РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Круглянскі мост
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
12
        
12

        
        Даніла прыехаў ранкам, калі праяснілася неба над ровам і ў галлі навакол ваўсю ішла світальная птушыная гамана: цвіркатанне, цоканне, посвіст. Акрай прагаліны ў шэрай кучы вуголля ледзь цепліўся агеньчык, стала халаднавата; яны ўсе трохі падрамалі. Аднак конскі фыркат на ўзроўку адразу прагнаў дрымоту. Угары зашастала кустоўе, пачулася знаёмае глухое: «Стой ты, халера!» Дзеручы нагамі зямлю, з шэрых прыцемак на палянку ссунуўся рыжы запараны Рослік.
        Міця першы падскочыў да каня, залашчыў яго, гладзячы па шыі. Рослік задаволена стрыг вушамі і касіў блішчастае вока на Сцёпку. Сцёпка, аднак, глядзеў на ўзровак, як і Брытвін: там, няпэўны яшчэ ў ранішнім паўзмроку, цяжка варушыўся Даніла. Спярша яны не зразумелі, чаму ён затрымаўся, а пасля ўбачылі ў яго, сагнутага, нейкую ношу ў руках.
        Злезшы з узроўка, Даніла цяжка асадзіў долу амаль пад завязку напханы чымсь мех.
        — Вось! Ледзьве давёз, халера. Мокры, ці што?
        — Як мокры?
        Брытвін быў ужо побач, абое яны схіліліся над мехам. Даніла апусціўся на калені і кіпцюрамі пачаў калупаць тонкую вяровачку завязкі. Сцёпка, ды і Міця, ад якога не адступаўся Рослік, стаялі насупроць.
        Тым часам ужо без агню стала відаць уся прагаліна — шэрая, як і ўсё ў гэты світальны час, з расплывістымі ценямі людзей, каня; змрок паволі спаўзаў пад кустоўе, да ручая; неба ўгары ўсё яснела густым вясёлым блакітам — ранак збіраўся быць сонечны.
        Даніла развязаў мех.
        — Што такое? — адразу вырвалася ў Брытвіна. Запусціўшы руку ў мех, ён дастаў адтуль жменю нейкіх жаўтаватых драбкоў, угледзеўся, нават панюхаў. Выгляд ягонага твару быў амаль што разгублены.
        — Што ты прывёз?
        — Ды гэта самае... Тол. Ці як яго...
        — Якога хрэна тол? Аманіт? — сярдзіта запытаў Брытвін, шырэй разгортваючы край мяшка.
        — Ну. Аманіт бытта. Так казалі.
        — Дзярмо! Я думаў — тол. А гэтым што зробіш? Рыбу глушыць?
        Даніла вінавата стаяў збоч, пашкроб за каўняром, потым пад ватоўкай, за пазухай.
        — Казалі, бахае. Карчы ім на дзялянках ірвалі. Дык нейкую сілу мае.
        Брытвін маўчаў — з яўным недаверам на твары ён даследаваў аманіт: адламаў дробку, раскрышыў яе ў пальцах, зноў панюхаў і зморшчыўся — ад паху ці ад расчаравання. Сцёпка, са спадзяваннем гледзячы на яго, пераборваў у сабе сумненне: няўжо не ўдасца? Так усё добра сышлося: і Міця, і ахова, няўжо ж падвядзе ўзрыўчатка?
        — Падмочаны? Ну да. Зляжаўся, як гліна. Эх ты, галава калматая, купаў ты яго, ці што?
        — Чаму купаў? У яме ляжаў — дык вільгаці набраўся.
        Брытвін штось пашукаў наўкола вачмі.
        — А ну дай шынель!
        Міця паслухмяна збегаў да вогнішча па шынелак, і Брытвін шырокім рухам распластаў яго на траве.
        — Высыпай!
        Даніла вываліў усе з меха — на шынялі аказалася ладная куча жоўтае, з камякамі мукі, ад якой курэла рудым смярдзючым пылам. Усе чацвёра абступілі яе, Сцёпка таксама памацаў некалькі сыраватых драбкоў, якія лёгка раскрышыліся ў пальцах.
        — Ладна. Сушыць трэба! — падабрэла рашыў Брытвін.— Дзмітры, сядай на каня і дуй па малако. Дарога дзе?
        — Якая дарога? — не зразумеў хлопец.
        — Дарога, па якой возіш. Дзе, далёка адсюль?
