РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
 
Евангелле ад Іуды
Слова двух сведкаў
Раздзел І. Падзенне агнявога змія
Слова двух сведкаў
Раздзел II. Голад, і пошасць, і мор
Раздзел ІІІ. Суд
Раздзел ІV. «Ліцадзеі, скамарошкі, блазны несамавітыя...»
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
Раздзел XXXIV
Раздзел XXXV
Раздзел XXXVI
Раздзел XXXVII
Раздзел XXXVIII
Раздзел XXXIX
Раздзел XL
Раздзел XLI
Раздзел XLII
Раздзел XLIII
Раздзел XLIV
Раздзел XLV
Раздзел XLVI
Раздзел XLVII
Раздзел XLVIII
Раздзел XLIX
Раздзел L
Раздзел LI
Раздзел LII
Раздзел LIII
Раздзел LIV
Раздзел LV
Раздзел LVI
Раздзел LVII
Раздзел LVIII
Раздзел LIX
Раздзел LX
Раздзел LXI
Раздзел LXII і апошні
РАЗДЗЕЛ II
ГОЛАД, І ПОШАСЦЬ, І МОР
У тыя дні, калі кіравалі суддзі,  
здарыўся голад на зямлі.
«Кніга Руф»
 
        Зямля была чорная.
        Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах. Рэдка, часам у палове сажэня адзін ад аднаго, варушыліся на ёй чэзлыя жытнія парасткі.
        Вецер часам уздыхаў сярод гарачыні, але нёс толькі яшчэ большую спёку, бы з напаленай печкі. І тады полем блукалі карлікавыя смерчы. Яны неслі пыл, але такі чорны, што, здавалася, - попел.
        І такі самы попел віўся з-пад капытоў паляўнічай кавалькады, якая імчала полем, а потым дарогай, да недалёкага сяла.
        Людзі ехалі збольшага на чорных або мышастых злых мулах, і па гэтым можна было здагадацца, што едуць людзі духоўнага звання. Але, каб не пурпурная кардынальская мантыя аднаго, каб не біскупскі плашч другога, каб не шэрая дамініканская і не ліловая праваслаўная расы двух іншых, любы наглядальнік мог бы ўзяць гэта пад сумненне.
        З-пад рас выглядалі кальчужныя каўняры, пад плашчамі былі залочаныя латы з сонцам на грудзях. (У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх латах паганцы; ператварылася таму, што, вядома, не да твару было хрысціянам насіць на грудзях паганскі знак. І вось замест твара Мядузы гразіўся з лат ярасны сонечны дыск, а замест змей хваліста разбягаліся праменні.)
        Здаецца, супраць таго, што гэта папы, сведчыла і іншае. Тут не было ніводнага чалавека, пры боку і ў руках якога не было б зброі.
        Елянцовыя - палескія, цісавыя - заходнія і страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з іх немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні і кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі і шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, і вострыя, як джала; турэцкія ялмані[1] са сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы і прызначаныя, як і сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні і таму прызначаныя для кідання нагой, з пад'ёму ступака, і беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім і тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі, калі кідаешся на ворага, і двума ўпорамі для рук, іклы, прызначаныя для смяротнай рукапашнай у цеснаце. І на ўсім гэтым - рабізна залатых карбовак, эмалі, золата, рубінаў, ажурных накладак. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі - вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць.
        Здзівіўся б такому толькі чужаземец. На працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва ў той час, дажджом сыпаліся дэкрэты, у якіх забаранялася духоўным асобам насіць зброю ў мірны час, выхваляцца ёю, злоўжываць ёю. І, аднак, ніхто не звяртаў увагі на дэкрэты і на пагрозы, што былі ў іх. У крайнім выпадку можна было спытаць нават і самога папу, дзе ён бачыў мір. І таму ўзброены былі ўсе, акрамя некаторых жанчын.
        Так, жанчын. Трэцяе, што магло б прымусіць усумніцца ў тым, што едуць людзі, надзеленыя духоўным санам, было тое, што з імі на асобных конях, а то і проста за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрскі вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак. Зубастыя, відавочна драпежныя, відавочна неакрэсленых паводзін - усё адно знатная гэта была дама ці жанчына з бессаромнай вуліцы.
