немачы. Знахарка, якая лічылася такой, была вясёлая на язык. І параіла. На ўсход сонца стаць, спусьціўшы порткі. Як сонца пачне падымацца, і ўсё астатняе таксама...
        
        Абы цяляткі
        У аднаго вушацкага доўга ня было дзяцей. Нарадзіўся сынок. Радасьць. Ды злыя на язык хацелі ахаладзіць шчасьлівага бацьку, намякаючы, што ня ён творца. І адказаў гаспадар нядобразычліўцам:
        – Чые бычкі ні бычкі, абы мае цяляткі...
        
        Ня езьдзіў на валах
        Вушацкі сувязіст Апёнак ставіў громаадвод у калгасе былой Заходняй вобласьці. Мяжа йшла ў нас дужа недалёка. Нахапіўся вечар. Апёнак сабраўся йсьці дамоў. Старшыня кажа: вазьмі ровар і едзь. Сувязіст аднекаўся, бач, лепей пехатою пойдзе. Назаўтра скардзіцца старшыню, што замарыўся, пакуль дамоў дайшоў. Старшыня напамінае пра ровар. Апёнак гаворыць, што ён на валах ніколі ня езьдзіў. Старшыня тлумачыць – ровар ня вол, а веласіпед.
        Апёнак злуецца:
        – Так бы й казаў, што веласіпед. А то ровар, ровар. Падумалася мне, што гэта вол.
        
        Перажывём неяк
        У Вушачы быў, так бы мовіць, мастак, што ў асноўным піў, як у бот ліў. Часам на чарніла (фарбы былі казённыя) зарабляў, ледзьве пэцкаючы няхітрыя савецкія плакаты раённага маштабу ды афішы, калі якое кіно будзе. Сустракаю гэнага мастака пад час хрушчоўскае кампаніі барацьбы з фармалістамі й абстракцыяністамі. Як і належыць – пьяны-пьяны. Суцяшае сябе й мяне за кампанію:
        – Ну, нічога. Нас усіх б’юць, перажывём неяк.
        
        За свае грошы
        На прастольнае савецкае сьвята ўдзельнік вайны валіцца абліччам у лужыну, падымаецца ды зноў у тую ж лужыну. Жанчына заўважае:
        – Божа, сіла твая сьвятая! За свае грошы так мучацца.
        
        Моўчкі
        У раённай вушацкай гасьціньніцы ніяк ня можа ўгаманіцца п’яная шафярня. Раве музыка. Жанчына, слабая на нервы, крычыць:
        – Дайце жыць!
        – Жыві моўчкі! – чуецца ў адказ.
        
        Скрабок
        Мужык быў падмяталам. Жонка цьвялілася зь яго, іначай як скрабок і ня звала. Ня вытрываў, такога чосу даў, гаварыць жонка ня можа, дык хоць кіпцюрамі шкрэбае па падлозе. Усё роўна – скрабок!
        
        Прынёс
        Пастухі пасуць авец. Раніца. Туманок. З хмызу падкраўся воўк дый ухапіў ягнятка. І ўцякае з дабычай на сьпіне ягнятнік. (Мама некалі мне тлумачыла вузкія прафесіі ваўкоў. Той, які коней рэжа – канятнік, жарабят – жарабятнік, на гусей палюе – гусятнік.) А пастухі галёкаюць з двух канцоў:
        – Ці гэта воўк?
        – Аняго ж (ідзе ўстойлівы выраз) заяц.
        – Ці ён панёс?
        – Аняго ж (зноў той жа выраз) табе прынёс.
        Пакуль турукаліся, шэрага й сьлед прастыў. Разважлівы вушацкі характар ня заўсягды карысьць прыносіць.
        
        Ня круг
        Вушацкія любілі прыгавор: «Куме мой, куме, дурны твой вуме. За аднаго абеду сем вёрст еду». Казалі й пра такіх, у каго ў роце мухі жэняцца: каша ў печы, а малако ў клеці, дык у клець з кашай па малако хадзілі. І сапраўды – старцу вярста ня круг.
        
        Толькі з панам Богам
        Пасьля вайны ў Заходняй Беларусі шмат хто імкнуўся паехаць у Польшчу. (Хоць пасьля пісалі: ожэл бялы, але жонд радзецкі). Агітатарам з Усходняй было дадзена заданьне чыніць перашкоды. У бальшыне сваёй ад’язджанцы гэтыя былі палякамі касьцельнымі. І вось на адным сходзе ўшацкі актывіст вырашыў пасадзіць маладзіцу ў галёш. Просіць:
        – Ну, калі ты полька, пагавары са мной па-польску.
        Маладзіца адсекла:
        – Па-польску я толькі з панам Богам размаўляю, а з такім чортам як ты й гаварыць ня хачу.
        Зала грымнула рогатам. Агітацыя была зьведзена на нішто. Атрымалася па Марксу: сьмеючыся, чалавецтва расстаецца з сваім мінулым.
        
        Каб яшчэ кудзеля...
        Маці хварэла. Дачка прала кудзелю. Кудзелю спрала. Маці памерла. Дачка галосіць:
        – Каб яшчэ кудзеля была, дык мая мамка б жыла...
        
