РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Круглянскі мост
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
2
        
2

        
        Тады ён, ссекшы некалькі альховых дравін, вяртаўся на кухню.
        Нятоўстыя тыя дравіны аказаліся на дзіва цяжкія. Сцёпка іх спярша нёс, пасля валок за набрынялыя вясновым сокам камлі. Вяршаліны і няроўна абсечанае суччо дралі прэлую залеж леташняга лісця, чапляліся за хмызняк і ядловец. Камлі ж дык адрывалі рукі. А тут яшчэ вінтоўка на даўгаватай вераўчанай почапцы — яна біла прыкладам між ног, замінала ісці, і хлопец, добра прытаміўшыся, кінуў дравіны, трохі не давалокшы да кухні. Потым, памарудзіўшы, і сам стомлена апусціўся на дол у рэдкім яшчэ, з дробнымі лісткамі, альшэўнічку збоч сцежкі. Было цеплавата і зацішна, ён угрэўся, пад суконным мундзірам ажно прыпацеў карак. Сцёпка расшпіліў каўнер, кінуў на дол пляскатую рудавухую шапку, ад мокрай падшэўкі якой ішла пара. Некалькі хвілін хлопец, сапучы, аддыхваўся і думаў, што шапка — не бяда, як ні дзіўна, разам з яго галавой дажыла да цяпла і яшчэ, мабыць, паслужыць. Таксама як і руды, гузікасты, з чатырма кішанямі венгерскі мундзір, і чорныя, прашытыя кантам, паліцэйскія штаны. А вось з ботамі яму не пашэнціла. Боты
        развальваліся. Левы ён ужо з тыдзень насіў звязаны кавалкам чырвонага нямецкага кабелю, а правы не было як і звязаць: перад амаль увесь згніў. У ботах было мокра, ногі заўсёды стылі. Мусіць, з тае прычыны хлопца стала дапякаць скуллё — па баках, на сцёгнах, а цяпер вось яшчэ і на шыі — абляпіла так, што не павярнуць галавы.
        Зрэшты, з ботамі ён быў вінаваты сам: мог сцягнуць з немца, якіх тады багата валялася на дарозе пасля ўдалай засады, звычайныя салдацкія, а не квапіцца на афіцэрскія. Афіцэр гэты падвярнуўся яму ў канаве, куды Сцяпан папярэдне шпурнуў гранату; і тут жа, не трацячы часу, хлопец зняў з яго дзягу, да якой была прычэплена цвёрдая скураная кабура парабелума і гэтыя вось боты. Парабелумам, аднак, ён пакарыстаўся нядоўга — мусіў уступіць новаму начальніку штаба, які меў нейкі старасвецкі даўгаствольны наган. Дзягу аддаў узводнаму Бойчанку, бо ў Сцёпкі і старая была някепская. А вось на хромавыя боты, занадта шыкоўныя для ляснога жыцця, ахвотнікаў памяняць не знайшлося — мусіў насіць. Пакуль не данасіўся да рэшты.
        Наогул, у гэтым атрадзе Сцёпку не шэнціла ўсю зіму. Пачалося з таго, што яго зблыталі з адным сувязным, таксама па прозвішчы Таўкач, які недзе выдаў атрадных разведчыкаў і за якім палявалі партызаны. Пакуль разабраліся, мусіў з тыдзень пасядзець у замкнёнай зямлянцы. Потым яго выпусцілі, але на першым жа заданні ў Астапаўшчыне здарылася бяда. Невялічкая група іх заначавала тады ў пуньцы, Сцёпка звечара стаяў на варце і толькі, змяніўшыся, прыдрамаў у сене, як на вёску наляцелі паліцаі. Хлопцы гародамі ўцяклі ў лес, а яго пабудзіць, мусіць, забыліся. Давялося да паўдня, не варухнуўшыся, пастаяць ля шула за варотамі крокаў за дзесяць ад п'яных бобікаў, якія атабарыліся ў гумне. Калі ж назаўтра ён прыйшоў у атрад, усе вельмі здзівіліся яго неверагоднаму выратаванню. Вядома, нейкі час Сцёпку падазравалі, выклікалі да начальства, слухалі яго кароткі расказ, верылі і не верылі. Пасля, калі гэтае падазрэнне крыху ўляглося, яму не стала адбою ад Трушэцкага, надта вострага на язык партызана з Полацка, які не мінаў ніводнага выпадку, каб паздзекавацца з хлопца. Неяк, не стрываўшы кпінаў, Сцёпка выцяў зласліўца вінтоўкай па галаве, за што тут жа быў надзелены мянушкай Псіх — самаю крыўднаю з усіх, якія ён меў за сваё васемнаццацігадовае жыццё.