        Некаторыя кабеты былі таксама ўзброены. У астатніх сядзелі на пальчатках сокалы.
        З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя.
        Коннікі ўварваліся ў вёску, як арда. Замільгалі па баках шэрыя хаты, халупы, складзеныя з тарфяных цаглін, і проста зямлянкі.
        Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка[2], прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.
        - Дарэмна вы гэта, - сказаў яму біскуп.
        - Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.
        - Дарэмна вы гэта, пан Лотр.
        - Чаму?
        - Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым... каб гэта ўбачылі іншыя - яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю... Лепей прыбавіць хады і цяпер.
        Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з'явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.
        - Што ён табе даў?
        - Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.
        - А хлеб смачны?
        - Смачны.
        Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:
        - Прыго-ожыя.
        - Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.
        Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.
        - Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, - ціха сказаў Лотр. - Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.
        Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што. Але гэты твар, усмешлівы, белы і румяны, высакародны, здавалася б, на самы неабазнаны позірк, быў проста зычлівы і гожы.
        - Справа веры патрабуе ахвяр, - унікліва сказаў біскуп.
        - Вядома.
        - І асабліва, калі ўлічыць, як цяжка хворы гэты край схізмаю.
        - Кіньце. Унь тая схізма, мітрапаліт Балвановіч, скача за намі. Неблагі чалавек.
        - У гэтага неблагога чалавека адабралі за апошні час дзве царквы. Вось так. І не таму, што ён кепскі, а таму, што гэта - чужы ўплыў на землі, якія яшчэ не сталі нашымі.
        - Вы разбіраецеся, пан Камар... Дарэчы, дзякуй вам за вашу былую пасомую. - Ён адкінуў галаву назад, быццам паказваючы патыліцай на жанчыну, што сядзела за ягонай спіною. Усміхнуўся: - Такім чынам, вы для мяне, па сутнасці, тое, што для міран цесць.
        - Ну, калі можна ўявіць сабе цесця, які... - грубы, рэзкі твар Камара скрывіўся лёгкаю ўсмешкай.
        Жанчына глядзела на яго з чаканнем і дакорам.
        - А гожая? - спытаў Камар.
        - Гожая. І ў Італіі, і паўсюль я не бачыў такіх.
        Кабета была сапраўды гожая. Непамерныя чорныя вочы, доўгія, як стрэлы, веі, вішнёвы малы раток, снежнай белі і пяшчотнасці скура аблічча і дзіцячых рук. Гнуткая, як змяя, з высокімі невялікімі грудзьмі, яна сядзела ў сваёй нязручнай паставе грацыёзна, гнутка, мякка трымаючыся ручкай за Лотраў плячук.
        - То вось і старайся, - сказаў ёй Камар. - Служы новаму свайму пану, як належыць служыць такому высокаму госцю.
        - Калі можна лічыць госцем чалавека, які прыехаў на год і долей, - сказаў Лотр.
        - Мы гасціннасць не на дні мераем.
        - Ведаю. Сам адсюль.
        - Ну вось. І таму, дзеўка, служы без нараканняў і глупстваў. Чуеш, Марына?
        Чырвань з'явілася на абліччы кабеты. А потым надзея, з якой яна глядзела на біскупа, згасла. Згасла і цеплыня, а вочы глядзелі цяпер з сухім бляскам.
        - Ды толькі сумная нешта, - мякка сказаў Лотр.
        - Пасумуе і кіне. Яна прыхілістая, пане. Адданая. І да любасці схільная.
        Гаварылі яны так, нібы яе зусім не было з імі.
        - А калі будзе кіслым тварам настрой вам псаваць - пакарайце, - сказаў Камар.
        - Не праміну скарыстацца парадаю, - усміхнуўся кардынал. - Вось толькі вернемся дамоў.
        Жанчына нават не ўздыхнула. Толькі апусціла галаву і павярнула яе прэч ад біскупа. З таго боку не ехаў ніхто, а каб ехаў, то заўважыў бы ў жаночых вачах адчай абражанага гонару і адрынутай прывязанасці, бяссільны гнеў і сухую нянавісць.
        - Дарэчы, - сказаў Лотр, - паклічце мне гэтага... дамініканца... Як жа яго?
        - Фларыян Басяцкі. Мніх-каплан касцёла псоў Пана Бога.
        - Вось-вось...