        Ня носяць запазухай
        На вушацкае зямлі гэтулькі камянёў, аж людзі вераць, што камяні растуць. Было, цэкоўскі інсьпектар адвячоркам пасьля абеду, які ў вячэру перарос, едучы ў райкомаўскай машыне, хваліў начальства за такую ўвагу да авечкагадоўлі. Яно й на цьвярозую галаву ў тумане валуны лёгка за авечак прыняць.
        І дагэтуль распавядаюць, як нехта ехаў на працу ў наш раён з Магілёўшчыны ды браў з сабою два камяні – гнёт на гуркі, на капусту. Яму адразу параілі выкінуць, бо на вушацкае зямлі камянёў хопіць на ўсё. Толькі камень запазухай вушацкія ня носяць.
        
        Дзеці вінаватыя
        Шляхцянка ў касьцёле трымае малітоўнік дагары нагамі. І суседка, якая ўмее чытаць, пытаецца, чаму пані так малітоўнік трымае. Шляхцянка адказвае:
        – То дома дзеці пшэвруцілі.
        
        Ненармальны
        Нехта з вушацкіх шафёраў паехаў у суседнюю Смаленшчыну (яно, калі верыць царскім картам, дык Смаленшчына ня суседняя, а нашая, беларуская), але забыўся ўзяць з сабой папаску. Заўсягды ж ня забываўся, асабліва калі ехаў у Расею. Прыехаў. У вадну хату, у другую – просіць, каб што прадалі: ці масла, ці яек, ці сала. Як на марсіяніна глядзяць за такую просьбу. Нарэшце, калі ногі прыбіў да самага азадку, нехта зьлітаваўся, дый паслаў у канцавую хату: «Там ненармальны жыве». А ненармальны, як выясьнілася, таму, што трымае сьвінчо, курэй, нават кароўку. Ён зь Беларусі пераехаў. Зямляк.
        
        Палатунак ня па зубах
        Пра вайну 1812 года распавядалі ў Кавалеўшчыне. Холад. Голад. Маладзіца зь дзецьмі сядзіць у нейкае яме. Прыходзіць галодны француз, жэстамі даводзіць, што хоча есьці. У маладзіцы ў глінянай місе камянькі, падае французу. Ашалела зірнуўшы на гэтакі ня па ягоных зубах палатунак, француз, як любяць пісаць нашыя эпапеісты, падаўся ў бок лесу.
        
        Дзякуй
        У Кублічах у ваднаго жыда сын ускочыў на каня й хацеў праскочыць празь мяжу. Яна йшла побач з мястэчкам. Памежнікі схапілі ўтрапёнца. Прыбег бацька й пачаў шчыра:
        – І дзякуй вам, таварышочкі, што затрымалі майго баламута. Ён жа, дурань, мог, ня давядзі Бог, у Польшчы апынуцца.
        
        Што рабіў дзед
        Старэйшае пакаленьне вушацкіх і недаўмевала, і бакі ад сьмеху надрывала, калі па радыё перадавалі Купалаву «Паўлінку».
        З радыё чулася:
        
        

                Дзед боб малаціў,
                
        Баба падсявала.
                

        
        А кожны слухач сам сабе працягваў:
        
        

                Дзед у бабы папрасіў,
                
        Баба ня давала.
                

        
        Ці яшчэ:
        
        

                Баба сеяла расаду.
                

        
        Адзін радок сьпяваў актор, а слухач зноў-такі дапяваў:
        
        

                Дзед прыладзіўся к ёй ззаду.
                
        Баба топнула нагой –
                
        Дзед з рассаднічку далой.
                

        
        Янка Купала фальклор ведаў. Ведаў, дзе кропку паставіць.
        
        Вушацкі вугал
        Цесьляры атрымалі заданьне ад райкома зрубіць ізруб пад установу ня як яны рубілі спрадвеку «ў пальчыкі», а ў так званы нямецкі вугал (па-народнаму гэта завецца «ластаўчын хвост»). Каб доўга ня мудрыць і ня мучацца, зрубілі яны ізруб «у пальчыкі», абрэзалі пілой і дошкамі абабілі. І выйшаў вушацкі вугал.
        
        Пойдзем
        Павяла маладзіца карову да быка. А бык нягеглы. Коўзаецца па беднай жывацінцы ды валіцца. Глядзела-глядзела гаспадыня дый кажа:
        – Пойдзем, мая кароўка, тут ня глэбля, а адно ўбейства.
        
        Кароткі дыялог
        Павезьлі ў сваты картавага. І наказалі, каб маўчаў, пакуль сваты сватаць будуць маладую. Але ня ведалі нічога пра маладую. Сядзяць абоя, маўчаць, сваты салаўямі заліваюцца. Малады бярэ нож і пачынае скрэбсьці падавы хлеб, на лістах кляновых сьпечаны. Маладая ня вытрывала й пытаецца:
        – Чаго ты наш х’еб ск’ябеш, што яму – сьвяйбіць?
        – А што я – казёй, каб зь істам есьці?
        Дагаварыліся!
        
        І за скрып
        Прынёс малады кавалер да шаўца шыць боты. Дамовіліся пра цану. Нейкія два рублі. Заказчык было пайшоў, але вярнуўся й папрасіў, каб боты былі абавязкова са скрыпам. Шавец згадзіўся, толькі дадаў:
        – А за скрып яшчэ рубель.
        Сакрэт скрыпу проста раскрываўся: пад падэшву клалася сухая бяроста. Скрыпела як са злосьці.
        
