РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзікае паляванне караля Стаха
Раздзел першы
Раздзел другi
Раздзел трэцi
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел семы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзiнаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты
Раздзел семнаццаты
Раздзел васемнаццаты
Раздзел дзевятнаццаты
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

        Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.
        Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.
        - Што ты думаеш рабіць з гэтым? - спытаў я.
        Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:
        - Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. - І горка ўсміхнулася: - Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг... І дзеля чаго? Жменька золата... Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!..
        Я абняў яе за тонкія плечы:
        - Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.
        Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.
        І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.
        Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.
        Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.
        Я скочыў з воза.
        - Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?
        - Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.
        Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.
        - Гэта вам, Надзея Раманаўна... Можа, паставіце дзе... успамінаць будзеце...
        Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.
        - Будучай жонцы тваёй.
        Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.
        - Бывайце вы... Бывайце, лепей, хутчэй... А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба... Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.
        Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.
        - Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе.
        Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.
        - Го, няхай паспрабуе!..
        І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.
        - Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства - лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.
        - І я веру ў гэта, - проста сказаў я.
        Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!..
        Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць...
        І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня.
        Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні - зусім іншая эпоха, іншыя звычаі.
        Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!..
        Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былi шырока i шчаслiва раскрытыя, яна прыцiскалася да мяне i часам перарывiста ўздыхала, як дзiця пасля слёз.
        Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку.
        Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця.
        І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця.
        Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці.
        Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні:
        Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю...
        Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў.
        Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі.
        У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха.
        Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно - сімвал усяго гэтага.
        Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.