        - Загадваеце вярнуцца з ім?
        - Нашто? Не можам жа мы кінуць адных, без прыемнай бяседы айца Балвановіча і гэтага... з ім... пана Цыкмуна Жабу. Ён войт горада?
        - Войт.
        - І, здаецца, не вызначаецца талентам субяседніка?
        - Ён і розумам не вызначаецца.
        - Ну вось. Пакуль будзем гаварыць - падкіньце ім свайго... Дарэчы, дзяўчына надзейная?
        - Можаце гаварыць аб усім. Сам запэўніўся. Урэшце, ведае, што бывае за парушэнне нашай таямніцы. А пра важлівае можна і на лаціне.
        - З Богам, пан Камар.
        Біскуп паскакаў да астатніх коннікаў, што далёка адсталі ад іх. Лотр павярнуў галаву да кабеты.
        - Як цябе?..
        - Марына Крывіц.
        У жаночых вачах ужо не было роспачы і гневу. Было асуджанае, амаль спакойнае прымірэнне. Лотр і павярнуўся толькі таму, што яна, быццам зразумеўшы, што нічога не зможа зрабіць, мацней абняла ягонае плячо.
        - Ты не бойся, дзяўчынка. Табе будзе добра са мной.
        - Мне з усімі было добра.
        - І з ім?
        - І з ім. З апошнім.
        - Ну-ну... Не з першым і не з апошнім.
        - Мне абрыдла гэта, ваша правялебнасць.
        - Ты будзеш клікаць мяне правялебнасцю і ўдома? - перавёў размову на іншае нунцый. - Кінь... Што, табе абрыдла багацце, вядомасць, сіла? Лепей было б са смярдзючым кажамякам за мужа? Ты досыць легкаважнае дзяўчо, ты хочаш жыць, як то належыць. Так?
        - Так, - усміхнулася яна.
        Ён закінуў руку назад і пагладзіў яе клуб.
        - А цяпер усміхайся. Вось скача каплан.
        Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.
        - Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?
        - Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.
        - Ваша праўда, - сказаў дамініканец.
        У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.
        - Слава Ісусу, - раптам вельмі ціха сказаў Лотр.
        - Я не разумею вас, - з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.
        - Марыце хутчэй скінуць расу?
        - І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.
        - Вы вучыліся ў Саламанцы? - перайшоў на лаціну кардынал.
        - Доктар ганорыс кауза[3], - таксама па-лацінску адказаў каплан.
        - Прывітанне ад сябра.
        - Якога?
        - Ігнацыя Лайолы.
        - Каго?
        - Хопіць, вось знак.
        І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.
        - Унутры таксама ўсё, што трэба.
        - Я не разумею толькі аднаго, - сказаў манах.
        - Адкуль я ведаю?
        - Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве...
        - Калі ідэя гэтая - дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.
        - Вы і гэта ведаеце?
        - Ведаю.
        - Такое нешматлікае кола, - сказаў каплан.
        - Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.
        - Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў...
        - Ён скора зацвердзіць. Мы паклапаціліся аб гэтым. Здаецца, ён схільны...
        - Божа, такі нечаканы поспех.
        - Чаму нечаканы, - усміхнуўся Лотр. - Чаканы і заслужаны. Трыста год існуюць францысканы-мінарыты. Жабрацтва здабывае ім людскую любоў, жыццё сярод людзей - веданне іх і ўплыў на іх. Але яны адметныя хаця б вопраткай. І трыста год існуе твой, дамініканскі, ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў, вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод усіх, як мінарыты, і ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы гасподні. Не грубай сякерай, вядома, - пакінем яе вашаму... гм... цяперашняму ордэну, - а больш тонкай зброяй. - Пагайдаў медальёнам: - Хаця б вось такой. І гэты ордэн павінен быць нябачным і ўсёпранікальным, як смерць, ведаць усё і ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумаць. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам - магнат і з хлопам - хлоп, з вальнадумцам - вальнадумец, з праваслаўным - праваслаўны, але заўсёды - атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных і выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д'ябал і што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? А грахі нашы - замоляць. Каб вас не было - вас варта было б выдумаць. І шчасце, што вы знайшліся, а Лайола, такі яшчэ малады, зразумеў, што ён патрэбны, і адкрыўся нам.
        - Вы льяце бальсан на маю душу, як...
        - Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу4 доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.
        - Ён?
        - Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў - дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу... А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, - гэта не пра цябе, дзіця, - імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі...
        - Што вы кажаце?! - не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.
        - ...і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і - да пары - ерэтык, і Паўла, і... Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?
        - Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі... гм... завостраныя да небяспечнасці.
        - А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?
        - Паколькі былая "ерась" Хрыста, а цяпер яго "вера" ёсць наша вера - нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары - заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо - заўтра цар.
        - Т-так, - усміхнуўся Лотр.
        - І таму ваюй за сваё, а асабліва супраць самай страшнай ерасі, чалавечага самамнення і жадання думаць, ваюй супраць самай страшнай ерасі, якую ў Італіі завуць гуманізмам, таму што гэта рошчына вечнага неспакою, таму што гэта адзіная ерась, якая не стане верай і догмай, але калі стане - нам усім, і давеку, прыйдзе канец.
        - Ого, - сказаў Лотр.
        Ён глядзеў на гэтага сённяшняга дамініканца, а заўтрашняга езуіта з жахам і амаль з захапленнем. І адначасова з болем адчуваў, што сам ён - толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён - твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе.
        - І таму, калі мы не хочам памерці - з пляча не сячы. Бо ў гідры адрастаюць галовы. А адсекшы, атруткай прымаж, ваюй брудам за чыстую Божую справу, плёткамі ды агаворамі - за праўду, нашу праўду. А лепей забяры дзяцей, іх прымусь з самага пачатку думаць па-свойму, забі ерась гуманізму яшчэ ў калысцы, няхай сабе і самай вялікай хлуснёй. Тады і мячы не спатрэбяцца. Бо нашто ж сваіх біць? Гэта толькі вар'ят сярод тысяч дурняў рабіць можа.
        - Правільна, - уздыхнуў Лотр. - І таму рыхтуйся. Можаш касцёл дамініканаў ужо цяпер у думках зваць езуіцкім, а калегіюм пры ім - езуіцкім калегіюмам. Па часе скінеш гэтую расу, каб не насіць ніякай. Вы будзеце моцныя, мацнейшыя за ўсіх. Магістр ваш будзе не магістр, а "шэры папа", не розумам шэры, а непрыкметнасцю і ўсёпранікальнасцю, таму што шэрае - паўсюль. Рыхтуй дзяцей... Колькі ў цябе зараз тваіх людзей?
        - Больш тысячы.
        - Будзе дзесяць тысяч. Войска Езуса. Пашырай яго, пашырай уладанні свае на ўсю зямлю, палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. І трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй, бо вось яны выдалі сваю Біблію і цяпер пачнуць чытаць самі; бо вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю, а свет ужо не схаваеш у крыштальную скрыню Казьмы Індыкаплова, і трэба, каб уся зямля, колькі яе ні ёсць, была ў новай, нябачнай скрыні, скрыні нашага духу і нашай веры.
        - Зробім.
        - Веру. Паўсюль. Вытравіць назаўжды. Каб забылі назаўжды. Каб па ўсёй светавай імперыі забылі, што яны "цары натуры", "мысліцелі", "тыя, што самі думаюць і самі шукаюць", а помнілі і ведалі толькі адно - што яны рабы Бога, адэпты нашага вучэння, што яны не сумняваюцца ні ў чым і думаюць, як усе. І ні на гран больш за нас.
        Езуіт схіліў галаву. Задаволеныя адзін адным, яны з палёгкаю ўздыхнулі.
        І тут здарылася дзіўнае і небывалае. Хто паверыць - той малайчына, а хто не паверыць - таму няма чаго і чытаць далей, і няхай кіне.
        Таму што, калі яны ўздыхнулі, дзве невялікія істоты, нібы вызваленыя гэтымі ўздыхамі, выляцелі ў іх з ратоў. Былі яны, як малюнкі "душы" на некаторых іконах, кропля ў кроплю падобныя да сваіх гаспадароў. Хто ніколі не бачыў такіх ікон - хай паедзе ў Кіеў і там, ля ўвахода ў лаўрскія пячоры, агледзіць ікону аб блуканні па пакутах душы святой... а халера яго ведае, якой святой, забыўся. Але душа падобная на паменшаную ўтрая копію сваёй гаспадыні. Вось гаспадыня памерла - і душа ў празрыстым хітончыку стаіць побач, вылезла. Вось душу вядуць за ручку па пекле. Вось д'яблы смажаць кагосьці... Вось вісяць грэшнікі, падвешаныя менавіта за тыя часткі цела, якімі грашылі пры жыцці... хабарнікі за рукі, паклёпнікі за язык... ну і гэтак далей... А вось і душу прыводзяць у рай.
