НЯМІГА Няміга – месца нараджэньня Менска. Немая рака Няміга-крывавыя-берагі. Вобраз са "Слова аб палку Ігаравым" прадбачыць увесь боль беларускага сэрца. Няміга – адно з самых глыбокіх месцаў у Беларусі. Няміга – старажытная рэчка, на якой для страшнае бітвы сустрэліся Чарадзей і Яраславічы, рэчка, сёньня схаваная ў трубах пад цэнтрам Менску. Няміга – гэта першая менская вуліца, на якой месьціўся Ніжні рынак, і якую штовесну, зьбіраючы ўсе нечыстоты, увесь бруд, затапляла бурлівая паводка. Няміга – гэта страшная катастрофа 30 траўня 1999 г., калі ў ціскатні падземнага пераходу станцыі мэтро загінула 53 чалавекі – у асноўным дзяўчаты 15-19 гадоў. Няміга – аголеная нэрва Менску. Няміга, незьмігутная Няміга, найвышэйшыя беларускія храмы глядзяць – не наглядзяцца ў тваю страшную яму. Сьвята-духаў сабор, праваслаўны прастол краіны, зьвернуты да цябе фасадам, залатымі крыжамі й бліскучымі вокнамі; вежы каталіцкае Катэдры ўздымаюцца па-над Верхнім Горадам, каб адтуль, са званіцаў, пільнаваць твой чорны правал; пазірае з-за мосту Петрапаўлаўская царква 1612 году пабудовы, а з выспы на Сьвіслачы – капліца ў памяць тых, хто загінуў за межамі Беларусі. Каб збудаваць станцыю мэтро "Няміга", Саветы разбурылі ўвесь гістарычны цэнтар Менску. Яшчэ Панамарэнка праз пасьляваенныя руіны выбухамі праклаў праспэкт на Маскву, разьвярнуўшы ўсю сталіцу да Ўсходу; потым, у 70-ыя, Паркавая магістраль, цяпер Машэрава, адгроханая праездам да візыту прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, адным махам перакрэсьліла забудову Верхняга гораду й пласты старажытнага Менскага замчышча. Катакомбы мэтро правальным рэхам паўтарылі гэты аграмадны крыж, пратараніўшы падзем'і старога гораду, і зьдзейсьнілі самае жахлівае, што толькі можна прыдумаць у Менску – пагружэньне ў Нямігу. Рэчышча Нямігі-крывавыя-берагі, было пахаванае ў велізарных бэтонных трубах – на ўзьбярэжжы Сьвіслачы з боку Траецкага й сёньня можна ўбачыць іхнія жэрлы. Расправа з замчышчам працягвалася, калі, пашыраючы воднае люстра Сьвіслачы, у раку абрынулі цэлую ўскраіну недасьледаванага дзядзінца. У 80-ыя забой мэтро прайшоў пад Катэдральным саборам. Падчас будаўніцтва ў раскоп зь нейкае тайнае галерэі асыпаліся кнігі XVII ст. Іх разграбалі шуфлямі й выгружалі ў хлам. Вайна пад зямлёй разгортвалася. Прарваўшыся з глыбіняў, грунтовыя воды падмывалі падваліны храмаў да страшных прасадак і расколінаў, разьядалі бэтон і ржавілі канструкцыі мэтрабуду. Ішло няспыннае падтапленьне тунэляў, і абліцаваныя пад дрэва сьцены Нямігі скрозь пацямнелі, пайшлі ці то слязьмі, ці то крывавымі падцёкамі. У каменяломнях станцыі былі разгромленыя падмуркі кляштару баніфратаў, што стаяў на сярэднявечнай Рынкавай плошчы, знакамітая Менская брама, ня раз штурмаваная ворагамі, рэшткі драўлянай царквы Ўсьпеньня. Шматвекавыя кладкі цэглы, падарваныя дынамітам, задубелае за паўтысячагодзьдзя бярвеньне й насычаныя чалавечымі касьцямі, золатам і ўнікальнымі археалягічным начыньнем пласты выграбаліся экскаватарнымі каўшамі з самага болю гораду, вывозіліся й звальваліся на ўскраінных сьметніках. Гэтак раскопвалі катлаван, брацкую магілу для 40 юных дзяўчатак, адзінаццаці хлапцоў і двух міліцыянтаў. Гэта тады, пры канцы 80-х, у беларускіх інтэлігентаў, што пікетавалі мэтро, з крывёю рвалі з рук плякаты. "Наплачацеся яшчэ з гэтай станцыяй мэтро! " – крычаў тады будаўнікам Зянон Пазьняк. 30 траўня 1999 г. людзі правальваліся ў стагодзьдзі Нямігі. У яму, вырытую бульдазэрыстамі разам з раскрышанымі касьцямі. Глыбей, да ўдушша і пачарненьня, у таўкатню Ніжняга рынку, дзе буяніць зборышча п’яні, а паводка віруе прорвамі нечыстотаў. Яшчэ глыбей, пад нагрувашчаньнем целаў, у крывавы мясьніцкі рад, дзе, раздушаныя праз рот да вантробаў, пагружаліся ў грукат сякераў скрозь шаламы, шчыты й кальчугі палачанаў ды яраславічаў, у малатарню калёнай зброі, даверху накормленай чалавечынай, у чавільню віна лютасьці й гневу – раку Нямігу, якой няма. Для ўсяе Беларусі менавіта адсюль, зь гістарычнага правалу Нямігі, падымаецца шлях да Сабору й Катэдры. Паспрабуйце прайсьці прахон угару. Скрозь натоўп, праз вал чалавечых целаў, надыханага перагару й дурнога напору, пастарайцеся ўзьняцца, як бы вам ні было гэта цяжка, крычаць, хоць вас і ня чуюць, стрымліваць і выцягваць з правалу тых, хто падае, тых, хто зьбівае вас з ног – і на бліскучых верхніх прыступках, закіданых кветкамі, з сонечным асьляпленьнем уваччу вам стане ясна, што гэта такое, лесьвіца ў неба. "Няміга" – пароль для Менску. Шлях праз увесь грэх, боль і бруд чалавечы, праз косьці й руіны. Праз усю гісторыю – да неба, да Бога. Таму будзьце ўважлівыя, калі пачуеце: "Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя – “Няміга".
|