        
Мала
        
        Пасьля вайны часта рабіліся рэформы. Перад кожнаю, каб пазбавіцца ад заўтра ўжо зьбясцэненых грошай, штурмам, як рэйхстаг, бралі ўнівермаг. Падчыстую падмяталі ўсё з паліцаў. Дык у чарговы штурм маладзіца з нядалёкае вёскі позна ўскочыла ва ўнівермаг. Схапіла два хамуты, надзела на шыю, так і выбегла. Як быццам мала было хамута калгаснага прыгону й хатняга клопату.
        
        
Ані тромбалі-бом
        
        Бацюшка гуляў з ксяндзом у карты. Прысягнуў сабе, калі выйграе, будзе служыць абедню, калі прайграе – ня будзе. Прайграў. І пад самую раніцу йдучы дамоў, разбудзіў званара й наказаў:
        – А заўтра, Іван, ані тромбалі-бом, ані дзын-дзалі-дзын, ані за вяровачку.
        
        
Тром блін папалам
        
        Вушацкім чулася, як звоняць званы ў розных храмах.
        У царкве:
        
Бліны, бліны, клёцкі...
Бліны, бліны, клёцкі...
        
        У касьцёле:
        
Тром блін папалам...
Тром блін папалам.
        
        Галодны жывот чуў сыціва.
        
        
Шчыры фальклор
        
        Звычайна фалькларысты самі, наколькі хапала фантазіі дый уменьня кілзаць рыфму, славілі калгаснае жыцьцё, старанную працу, дзіва дзіўнае, калектыўнае. А мне запомнілася чатырохрадкоўе, так бы мовіць, вушацкая дайна, дзе паказаны адносіны калгасьніка да ўсяго калгаснага:
        
А ў брыгадзе нумар тры
Згніла бульба на гары,

Старшыня адно гаворыць:

– Ня бяры да галавы.
        
        Гэта звычайна, калі чалавек марна каму грозіцца, кажуць: зробіць яму гразь на гары.
        
        
Уважылі
        
        Пад час акупацыі да подпісу пад партрэтам Гітлера «вызваліцель» нехта дадаў «ад мяса, ад малака, ад усяго добрага».
        Пасьля вайны ў чахлым вушацкім скверыку гіпсаваму Леніну, каб ня азяб, надзелі фуфайку й у працягнутую руку паклалі некалькі мёрзлых бульбін.
        Правадыра ўважылі!
        
        
Запомніла
        
        Лісіца, шукаючы спажывы, ушчамілася ў карчэўе. Ня магла галаву выцягнуць. Заяц прыладзіўся дый зрабіў усё, што трэба. Назаўтра бяжыць лісіца на шарэньніку, добра ня разгледзеўшы ўчарашняга палюбоўніка (вушацкія на хахаля казалі сюбар), вясёла вітае:
        – Здароў, бобра!
        – Бобра ня бобра, але вылюб добра!
        
        
Тады й надзенеш
        
        Старшыня сельсавету, як і належыла на такой пасадзе, піў бяз пальцаў. (Звычайна, калі цяля адсаджваюць ад каровы, на першых часінах у пойла кладуць пальцы, і паёнік прывыкае піць.) Жонка абнасілася. Запрасілі на нейкія гулі. Жонка й лямянтуе, што няма чаго надзець.
        – А ты надзень сукенку ў гарошак.
        – А дзе яна? Няма.
        – Як будзе, тады й надзенеш.
        
        І сам дзіўлюся
        Прахапіўся сярод ночы гаспадар, і нешта павяло яго ў клець. А там злодзя. Гаспадар за няпрошанага госьця, аж гэта – кум. Дзіва, дый годзе: і кум і злодзя. А тут яшчэ начны госьць дадае:
        – Дзівіся, кумок, і сам дзіўлюся: клаўся на печы, а прачхнуўся ў кумавай клеці...
        Добра яшчэ, што хоць ня каля кумы прачхнуўся!
        
        Ды спаць
        Цыган прыйшоў наймацца касіць сена да гаспадара. У цане сышліся. Тады цыган кажа, што трэба пасьнедаць. Прынесла гаспадыня сьнеданьне. Пасьнедаў ды зноў сядзіць.
        – Чаму касіць ня йдзеш? – пытаецца гаспадар.
        – А давай, бацька, я заадно й паабедаю.
        Паабедаў. Сядзіць. На запытаньне прапанаваў:
        – А давай, бацька, я й павячэраю. Тады цэлы дзень касіць буду.
        Калі зьеў і вячэру, вясёла заявіў:
        – А павячэраўшы – ды спаць!
        
        Шчодры
        Пан даў бабцы грош. І, як толькі сустрэне дзе старую, пытаецца:
        – Бабка, я табе далэм грош?
        – Дзякую, паночку, даў.
        Адказвала, адказвала бабка на адное й тое ж пытаньне пана, ды ўсё ж ня вытрымала. Падала няшчасны грош шчодраму пану, прыгаворваючы:
        – Забірай назад. Я такую ласку і ў жыда знайду.
        
        Што паслаў
        Маладзіца ўзяла маленькага сынка з сабою ў лазню. Памыла, прыхаіла. Апранаюцца ў прымыльніку. Сынок, угледзеўшы ў маці нешта не такое як у бацькі, спытаўся:
        – Што гэта ў цябе?
        – Што Бог паслаў, – у сьмяху адказала маладзіца.
        Дома зьбіраюцца на вячэру. Гаспадар пытаецца:
        – Што вячэраць будзем?
        – Што Бог паслаў, – традыцыйна кажа гаспадыня.
        Сынок, пачуўшы матчыны словы, запярэчыў:
        – Хай тое чорт есьць, што Бог паслаў!
        