        У ранейшым атрадзе — імя Варашылава — жылося яму куды лепей, там ён быў ледзь не самы стары партызан, са стажам, не дужа меншым чым у самога камандзіра атрада лейтэнанта Круцікава. Праўда, там яго таксама дражнілі, ды ўсё ж мянушкі былі больш людскія: Белы — гэта за валасы ды бровы, а яшчэ Здыхля — маўляў, што худы, хоць худых і без яго ў атрадзе было нямала. Але там ён адчуваў сябе не горшым за іншых, раўнапраўным байцом, не тое што тут, у гэтых чапаеўцаў. На жаль, тагачаснае жытло яго беззваротна мінулася, пакінуўшы адны ўспаміны.
        Сцёпка крыху адпачыў, але не спяшаўся ўпрагацца ў нялёгкую пастылую працу і задуменна калупаў трэскай у боце. Самае найгоршае было, вядома, не ў змене атрадаў і нават не ў адносінах да яго партызан. Хлопцы, зразумела, часам нахабнічалі над ім, маладым і слабасільным, але рабілі гэта без асаблівае злосці, хутчэй дзеля пацехі. А
        вось начальства,— тое жартаў не знала. З начальствам партызан Таўкач быў у даўнім застарэлым канфлікце, прычыны якога з розных бакоў вызначаліся неаднолькава.
        Сцёпка лічыў, што да яго прыдзіраліся, а начальнікі прытрымліваліся тае думкі, што Таўкач разгільдзяй, на якога патрэбна строгасць. Прынамсі, так гаварыў узводны Бойчанка, калі скардзіўся на яго камандзіру атрада за самаўпраўства з высялкоўскім старастам. За разгільдзяйства лаяў яго начальнік штаба, калі ён, пераведзены ўжо ў гаспадарчы ўзвод, упусціў прадуктовую карову. Атрад тады выходзіў з блакады, гаспадарнікі з вазамі і параненымі прабіраліся па нейкіх раўках ды балацявінах, ля шашы іх усё ж падпільнавалі карнікі, усчаўся абстрэл трасіруючымі, і чорная порсткая рагуля — жывы прадуктовы запас — так ірванулася з рук, што толькі ён яе бачыў у прыцемках. Калі перайшлі шашу, мусіў з абарваным павадком з'явіцца перад разлютаваным начальнікам штаба. Думаў, гэта для яго кепска скончыцца. Але навакол было поўна карнікаў, і партызаны таіліся, баючыся хруснуць галінкай.
        — Тоўкач!
        Сцёпка ўздрыгнуў і азірнуўся: адхінаючы рукой голле, праз кустоўе ішоў Маслакоў — падрыўнік, колішні кадравы чырвонаармеец, з якім аднойчы зімой Сцяпан хадзіў на чыгунку. Апошнім часам Маслакоў залечваў у санчасці параненую руку і калі-нікалі наведваўся да іх у гаспадарчы ўзвод.
        Трохі здзіўлена пазіраючы на падрыўніка, Сцяпан маўчаў, не цямячы, навошта спатрэбіўся. Рука ў Маслакова была ўжо без почапкі, аднак, ідучы, ён кратаў ёю засцярожліва, на далоні ўсё яшчэ бялеў замызганы бінт павязкі. Падрыўнік падышоў бліжэй — тонкае голле алешніку пругка прашоргала па яго расшпіленай зялёнай ватоўцы.
        — Ну, як жысць, Тоўкач?
        Сцёпка памаўчаў, не ведаючы, як аднесціся да гэтага пытання: каму не вядома, якое жыццё ў гаспадарчым узводзе, ля кухні. Было падобна, што Маслакоў жартуе, але ў тоне і выглядзе яго, здаецца, не было ні здзеку, ні нават іроніі; як заўжды, добрая, ледзьве прытоеная жартоўнасць бруіла на яго смуглым твары. I Сцяпан сказаў абыякава:
        — Ды во — дровы запашу.
        Нагою ў спраўным яшчэ, намазаным лоем кірзавым боце Маслакоў наступіў на крывы камель дравіны, вяршаліна якой, бы жывая, коратка варухнулася ў доле.
        — Ну і алешына! I ты адзін цягаеш?
        — А хто ж яшчэ?
        — Не жыццё, а катарга! — спачувальна заключыў Маслакоў і павярнуўся да хлопца.— Слухай, а ў мяне да цябе справа.
        Сцяпан з нецярплівай цікаўнасцю знізу ўгору зірнуў на Маслакова. Калі той яшчэ толькі аклікнуў хлопца, Сцёпка адчуў, што гэта не так сабе — што ён нясе навіну і што навіна гэтая неблагая. Таму ён цяпер на ўсе вочы глядзеў на падрыўніка, а той нейкі час нібыта вагаўся ў нерашучасці: на твары яго ўсё блукала стрыманая ўсмешка.