        — Не дужа каб. Можна выехаць. Па кусціках.
        — Давай! — прыспешыў Брытвін.— Мы чакаем. А тады дамовімся.
        — Добра.
        — Толькі глядзі: каб ніхто ні-ні!
        — Ну.
        — Ні адна душа каб не сніла, не бачыла. А не — дык...
        — Знаю. Што я — не разумею? — гатовы быў пакрыўдзіцца Міця.
        Невялічкі і рухавы, ён павалок за сабой на ўзгорак коніка, які, цяжка хакаючы, каторы ўжо раз адолеў круты касагор. Кусты хутка схавалі іх, недзе там пачулася ціхае «тпру», потым тупат капытоў па сцежцы.
        Брытвін павярнуўся да Сцёпкі.
        — Давай па галлё! Паболей. Сушыць будзем.
        — Як сушыць? — заморгаў вачмі Даніла.— Ля агню?
        — На агні! — адрэзаў Брытвін.
        Даніла зусім знерухомеў.
        — А гэта самае... не ўзарвецца?
        — Не бойся. А ўзарвецца — не вялікая бяда. Ці жытухі шкада?
        Замест адказу Даніла валюхаста пераступіў з нагі на нагу і пасунуў наперад сваю процігазную сумку. Там нешта грувасцілася, камякамі выпіраючы ў бакі, напяты раменьчык быў зашпілены на апошнюю дзірачку. Адшпіліўшы яго, Даніла дастаў ладны акрайчык хлеба.
        — А, гэта маладзец. Здагадлівы.
        — I во яшчэ — задаволена буркнуў Даніла, варухнуўшы сумкай, з-пад вечка якой тырчала рыльца бутэлькі з самадзельнай папяровай затычкай.
        — Атлічна! Толькі пасля. Не цяпер. Давай болей галля! Усе па галлё! — бадзёра камандаваў Брытвін.
        Сцёпка, глытнуўшы сліну, раптам на ўсю глыбіню адчуў свой пусты жывот і з неахвотай адарваў позірк ад Данілавай сумкі, якую той асцярожна паклаў ля шыняля.
        Аўтамат ён, пэўна, не збіраўся аддаваць і нават не знімаў яго з-за спіны. Сцёпку гэта пачало не падабацца, і ён ступіў да Данілы.
        — Аўтамат давай!
        Даніла павярнуўся, зірнуў на хлопца, потым, бы шукаючы падтрымкі, — на Брытвіна.
        — Ну, што глядзіш! Здымай, кажу!
        — Ладна, аддай,— прымірэнча сказаў Брытвін. Нехаця Даніла сцягнуў аўтамат цераз галаву, сапхнуўшы на траву шапку.
        Яны палезлі на ўзровак, бо паблізу ўжо ўсё было падабрана за ноч, ламачча трэба было шукаць далей. Даніла ў акуратнай ватоўцы і ботах зрабіўся зусім не падобны на сябе ранейшага, у сялянскім адзенні і ў лапцях. Набыўшы нейкі не ўласцівы яму зухаваты, вайсковы выгляд, ён нібы памаладзеў, хоць па-ранейшаму не траціў страхавіта-пагрозлівага выразу свайго касмылявага твару. Але касмылявасць не была навіной, многія насілі бароды і вусы, асабліва старэйшыя.
        Яны вылезлі з рова. Сцёпка трохі пакрыўджана маўчаў, Даніла, мусіць, адчуўшы тое, адсопся і запытаў:
        — Міну тэй хлопец павязе?
        — А я адкуль знаю?
        — Брытвін не казаў?
        — Мне не казаў,— буркнуў Сцяпан, не маючы ахвоты гаварыць з гэтым чалавекам.
        Даніла дабрадушна згадзіўся:
        — Гэты не скажа. Але я бачу...
        «Бачыш, ну, і ладна»,— падумаў Сцёпка, забіраючы ўбок ад яго. Яны разышліся па парасніку. За ноч трава ў доле трохі падсохла, лес таксама зрабіўся сушэйшы і болей прыветны, хоць сцюдзёныя кроплі нене ды апякалі за каўняром скуру. Месцамі тут раслі елкі з бярозамі, і скрозь раскашаваў абмыты дажджом алешнік, у якім дзе-нідзе зелянелі густаватыя купкі ядлоўцу. Сушняку тут хапала. Сцёпка хутка назбіраў бярэма, прыхапіў за камель ссечаную сухую яліну, павалок за сабой.
