ЛІТОЎСКАЯ МЭТРЫКА Літоўская Мэтрыка – дзяржаўны архіў канцылярыі ВКЛ XIV – XVIII стагодзьдзяў. У Літоўскай Мэтрыцы зь беларускай руплівасьцю й цярплівасьцю задакумэнтавана справаводзтва вялікіх князёў, соймаў, судоў, дыпляматычнае ліставаньне, кнігі перапісаў і попісаў войска, гандлёвыя й арэндныя дамовы. Агромністы масіў жывое гісторыі, палітыкі й юрыспрудэнцыі. Сучаснае вывучэньне Літоўскай Мэтрыкі, якое вядуць сотні дасьледчыкаў зь Беларусі, Украіны, Летувы, Польшчы, Расеі, вымагае стварэньня цэлага міжнароднага інстытута, і працы на дзесяцігодзьдзі. Ніводная суседняя краіна ня можа пахваліцца архівам гэткага аб'ёму, дакладнасьці й кшталтаванасьці. Таму ўсе хваляцца нашай Мэтрыкай. Вывезеная ў 1794 г. расейцамі, зараз Мэтрыка захоўваецца ў Маскве й часткова Варшаве. У пачатку XX ст. свае прэтэнзіі на архіў заявіла Летува – і Вацлаў Ластоўскі, тадышні старшыня Ўраду БНР, нават згадзіўся перадаць ёй усе дакумэнты, напісаныя па-жамойцку. Урачыста падпісалі дамову – але летувісам не дасталося ані аркушу: абсалютная большасьць папераў тут па-беларуску. Так, Літоўская Мэтрыка – велізарны пласт беларускай мовы: да сярэдзіны XVII ст. ўсе дакуманты афармляліся на-беларускай, і толькі ў апошняе стагодзьдзе адбыўся пераход на польскую й лаціну. У нас не распрацаванае беларускамоўнае справаводзтва? Няма юрыдычнае тэрміналёгіі? Мала сувязяў з эўрапейскім заканадаўствам? Чытайце Мэтрыку, спадарове! Літоўская Мэтрыка – вось Вялікая Беларуская Энцыкляпэдыя! Літоўская Мэтрыка – гэта ўсё зьніклае Вялікае княства: можна пачытаць, памацаць, уявіць да драбнюткіх дэталяў. Беларусь, якая страціла амаль усе свае матар'яльныя каштоўнасьці, у якой адабралі й вывезьлі ўсе скарбы, разбурылі храмы й прысабечылі геніяў – захавалася цэлай у слове. Сымбалічна: краіна духовасьці, прывідная й бязважкая, пакінула нам некранутай усю тоўшчу гісторыі ў кнігах. Напісанае – застаецца. Літоўская Мэтрыка – поўны збор твораў Залатога веку. Гісторыя, што ўваскрашае Беларусь, ажыўляе беларусаў, збаўляе іх ад забыцьця ў вобразах, так неабходных нам сёньня: "І ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе." (Данііла, 12:1) Калі гісторыя Беларусі прыпадобненая да Бібліі, дык Літоўская Мэтрыка – гэта рыхтык разьдзел "Лікі", поўны сьвятарных лічбаў, правілаў і сьпісаў. Літоўская Мэтрыка – мэтрычная сыстэма эпохі ВКЛ. Матрыца, якую нам неабходна пералічыць наноў. Матэрыя, зь якой мы мусім аднавіць цывілізацыю Залатога веку. Мацярык, што зноў уздымаецца з глыбіняў гісторыі як Вялікае Княства Літоўскае.
|