РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Круглянскі мост
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
16
        
16

        
        Заграбаючы ботамі ў дробнай траўцы, Сцёпка ацяжэла трухаў да недалёкага ўжо сасонніку. Драціна на боце парвалася ці можа спаўзла, падэшва зусім адстала і на кожным кроку дакучліва ляскала. Аднак цяпер было не да падэшвы — удалося б вынесці ногі. На бягу ён колькі разоў азірнуўся: дарога з мястэчка ўжо закурэла пылам — некалькі конных імчалі да моста.
        Але наўрад ці яны дагоняць яго: ужо зусім блізенька лес, кустоўе, а ззаду рэчка з багністым берагам у трысці — хай паспрабуюць перабрацца цераз яе з коньмі. Праўда, яны маглі дастаць яго тут агнём, ды ўсё роўна ён перайшоў на крок: не хапала ўжо сілы бегчы — гаркота распірала грудзі, вочы заліваў гарачы салёны пот.
        — Хутчэй! Хутчэй ты! Бягом!..Сцёпка падняў разгарачаны твар — між хвойніку у зялёным суччы варухнулася знаёмая галава ў пілотцы, Брытвін апантана махаў рукой і з прыцішанай злосцю патрабаваў цяпер ад яго:
        — Бягом!!
        Сцяпан аслабела затрухаў, кіруючы трохі ў бок ад свайго напрамку, туды, дзе быў Брытвін, і праз хвіліну, расхінаючы грудзьмі калючае сучча, уціснуўся ў хвойнік. Ззаду так і не стрэлілі ні разу, і ён не азірнуўся болей — дзе былі ў той час яго даганятыя, ён не бачыў. Ён імкнуўся цяпер хутчэй далучыцца да сваіх двух. Але тыя не дужа чакалі яго — зводдаль у сасонніку мільганула зялёная ў ватоўцы спіна Данілы: не трацячы часу, яны цераз пагорак беглі далей.
        Цяжка тупаючы па мяккім іглістым доле, абдзіраючы твар у гушчары, Сцёпка вылез на выспачку і з палягчэласцю ў нагах пабег уніз. Тут ён зноў убачыў тых двух: Брытвін быў ужо на ўзлеску — коратка азірнуўся, матлянуў рукой: «хутчэй!» — і кінуўся на ніўку.
        Здаецца, яны адарваліся ад даганятых, ва ўсякім разе схаваліся з іх вачэй і сталі недасягальныя для іх агню. Можна было б уздыхнуць з палёгкай, нервовае напружанне збавілася. Як ні дзіўна, да Сцёпкі толькі цяпер, у сасонніку, дайшло, што наперекор усяму яны перамаглі. Мост узарваны, было чаго радавацца. Але радасць чамусь не прыходзіла, не было нават сціплага задавальнення, нешта яшчэ не ўсвядомленае замінала ўнутры, не давала нават завязацца радасці. Вядома, найперш — Маслакоў. Ён усё гэта пачаў, вёў іх, першы пайшоў на самае небяспечнае, а цяпер вось яны без яго. Мусіць, без Маслакова самая вялікая ўдача будзе для яго пазбаўлена радасці — Сцёпка пачаў адчуваць гэта амаль выразна. Зноў жа — падлетак Міця. Вядома, Міця — эпізод, хлопец на адзін дзень,— колькі такіх з'яўлялася на яго партызанскім шляху і ішло ў свой лёс: жыло ці нават гінула — якая яму была да іх справа? Але гэты хлапчук штось зацямніў у ім, штось непраясненае, толькі крышку
        адчутае панёс з сабою з жыцця, пакінуўшы Сцёпку пытанне: як жа так? Мо таму, што ён нават не быў партызанам, падпарадкаваным абавязку ці сіле загаду, сам па сваей ахвоце пайшоу на тую сваю пагібель і прапаў. Але чаму тады тут муляе нешта ненатуральнае і крыўднае? Быццам несправядлівае нават?
        Калі Сцёпка таксама вылез з узлеска, тыя двое, пылячы раллёй, ужо беглі па ніўцы: у разоры Брытвін і ззаду, крокаў праз дзесяць ад яго, Даніла. Яны зноў не прычакалі хлопца, і ён проста не меў сілы дагнаць іх: схіл тут скончыўся, пачалася роўнядзь, бегчы стала цяжэй.