        Тым часам у рове на сярэдзіне прагаліны ваўсю ўжо гарэла новае вогнішча, у якое Брытвін кідаў прынесены Данілам сушняк. Даніла ж яловымі лапкамі, як памялом, размятаў затухлае начное вуголле.
        — Давай сюды!— прыпыніў хлопца Брытвін.— Бяры і падкладвай, каб зямля грэлася. Будзем аманіт смажыць.
        Падкладваючы ў агонь, Сцёпка з прыцішанаю асцярогай пазіраў, як яны там, на выгаралай чорнай плешыне, разаслалі распоратую ўдоўж тарбіну і ссыпалі на яе раскрышаныя жаўтлявыя камякі аманіту. Неўзабаве ад гэтых камякоў пацягнула парай і нейкім удушлівым, рэзкім смуродам. Даніла жмурыў вочы, а пасля, кінуўшы ўсё, пачаў аберуч церці іх. Брытвін грубавата падбадзёрваў зводдаль:
        — Нічога, нічога! Жывы будзем! Хіба вошы падохнуць.
        — А хай яго! Як усё роўна цыбуля!
        Наўсцяж па рове папоўз удушлівы серны смурод; добра, што ранішні ветрык гнаў
        яго, як і дым, нізам, па ручаі; на адным краі прагаліны можна было трываць. Цяпер справа была за часам. Пазіраючы, як сохне на гарачым подзе іхняя ўзрыўчатка, Брытвін з Данілам селі ўбаку, і Даніла ўзяўся за сумку.
        — Ты, ідзі сюды! — паклікаў Брытвін.
        Сцёпка рабіў выгляд, што заняты вогнішчам, і яшчэ паклаў туды дзве галіны, хоць зноў пакутна глынуў сліну. Брытвін зласнавата гукнуў:
        — Ну што — прасіць трэба?
        Знарок нетаропка, бы нехаця, ён падышоў і атрымаў з Данілавых рук цвёрды ражок акрайца.
        — I давай палі. Гэты астыне — на той перакладзём. А то скора Дзмітры прыедзе,— гаманіў Брытвін.
        Сцёпка вярнуўся да вогнішча і незаўважна праглынуў усё — хлеб быў такі смачны, што, здавалася, з'еў бы ўвесь акраец. Падкладваючы ў агонь галлё, ён неўпрыцям кідаў позіркі на іх двух. Аманіт у грудцы на мяху, здаецца, памалу сох, быццам і смярдзеў ужо меней. Раз-поразу Даніла памешваў яго палкай, Брытвін, пазіраючы за ім, гаманіў:
        — Мы ім зробім салют! Харашо, гэты хлопец папаўся. Хлопец — находка. А ну давай паварочай сярэдзіну!
        — Ай-яй, хай ён згарыць! — хутка заенчыў Даніла, адварочваючы твар і смешна моршчачы таўставаты, бульбінай нос. З рудаватых грудак зноў заструменіў жоўты смярдзючы дым.
        — Нічога, не смяртэльна. Затое грукне, як бомба.
        — Каб жа хоць грукнула! — Даніла кінуў палку і абедзвюма рукамі пачаў церці вочы.
        — Грукне, а як жа! Гэта вам не банка бензіну... Смехата: каністрай бензіну захацелі мост знішчыць! А яшчэ казалі: Маслакоў — вопытны падрыўнік. Падрыўнік ён, аказваецца, ліпавы. Пабег, як дурань, завідна... На што разлічваў? Без разведкі, без апоры на мясцовых! Без мясцовых, брат, не шмат зробіш. Гэта точна.
        — А можа ён не хацеў нікім рызыкаваць,— азваўся зводдаль Сцёпка.
        — Рызыкаваць? Знаеш ты, разумнік, што такое ванна? Спрэc рызыка. Рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае. А хто ў розныя там прынцыпы гуляе, той вунь дзе! — Брытвін паказаў на прагаліну. Твар яго расчырванеўся, стаў злы, і Сцёпка пашкадаваў, што не змоўчаў: сварыцца з Брытвіным цяпер не хацелася.
        — Ты зялёны яшчэ, дык я табе скажу: слухаць старэйшых нада,— сказаў ён памаўчаўшы.— Вунь у нас прошлай зімой адзін балван таксама ў благародства надумаў сыграць, ледзь таварыша на той свет не адправіў. Бач, прынцып яго заеў!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.