        Мазюка
        Мой апошні крэўнік па бацькавай лініі Пятрок як ня ўсё жыцьцё праезьдзіў спачатку як шафёр, а потым як газавік (вялі газапровад па тэрыторыі былога Саюза, яшчэ тады нярушнага) сьвет з прысьветкам. Мова ў яго, натуральна, як у Дземянцея, з ухілам да расейскае. Але што ў маленстве чуе чалавек, адгукнецца празь дзесяткі гадоў. Капалі недзе на Пскоўшчыне чарвей, на рыбу йдучы. Пятрок бярэ аднаго й кажа «мазюка». Рабочыя ня зразумелі, што такое мазюка. Тады Пятрок выхітрыўся й сказаў: па-беларуску чарвяк – мазюка. У нас малому, у якога выскокваў стручок са штонікаў, казалі, каб схаваў мазюку.
        
        Жаласьнік
        Адносна выхаваньня жонкі ў народзе былі рэкамендацыі, якія розьніліся ад шэксьпіраўскіх. Хоць бы такія: «Бабу бі молатам, зробіш золатам. Бі жонку, як шубу, а любі, як душу». Адзін вушацкі жаласьнік, адчуваючы прыліў гневу праведнага, крычаў нецярпліва:
        – Дунька, надзявай шубу – біць буду!
        А некаторыя вушацкія жанкі былі перакананыя: калі ня б’ець, значыць ня любіць...
        
        Руплівы
        На размазьняватага чалавека ў нас ёсьць цягучае слова, якое расьцягвае гукі, нібыта мярліна ногі валачэ: нявывалака. Была й такая прасьмішка:
        – Пакуль бацька змалаціў, сын – жох – і, абуўся, пакуль бацька з току прыйшоў, памыўся, а сын – жох – і пад’еў!
        
        Параднела
        Дзеўка нарадзіла дзіця. У адчаі надумалася яго ўтапіць. Пайшла пад сакрэтам (у нас казалі пад хурымам) сказаць пра свой намер старэйшай суседцы. Тая й параіла:
        – Пацалуй яго спачатку, а потым можаш тапіць.
        Прыйшла дзеўка да рэчкі, пацалавала малое й панесла дамоў. Параднела, пабалючэла дзіця, маці ў дзеўцы прачнулася.
        
        Толькі сярпок вазьму
        Была баба гультайка. Была ў яе ўнучка й сучка. Сачыўка ўжо зазімоўвала. Суседкі пытаюцца ў гультайкі:
        – Чаго ты сачыўку ня жнеш?
        – А на чорта я яе буду жаць. Сучка здохніць, унучка замуж зойдзіць, а я памру.
        Зіма настала. Агарнуў холад, засьціг голад. Есьці хочацца. Пад страхой венік вісеў і калодачка. Вецер як усходзіцца – венічак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
        – Зараз, зараз. Толькі сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
        Выйдзе, а нікога няма.
        
        Во!
        Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькі й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцінца. Дзед радасна й просіць унучка:
        – Пакажы, дзе твой тата?
        – Во – паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вісіць на сьцяне за шклом.
        
        Павінны быць
        Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Ідзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. І сур’ёзна пытаецца:
        – Тата, тата, а ў грыбоў вочкі ёсь?
        – Павінны быць!
        
        Кароткі адказ
        Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купіць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, які жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:
        – Мікола, як там бацька?
        – Гатоў! – коратка адказаў сын.
        Маладому й сьмерць ня ў страх.
        
        Андарак
        Сьвякроў ня любіла нявестку. Усё нявестка была ёй вяліка. Ходзіць па хаце сьвякроў дый бурчыць:
        – За гэтай нядарэкай нідзе ня пройдзеш.
        – Дык яе ж няма, – кажуць старой гаспадыні.
        – Як няма? А вунь жа ейны андарак вісіць.
        
        Самая прыгожая
        Птушанятка выпала з гнязда. Птушкі падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто маці. Птушанятка адказвае, што ягоная маці самая прыгожая. Прыляталі зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што маці прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:
        – Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце...
        
        Як пан
        Пасварыліся муж з жонкаю. І адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць і разважае перад сном:
        – Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку...
        Кожнаму сваё.
        
        Адкупіць
        Сыну, які ня паважае маці, ня клапоціцца пра яе, напамінаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасіла. Ён адказвае:
        – Я магу ёй адкупіць суды малака. (Суды – два вядры).
        Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.
        
        Цяжка
        Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькія засталіся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылі яго й спалохаліся. Калі прыляцела маці, пачалі распавядаць пра страшнога ды вялікага гасьця. Пліска шашэрыла пер’е, хацела зрабіцца вялікай, каб дзеткі прызналі ў ёй таго, хто напалохаў іх. Глядзелі, глядзелі яны дый кажуць маці:
        – Хоць ты лопні, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.
        Цяжка малому ўяўляць вялікае.
        
        Пераможца
        Самым лепшым участковым у раёне лічыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусім прапіў галаву, ня падавалі зьвестак са свайго ўчастка, а складалі сабе графік, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзіць. Яно ж міліцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьці, як цыгану па драбінах.
        І вось у вушацкім Доме культуры ў дзень міліцыі аб’яўляюць пераможцаў у спаборніцтве за цьвярозасьць і парадак. Называюць першага па раёну й клічуць на сцэну атрымаць сувенір. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьці. Відаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмяліўся на дарогу...
        