        Істоты, якія непрыкметна для ўсіх вылецелі з ратоў у кардынала і дамініканца, у рай увайсці, бадай што, не здолелі б. Таму што не былі яны белыя, і празрыстых хітончыкаў на іх не было.
        Былі яны зусім голыя, як Ева ў касцюме Адама, сабою цёмныя, з "зубкамі, як часнык" і "хвосьцікам, як памялцо", па словах неўміручай народнай песні пра смерць карчмара Лейбы.
        Яны вылецелі, пакруціліся над галовамі гаспадароў і, счапіўшыся хвастамі, весела ўзляцелі ўгору.
        І адразу тыя двое, што гаварылі такія мярзотна-разумныя і страшныя рэчы, забыліся на іх, забыліся нават на тыя мудрагелістыя словы, якія толькі што так лёгка вымаўлялі іхнія вусны. Нібы замкнула ім рот.
        Бо гэта пакінулі іхняе цела душы той справы, якую ўсе яны рабілі. Засталася яе закасцянелая абалонка.
        Можа быць, што прыродны балван, які нават ніколі не чуў... ну, скажам, аб Платоне, аб'ектыўна служыць папоўшчыне, менавіта таму, што ён балван? Можа самаўпэўненае быдла, што ніколі не чула аб Ніцшэ, аб'ектыўна быць ніцшэанцам менавіта дзякуючы сваёй непісьменнай маніі велічы? Можа дурань, які скончыў два класы царкоўна-парафіяльнай школы і палічыў, што з яго досыць і што ён усё ведае, вучыць фізіка, як яму сепарыраваць плазму, і паэта, як яму карыстацца дольнікам і цэзурай? Можа. І хіба такім чынам, не ведаючы гэтага, ён не будзе служыць страшнай ідэі цемры? Будзе. Будуць.
        Яны не ведалі такіх слоў, як "ідэя", "абсалютны дух", "чалавечнасць". Але ўсё сваё існаванне, усе свае ідэі яны паставілі на служэнне гэтаму абсалютнаму духу ў яго барацьбе з чалавечнасцю.
        Цёмныя і брудныя, нават фізічна, яны не думалі, што плаванне Калумба і выданне Скарынай Бібліі на зразумелай мове - ёсць два ўдары з серыі смяротных удараў, якія наносіць іхняй догме новы Чалавек.
        Але інстынктыўна яны адчувалі, што гэта в а р о ж а, што гэта баламуціць, непакоіць, што гэта асвятляе бязлітасным і смертаносным святлом тую ўтульную і цёмную гнойную жыжку, у якой яны кішэлі.
        І таму яны змагаліся, то бок а б ' е к т ы ў н а дзейнічалі так, як быццам іхнія цёмныя мазгі разумелі і ведалі ўсё.
        Магло б здацца (бо гэтая іхняя "дзейнасць" была паслядоўнай), што яны ўсё разумеюць, што яны нясцерпна-разумныя чорным сваім розумам, што яны - свядомыя воіны цемры. А яны былі проста людзі свайго саслоўя, якія баранілі сваю ўладу і "веліч", свой мяккі кавалак. Яны былі проста дзеці свайго часу, няшчаснага, хворага, гнойнага, сагнутага, калі чалавек быў амаль жывёлай і толькі сям-там выбіваліся наверх парасткі скарлючанага, але ўпартага і моцнага жыцця.
        Яны былі гной, але няма такога гною, які не лічыў бы, што ён - вышэйшая субстанцыя, і не лічыў бы з'яўленне на ім зялёных парасткаў з'явай ніжэйшага парадку.