        — Сходзім на адно дзела. З музыкай.
        Невядома чаму, але Сцёпка ўжо адчуваў, што будзе іменна такая прапанова. Гэта было куды як зманліва — схадзіць з Маслаковым на баявое заданне, ды яшчэ «з музыкай». А то ён апошні час калі і вырываўся куды, дык то па бульбу на які-небудзь хутар, то па сена ў лугі, а аднойчы вазіў трафейны брызент у суседні атрад. На заданні яго не пасылалі.
        Але Сцёпка ўспомніў сваё становішча ў гаспадарчым узводзе і тут жа апанурыўся.
        — Кляпец хіба пусціць!..
        — А куды дзенецца?
        — Ты гаварыў з ім?
        — Камандзір пагаворыць. Выкліча, загадае, і ўвесь разгавор,— без ценю сумнення сказаў Маслакоў.
        Сцёпка, аднак, паныла махнуў рукой.
        — Ну, камандзір не заступіцца...
        Маслакоў нецярпліва пераступіў на месцы, таўхапуў на плячы новенькі, з паліраваным прыкладам ППШ.
        — Ладна. Гэта маё дзела. Ты кажы: згодны?
        — Ну.
        — Дык патопалі. Часу мала.
        Яшчэ не верачы, Сцёпка валюхаста ўстаў на ногі, падабраў з долу вінтоўку, глыбей за дзягу зашчаміў сякеру. Маслакоў аднаруч ухапіў дзве дравіны і імкліва пашыбаваў у хмызняк — напрасткі да недалёкае ўжо кухні. Сцёпка заспяшаўся следам. Насуперак сваім невясёлым апасенням, ён памалу стаў паддавацца бадзёрай упэўненасці падрыўніка і амаль ужо верыў, што лес нечакана павярнуўся да яго лепшым бокам. Але яшчэ не знікла і сумненне. Сцёпка надта добра ўяўляў сабе, як сустрэне гэтую навіну Кляпец, якому вечна не хапае людзей на кухні, ды і тыя ў яго заўжды гультаі і разгільдзяі. Аднак Маслакоў, мабыць, тым ніколькі не клапаціўся. Азірнуўшыся, падрыўнік сказаў:
        — Помніш, як мы пад Фарынавам грукнулі?
        — Ну.
        — Вось я і думаю: чаго гэта Тоўкача на кухні капцяць? Такога падрыўніка, з вопытам.
        Ён паглядзеў на хлопца з такой шчырай сяброўскасцю, што Сцёпка ажно адчуў сябе шчаслівым. Праўда, хлопец зразумеў, што Маслакоў жартуе: які там у яго вопыт?
        Вопыт, канечне, быў невялікі, апошнім часам на чыгунку ён не хадзіў. Але тады, пад Фарынавам, яны сапраўды грукнулі ўдала. Месца трапілася зручнае: насып, паварот, і да таго ж спуск, а наперадзе падмёрзлае балота. Машыніст, мабыць, не прадчуваў небяспекі, добра паддаў пары, і як грукнула — амаль увесь састаў зляцеў з насыпу. Помніцца, тады з імі хадзілі Балашэвіч і Струк. Першага ўжо няма, другі застаўся, паранены, у Казельскай пушчы.
        З адною дравіной хлопцу было ўпраўней; яны вылезлі з хмызняку ў рэдкалессе, і Сцёпка падбег трохі наперад, каб ісці поруч.
        — А хто яшчэ пойдзе?
        — Яшчэ? Яшчэ Даніла Шпак з узвода Мяцёлкіна. Пажылы такі. Мясцовы. I Брытвін. Ведаеш?
        — Той, што ротным быў?
        — Ну. Пойдзе іскупаць правінку. Як іскупіць, тады казалі, зноў камандзірам паставяць.
        Што ж, гэта было няблага: Маслакоў, Брытвін — куды якія ўмелыя партызаны, Даніла Шпак — мясцовы, наскрозь ведае ўсе хады-выхады. Сцёпка памалу ўжо асвойваўся з сваёй радасцю; пра заданне ён не пытаўся: ведаў, прыйдзе час — усё растлумачаць, рабі як найлепш.
        Яны падвалаклі дравіны да кухні ў ельніку, ад якой прытульна патыхала дымком, і спыніліся каля пня, дзе быў дрывасек. Тут ужо ляжала некалькі палак, прыцягнутых Сцёпкам раней, аднак ён адразу вызначыў, што на абед дроў было малавата. Тым не менш гэты клопат, які нядаўна яшчэ дапякаў яму, цяпер зрабіўся такі апрыклы, што не хацелася пра гэта думаць. Яны размашыста пакідалі свае дравіны на ранейшыя, і Маслакоў падштурхнуў па плячы аўтамат.
        — Дык збірайся. Праз гадзіну патопаем.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.