        Прамачыць горла
        Гаспадар, вялікі жмундзяк, баіцца, што парабкі шмат зьядуць. Перад ядой прымушае іх піць ваду. Так, думае ён, у іхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелі, цярпелі парабкі, пакуль адзін ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:
        – Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!
        Гаспадар пачуў і спалохаўся. Перастаў паіць вадой перад ядой.
        
        За парабка
        У Петруся Броўкі быў брат, які жыў таксама ў Менску. Іншы раз, калі куды выязджаў Броўка зь сям’ёй, прасіў брата прыглядзець за дачай. Пакарміць ката й маленькага сабачку. (І прымаўка казала: маленькі сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцілкавічы да Броўкавай пляменьніцы дый скардзіцца ёй на сваю долю:
        – Яны мяне за парабка маюць. Я ж у іх скаціну гляджу...
        
        І выцерся
        Пайшлі мы з мамай у Купалаўскі тэатр на чарговы юбілей Кандрата Крапівы. Ад імя партыі як свайго вернага спадручнага юбіляра вітаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправільна вымаўляючы беларускія словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыі пацалаваў Крапіву. (У крапіве толькі любіцца кепска.) Я нічога ня заўважыў, а маме кінулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.
        
        Дык і едзь!
        Хлопец з вушацкай вёскі стаў мараком, да капітана дарос. Але жонка ўпрасіла яго перайсьці на ейнае прозьвішча ў памяць пра любімага бацьку. А то род зводзіцца. У іх дзяўчаткі гадуюцца. І зрабіўся хлопец з Балабоўкі (даўняе чыста вушацкае прозьвішча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькі сын, але ня з бацькавым прозьвішчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымі эпітатамі:
        – Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я – паліцэйскім быў, ці ўкраў што, ці забіў каго? Стаў Бальшаковым, дык і едзь бальшаком!
        
        Увесь у мыле
        Яшчэ з паганскіх бадай што часін клёцкі з душамі ў вушацкіх і рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах і на памінках. Клёцкамі з душамі кормяць, калі мужчыны йдуць на цяжкую працу. І дарагіх гасьцей вяльмуюць клёцкамі з душамі.
        На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкі рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе – камбрыгі і некамбрыгі елі са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалі прысмакі. Камбрыг Квіцарыдзе адмовіўся. (Лабанок неяк паказваў біяграфію камбрыга. Між іншых важных паваенных пасадаў Квіцарыдзе была й рычаговая пасада – дырэктар цэнтральнага рынку Тбілісі.) Пакрыўджаныя вушацкія, калі потым знаёмілі нейкіх гасьцей з мясьцінамі партызанскай славы, паказвалі лазьню, якую немцы акружылі, калі камбрыг Квіцарыдзе мыўся. Між іншым падкрэсьлівалі:
        – Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк...
        
        Прыкідваецца...
        Пайшлі ў лазьню суседзі. Зь імі й глухі. Пачалі мыцца, парыцца, хвастацца. Адзін жартаўнік вазьмі дый ліні на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нібыта ліе халадзёнку на гарачыя камяні:
        – А прыкідваўся, што ня чуіць...
        
        Пацягушачкі на парастушачкі
        Пацягнуласядзяўчына, аж, як пісаў Пімен Панчанка, маладыя костачкі хруснулі. Маці расчулена:
        – Расьцеш, дачушка.
        – Брэшаш, мамулька, хачу...
        Дачушка была настроена на канкрэтную лірыку.
        
        Набытак
        Любілі вушацкія прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлі абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалі даведку (у нас казалі дублікат) аб бязгрэшнасьці, аб прыстойнасьці. Другой нагрузілі мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскіх патарчакаў. І падаліся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якім палае агонь пякельны. Як ні торкала бяззаганка даведку – гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувеніры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: «Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла») і перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.
        
        Ванцак
        Захварэла маладзіца на ванцак. Якія лекі ні давалі – рады ня маглі даць. Тут аднекуль вазьмі дый зьявіся здаравіла. Узяўся вылечыць. Толькі ўсіх з хаты выгнаў, каб ня пярэкаліся. А ўсім жа цікава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткі згледзілі. Толькі й разважалі:
        – Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаіць, дык ванцак выганяіць...
        Разважалі, пакуль лекуну моцы было.
        
        Сьветач
        – А ты што, за сьветача быў? – пыталіся ў таго, хто даводзіў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам – значыць стаяць у нагах з лучынкай, калі дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкія былі перакананыя, калі рабіць гэтую адказную працу на гарохавінах, малое будзе сукрыстае, ці, кажучы лірычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкіх кнігарня ў Полацку зь імем «Сьветач». Усьміхаліся старэйшыя, якія мову ведалі ня па казённых падручніках.
        
        І мне
        Кум запрасіў кума ў госьці. Частуе. Налівае. Але калі поўніць сваю чарку, гаспадар увесь час пералівае, прыгаворваючы разгублена: «Ух ты!» Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасіў:
        – Кумок, налі ты й мне хоць раз з ухты!..
        
        Чычыліць
        Носіць бусел сыноў-пагоднічкаў і носіць. А ў селяніна ня хапае рашучасьці, як у драўлянага дзядзькі, зразьбяранага славутым Апалінарам Пупкам, зашчаміць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: «Досыць!» Вяртаецца з ворыва заезджаны, як і ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошні сынок пра самага малога здалёку крычыць:
        – Тата, тата, і Мікітка ўжо хлебец чычыліць...
        Абрадаваў.
        