        І супраць гэтага жыцця яны змагаліся насмерць, мала разумеючы, чаго змагаюцца, і ведаючы толькі, што - "т р э б а". А "т р э б а", якое клікала іх да нянавісці, была догма, гнюсная і даўно састарэлая, як усе догмы і панацэі[5], ідэя ўсясветнай ваяўнічай царквы. І страшныя, і разумныя, і шкодныя яны былі толькі ў а г у л ь н а й сваёй дзейнасці, у в о г у л е, усе р а з а м. І ў гэтым быў знак, што яны аджылі.
        Супраць іх біліся цяпер адзінкі. І справа гэтых Чалавекаў была мацнейшая за тупое функцыяніраванне гэтай сіфанафоры[6].
        Па-за служэннем сваёй страшнай ідэі яны былі людзі свайго часу, не разумнейшыя і не дурнейшыя за ўсіх людзей. Рабавалі, разважалі аб тым, колькі анёлаў можа змясціцца на вастрыі голкі і што было ў Бога спачатку, Слова або Дзея, баяліся падкопаў нячыстага, судзілі мышэй.
        І таму, паказаўшы праз д'яблаў, што вылецелі ў іх з ратоў, аб'ектыўны сэнс іхняй ідэі і іхняй дзейнасці, я цяпер стану паказваць іх такімі, якія яны былі. А калі здарыцца ім сказаць нешта такое, што вышэй за іх саміх на чатыры галавы, - ведайце, што гэта паказвае свае рожкі бес, які зноў потайкам забраўся ў іхнія душы.
        Бесы ўсё яшчэ віселі над галовамі коннікаў, чакалі.
        Лотр ехаў і гідліва глядзеў па баках.
        - Мне здаецца, вы вывезлі мяне паляваць на мышэй, - сказаў ён.
        - Чаму?
        - Глядзіце, - і кардынал запусціў доўгія белыя пальцы ў падплоеныя валасы.
        На чорнай, як вугаль, зямлі варушылася жывое. Сотні мышэй сноўдалі ад аднаго квёлага парастка да другога, падточваючы іх.
        - Шэрыя! - віскнула жанчына.
        Лотр паказаў белыя зубы:
        - Калі гэта тонкі намёк на адзенне нашага спадарожніка і ягоны ордэн...
        Басяцкі засмяяўся:
        - Тонка, ваша правялебнасць. Але гэта проста мышы. Бачыце, бягуць адусюль у Гародню. Як апошняя Божая кара. Чуюць, што там хлеб. Нічога, да мураваных складаў і свірнаў ім не дабрацца... А ўвогуле дрэнна. У горадзе іх з кожным днём прыбывае. Спасу няма. Нават з царкоўных скарбонак вылазяць мышы.
        - Занадта старанна і дбайна ачышчаеце тыя скарбонкі?
        - Не. Проста ў мяшчан ужо таксама амаль няма хлеба.
        - То кіньце ім шчодрай рукой, - нявінна сказаў Лотр.
        - Божы хлеб? А яны, няробы, зноў будуць лайдачыць?
        - Ну, глядзіце. Але тады вам давядзецца рабіць нешта іншае. Яны прыйдуць прасіць ад царквы цуда і абароны... Глядзіце!
        І яны заўважылі. Дарога варушылася і плыла. Як рака. Тысячы, сотні тысяч мышэй запаланілі яе ўсю. Ішло некуды засяроджанае, упартае ў сваім тупым і вечным руху наперад мышынае войска. Коні, выкатваючы ў смяротным жаху вочы, задкавалі ад яго прэч.
        - Бачыце? - спытаў Лотр.
        - Што ж, давядзецца ў бліжэйшыя дні ўчыніць над імі імем царквы суд Божы. Няхай потым не кажуць, што мы засталіся безуважныя да пакутаў народных.
        Наколькі сягае вока, плыла ўся дарога. Легіёны грызуноў ішлі наперад, на Гародню.
        
        
        _______________
        1: Шаблі, пашыраныя і часам уцяжараныя на канцы.
        2: Вацок - каліта.
        3: Ганаровы доктар.
        4: Тарквемадзе.
        5: Панацэя - шарлатанскі сродак ад усіх бедаў.
        6: Вальнаплаваючыя марскія жывёлы тыпу кішэчнаполасцевых. Жывуць неразрыўнымі калоніямі, часам да 20 метраў даўжыні. Драпежнікі. Ловяць здабычу і ўжываюць яе на ўсю калонію.


Крыніца: http://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Chrystos_pryziamliusia_u_Harodni.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.