        Як садзяць бульбу
        Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзіць бульбу – каб роўненька клалася ў разору. А то іншы садзіць так, як бык сцыць.
        І яшчэ трэба, каб кожная бульбінка была адбаблена – адарваны расток (як пупок у нараджэнца).
        
        Зарабіла крыж
        Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкі былі нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкі завялі маладуху на магільнік і, нацешыўшыся ўволю, вырашылі павесяліцца: прывязалі шчодрую на ласкі часовую ўдаву да крыжа. Дый зьніклі. І абначавала кахальніца на магільніку. Недзе пад раніцу ўсё-ткі вывернула крыж ды зь ім і вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзівіцца:
        – Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала...
        
        Ці б я...
        Любілі вушацкія показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:
        – Ці б я гальштук ня насіў? Надзену, а хто-небудзь цоп і панёс сабе.
        Ці б я на рыбу ня схадзіў? Злаві, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабіць. Калі яе ля ракі варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згніе.
        Ці б я на базар ня пайшоў ды ня купіў скароміны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьці, выставіўшы, а ў кішэню пакладзеш, басякі падцікуюць – хоп, і ня зловіш. Так і ем поснае.
        Ці б я ня жаніўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.
        Ці б я ня купіў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакінеш – ваўкі сьцягнуць. А ў хаце зь ім ня спаць.
        Так і жыву аб нічым, нішчымніцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаіны.
        
        Пырскі
        Вушацкі малец быў на заробках там, «где золото роют в горах». Вярнуўся з нейкімі шэлегамі, якія тут жа і пусьціў на вецер у «Вецярку». У кожным райцэнтры такія ўстановы былі абавязкова. Піў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.
        Вушацкія жанчыны казалі як бы спагадліва:
        – Прыехаў з залатых пырскаў...
        Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад піва.
        
        Хор
        Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:
        – Пачынаюць, як камары, тады, як мухі, тады, як авадні, а тады як гікнуць!
        
        За што?
        Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялі ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлі дзеці, унукі, праўнукі. Чытаюць прысуд – дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нічога ня разумее:
        – За што? Ці ж я крала? Я ж на сваім шнурку два снапкі на ніткі ўзяла.
        Показка спачувае: за маё жыта і я ж біта. А тут бабка за свой лянок.
        
        Адметны
        У партработніка пасьля вайны галіфэ былі абшытыя скурай, праціраліся ад паседжаньняў. Усё яшчэ пад камісараў стараліся саўслужбакі. А вушацкія яго адразу ж празвалі – хромавая срака.
        
        Добра
        Маладзіца, у якой зноў завёўся прытыка (так вушацкія завуць прымакоў), радуецца:
        – За пнём галава, за калодай ногі. Добра, калі ў хаці які шавель ёсь...
        
        Проста хацеў
        Званок у вушацкую міліцыю – у Сарочыне (вёрст з дзесяць ад мястэчка) аварыя! Міліцыя. Хуткая дапамога. Прылятаюць – нікога няма, нічога ня стрэслася. Выходзіць спакойны, пад добрай чаркай дзядзька:
        – Ды нічога ня было, я проста хацеў заехаць у Вушачу...
        Давезьлі. Заехаў дзядзька за колькі хвілін на пятнаццаць сутак.
        
        Старцы пабіліся за сухарцы
        Каб неяк скрасіць нуду дарогі й голад хоць на словах ашукаць, старцы разважаць пачалі. Адзін папросіць хлеба, другі малака. Той, хто будзе прасіць хлеба, задуменна й кажа:
        – Укушу я хлеба ды хліб-хліб малака.
        – Ах ты такі-растакі, я малако буду прасіць, а ты па два разы хлібаць?
        І сварка ў бойку перайшла – счубіліся. І на паўшкі пайшлі. Як ня пазабівалі адзін аднога, яшчэ да вёскі ня дайшоўшы. І ні вячэры, ні цяцеры...
        
        Сама
        Маладзіца галосіць, запытваючыся, ці то ў мужа, які ляжыць на куце на паповых санях, ці то ў тых, хто прыйшоў разьвітацца з суседам:
        – А хто ж мяне пабуджаць будзіць?
        Адна ня вытрымала дый кажа:
        – Сраць захочаш, сама ўскочыш.
        
        Местачковы дыялог
        – А што ў цябе зялёнае ў роце?
        – А хіба знатка? Гэта ж я тваю зялёнку выпіла.
        На пахмельле й зялёнка, як самагонка.
        
        Драматургія побыту
        Мая апошняя радня па бацькавай лініі, пратарэклівая цётка Марушка скардзіцца:
        – У зялезным магазіне тапароў людскіх няма, толькі такія, як галовы па тэлевізару адсякаюць...
        Выходзіць, цётка і алебарды бачыла.
        
        Ён, паночак...
        Прывяла маладзіца малога да доктара. У яго, кажа, з жыватом нешта. Доктар пачынае пытацца:
        – Дык яго слабіць?
        – Не.
        – Яго крапіць?
        – Не.
        – Тады ён здаровы. Навошта да мяне прывяла?
        – Дык ён, паночак, дрышчыць...
        
        Свой адлік
        Адна дзеўка йшла на Пятра дый прыгаворвала сваёй касматачцы:
        – Знай, пятля, калі было Пятра, намуразалася, як вішань...
        У кожнага свой адлік часу.
        
        Рэшата
        Пра дзяўчыну, слабую на перадок, канкрэтна пра ейную масёху казалі вушацкія:
        – Гэта ўжо такое рэшата, што й пасеіна адна ня затрымаіцца.
        Вобраз рэшата прыніжаны, затое выразна.
        
        Як гэта?
        Вушацкая студэнтка загуляла ў Менску. Просіць, каб маці пайшла ў бальніцу, узяла даведку, што яна дома прахварэла. Трэба вучобу на год «отсрочить». А маці ніяк ня можа ўзяць да толку:
        – Як гэта адсрачываць? Ці табе, дачушка, далі мяшалкай па срацы?
        
        Захацелі сьціснуць
        Мама прыйшла з канцэрта й пра сучасную моду кажа:
        – Паразьдзіралі ўсё, дык спадніцамі захацелі сьціснуць...
        Выходзіць, што й з моды ёсьць выгоды.
        
        Цяпер
        Вушацкая жанчына заўважае:
        – Цяпер дзевак замуж аддаюць цельных – тры месяцы пабудзіць і ацеліцца. Ня глядзяць, што цельная, бяруць. Раней бальшыной бралі няцельных, а цэлых.
        
        Па клопату
        Старыя цёткі кажуць сваім аднагодніцам:
        – Ну што, сваіх курэй на курасадні пасадзілі ды ўспакоіліся?
        Адгілела, ад’юрэла, адабрала.
        
        Сама музыка
        Мужык на худую жонку:
        – Іскрыпка мая, балалайка мая.
        Поўна хата музыкі.
        
        Рамонт
        У местачкоўца жонка высокая, а ён маленькі. Ды, напіўшыся, жонка б’е й б’е яго. Грокат, грукат стаіць. Выйшла гаспадыня з хаты пасьля чарговае бойкі, а суседка й пытаецца:
        – Што ты, Полька, рамонт рабіла?
        Неяк гэтая Полька п’яная разьбіла галаву. Абстрыглі нагала. Дык сябры пытаюцца ў ціхманага мужыка, цьвелячыся:
        – Ці адрасьлі валасы, ці можна ўжо баньцікі завязаваць?
        
        Баялася
        Вушацкая была за армянінам замужам. Калі стрэслася бяда ў Арменіі, яна была ў маці ў Вушачы. Маці замужніцы казала пасьля:
        – Баялася дачка, што мужык затросься й аліментаў ня будзіць.
        
        Блінная прафесія
        Лічылася з даўніны ў вушацкіх: шавец шыіць, а жонка з голаду выіць. Часта яшчэ канкрэтней удакладнялася:
        
        

                Сядзіць мужык на паліцы,
                
        Шыіць боты, рукавіцы.
                
        Што пашыіць, то прапьець,
                
        Прыдзіць дамоў – жонку бьець.
                

        
        Пра каваля ўжо інакш прыгаворвалася: каваль куець, а жонка пяець.
        Пра млынара таксама ня сумна казалася: млынар шапку абтрасець, а жонка бліноў напячэць.
        Выходзіла, што самая хлебная, нават блінная прафесія ў млынара. Цьвялілася ж папеўка гарэзна:
        
        

                Ой, млынар, ты млынар,
                
        А я млынарыха.
                
        Каб з табою мы, млынар,
                
        Ня зробілі ліха.
                

        
        Дзе кашуля бялейшая
        Казала вушацкая маладзіца, як маці ейная паважала бацьку, стрэнчыла каля яго. Каб пад’еты быў, каб у карэліках ня хадзіў, заўсягды давала яму чысьцейшую надзетку якую. Калі касіў, ад усіх на лузе сьвяціўся. І маці сама, было, нясе есьці гаспадару свайму й малых пасылае. Дзеці й пытаюцца:
        – А дзе ж мы бацьку нойдзім?
        – Дзеткі, глядзіце, дзе кашуля бялейшая.
        І прыгадваецца, як песьня пытаецца:
        
        

                Сягоньня субота,
                
        А заўтра нядзеля.
                
        Чаму ў цябе, хлопча,
                
        Кашуля нябела?
                

        
        Калі ж
        Жанчына прыйшла ў вушацкі клуб. Моладзь адпаведна з часам і модай танцуе павольны танец. Глядзела, глядзела жанчына, чакала, чакала дый ня выцерпела:
        – Дык калі ж яны ўжо танцаваць пачнуць?
        
        У вырай
        Маладзейшы сусед запрашае старэйшага гадамі на рыбу (у нас кажуць дасюль: пайсьці на рыбу, у ягады, у грыбы). Старэйшы аднекваецца:
        – Ня мае гады на рыбу хадзіць – у вырай зьбірацца пара!
        
        Сон на руку
        Раніцай жонка крыўдзіцца мужыку:
        – Аж замарылася, пакуль з табой увосьні сварылася.
        Мужык пытаецца:
        – Чаму?
        – Дык ты першы пачаў.
        Галоўнае не ўступіць, хоць усрацца, а не падацца.
        
        
Барышы
        
        Мама неяк тлумачыла мне, што барышное – гэта агуркі, цыбуля, рэпа й іншая гародніна. Ім барышуюць, пьюць барышы: гарэлку, віно ці якую юруху. І кажуць жа: бабы качэргі мянялі, а барышы пілі.
        
        
Кароткі дыялог
        
        Каля бочкі зь півам.
        – Ці добрае ваша піва?
        – Пакуль што ні зь кім ня білася.
        Ад жарту піва яшчэ п’янейшае робіцца.
        
        
Па-свойму чуе
        
        Дзед Селівей любіць унука. Баіць яму казкі. Бярэ з сабой на Вечальле рыбу вудзіць, на чаўне возіць. А малы чуе па-свойму дзедава ймя й кліча: дзед Салавей. І дзедаваму вуху прыемна гэткае нядачуваньне ўнука.
        
        
Гасьціннасьць
        
        Сват свацьцю частаваў ды прыгаворваў:
        – Хлібай, хлібай, свацьця, а то ўсё роўна сучка зьесь...
        І гасьцінна й ашчадна. Усё адначасна.
        
        
Шчасьлівая старасьць
        
        Спаткаліся старыя прыяцелькі. Гукаюць спаміж сабой.
        – Чаго цябе ня відаць?
        – Печы пільнуюся.
        – Ты хіба паміраць сабралася?
        – Во! А каму я печ кіну. Цэлы дзень са старым сварымся – то я кажу яму, каб пасунуўся на пяколак, то ён мне. А ўсё ж нейкі рух.
        
        
На сваім
        
        Папрасіўся чалавек пагрэцца ў хату. Як грэцца дык грэцца. Ужо й ноч надыходзіць. Цярплівыя гаспадары кажуць, каб начаваў, бо самім адпачываць хочацца, а госьць на сваім стаіць:
        – Хоць да дня дабуду, а начаваць ня буду!
        Важна захаваць прынцып.
        
        
Студэнтка
        
        Ілонка адну зьмену была ў піянерскім лагеры недзе каля Кублічаў. Адбыла. Прыехала. Пытаемся:
        – Якая ў вас піянерважатая была?
        – Студэнтка, што ня паступіла ў інстытут.
        
        
Бяседа
        
        Марушка нябыццам сур’ёзна казала:
        – Лепей бяседы няма, чьм хаўтуры: ня трэба ні дары, ні грошы. Сеў, напіўся, пад’еў – хочаш, кажы дзякуй, хочаш – не. Бо, як памрэць чалавек, каб хто ў хаце памог, а як за стол – дзьверы ня счыняюцца.
        Показка сумна жартуе: наеўся, як дурань на хаўтурах.
        
        
Што зварыць
        
        Некалі мама мая пыталася ў Ілонкі:
        – Што зварыць, што хутчэй, ці булён з клёцкамі?
        Унучка адказала бабулі:
        – Булён, бо ён даўжэй варыцца.
        Абы ня есьці.
        
        
Ідылія
        
        Прыйшлі жонкі адведаць сваіх мужыкоў партызанаў блізка да перадавой. Адзін выпіў, закусіў усім хатнім дый заснуў. Хропат аж сьцены гайдае, а жонка над ім сядзіць расчуленая. Спатканьне цёплае.
        Другая жонка кажа свайму:
        – Іванька, ты б дамоў прыехаў, курка б яечка зьнясла, ты б зьеў.
        Лірыка крутая, як цяпер кажуць. Круцей за яйка, зваранае ўкрутую.
        
        
Дома
        
        На вушацкім з дазволу сказаць базарчыку бабка прадае цыбулю, кроп. Прапануе нейкаму местачкоўцу са служылых. Той адмаўляецца:
        – Шчаўя няма каму варыць, жонка ня дома.
        – Ат, знойдзіцца. На адной сьвет клінам ня сышоўся.
        Суседка па гандляваньню пытаецца:
        – А ў цябе, бабка, дзед ёсь?
        – Мой ужо трыццаць гадоў як дома.
        Клопат жыцьця й філасофія быцьця – ўсё разам, упоплечкі, як гэтыя старыя.
        
        
Хвантазія
        
        Фігурнае катаньне глядзяць па тэлевізару мама, суседкі, сусед Трахім, Арынін сын Васіль. Арына, маміна сяброўка, дрэмле, але праз сон дае нейкія каментары. Трахім дрэмле, а пасьля:
        – Васька, тваю маць, дык гэта ж хвантазія! Ты ж так паспрабуй бяз канькоў зробіць. А то з канькамі й так.
        У слове хвантазія – і хватаньне, і хвась, і захопленасьць. Дадушы, ня хвунт разынак.
        
        
Як музыка
        
        Распавядае адна пра пьянага мужыка:
        – Як даў у палічку, усе шкляначкі ў цурачкі, усе кубкі ў цуры.
        Як музыка гучыць расповяд. А на справе гучала ня так ласкава. Слова ўсё можа й агрубіць, і абласкавіць.
        
        
Па-маці
        
        У Вушачы местачкоўка даганяе нейкага дзядзьку й гукае ўголас:
        – Васілевіч! Васілевіч!..
        Той ідзе і ня чуе. Махнула рукой:
        – Ат, стуібень!
        Прыстоіла.
        Зазвычай па-бацьку клічуць хоць маленькіх, ды «карчоў» (так у нас завуць начальнікаў) і яшчэ магазіншчыцаў, крамніцаў, у мястэчку асабліва.
        Можа, каб адразу пачала клікаць па-маці, пачуў бы...
        
        
Наперасьцігі
        
        Кума куме раіць:
        – Кумка мая, пасядзім, пагаворым аб людцах, а людцы аб нас даўно гавораць.
        Зразумелы клопат: ня адстаць, перагнаць, пайсьці, як вушацкія кажуць, наперасьцігі.
        
        
Ацаніла
        
        Марушка слухае па радыё выступленьне дэпутата, заўважае:
        – Во, язык, мусіць, на кавадлі адкавалі – цэлы вечар лапочаць.
        Як таму ваўку з казкі пра казу й казьлянятак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.