        Усё ж ён бег, горка дыхаючы разяўленым ротам. Аўтамат яго вісеў пад пахай, і ён прытрымліваў яго рукою, не даючы біць дыскам аб бок. I тады ўспомнілася, як некалі ўзімку бадай гэтаксама яны беглі ад чыгункі па снезе: наперадзе Сцяпан, за ім Маслакоў, а група прыкрыцця сядзела ў ельнічку — да апошняй хвіліны, чакала, пакуль іх двое не прайшлі паласу расцяробу. Яны ўдвух выконвалі самае цяжкае: закладвалі міну, тузалі «вуду», і астатнія шанавалі іх за рызыку, беручы пасля выбуху ўсё на сябе. Такі быў парадак, партызанскі звычай, які свята выконвалі ў атрадзе; і толькі калі двое выйшлі з-пад агню, тады пабеглі ўсе разам. Гэтыя ж не маглі дачакацца нават у лесе. Балазе яшчэ ззаду не было даганятых, а то б ён даўно ўжо трапіў на іхнюю мушку.
        Сцёпка зусім ужо прыставаў, і чым меней у яго застававалася сілы, тым большая прыкрасць паднімалася ўнутры — нібы яго знарок хацеў хто пакрыўдзіць. Ён, аднак, ведаў, што не знарок, што сапраўды хутчэй трэба змывацца, але не мог зладзіць са сваей злосцю і, раптам спыніўшыся, крыкнуў:
        — Стой вы!
        Яны азірнуліся, убавілі кроку і, дасягшы кустоўя, трохі недаўменна прыпыніліся, бокам пастаўшы да яго. Брытвін сцішана загаманіў, таксама не трымаючы злосці:
        — Давай хутчэй! Ну, што ты грабешся, як баба!Змораным крокам Сцёпка ўрэшце дагнаў іх. Ваўкавата тулячы позірк, хлопец, аднак, убачыў спатнелы твар Брытвіна, ажыўлены рызыкоўным азартам. Удачлівым, аднак, азартам.
        — Не бачыў, не беглі? — запытаў Брытвін, калі ён падышоў бліжэй.
        Сцёпка знарок не адказаў — ён проста не мог размаўляць з імі і нават глянуць у іхнія вочы — яго даймала пытанне: «Дзе вы былі?» Ён адчуваў сябе абдураным, бо амаль паверыў ужо ў Брытвіна, яго валявую рашучасцьі ўмельства і нават схіляўся да таго, каб аддаць яму перавагу над Маслаковым.
        Нарэшце яны ўтрох разам ступілі ў негусты тут, дробненькі параснік. Бегчы па ім было лёгка, толькі шорхала пад нагамі прэлае лісце ды пахруствалі апалыя галінкі. Праз хвіліну Брытвін зноў азірнуўся на Сцёпку.
        — Кантузіла, ці што?
        — Нічога не кантузіла,— буркнуў хлопец.
        Няхутка бегучы, Брытвін трошкі затрымаў на ім свой прыдзірлівы позірк і шаснуў за куст. Выскачыўшы па той бок яго, загаманіў з задаволенай зухаватасцю ў тоне:
        — Здорава, га? Гахнула, што, мусіць, у Круглянах шыбы павыскоквалі!
        Даніла на бягу таксама павярнуў да яго свой касматы, з праставарадаснай ухмылкай твар.
        — Ну.
        — Парадак у танкавых вайсках!
        Яны радаваліся — што ж, было чаго. Сярод белага дня пад носам у немцаў рванулі мост — хіба не падстава для радасці? Асабліва Брытвіну, ды і Данілу таксама.
        Бег іх, аднак, пачаў выдыхацца, і неўзабаве Брытвін таксама перайшоў на крок, тым болей што наперадзе пачыналася поўнае вады лясное балотца, якое трэба было абысці. Даніла цяпер не выбіраў дарогі — кіраваў наўпрост, абы далей ад Круглян, глыбей у лясную глуш. Так было заўжды: галоўнае — паспець, пакуль не позна, як мага адысціся ад таго месца, куды цяпер кінуцца паліцаі.
        Сцёпка даўно ўжо хацеў спыніцца, перавесці дыханне ды нешта зрабіць з ботамі, бо на кожным кроку чапляцца падэшвай аб дол стала накутай. На правай назе, да таго ж, даўно ўжо балела пята — мабыць, нацёр да касці. Хлопец рашуча гэпнуўся ў дол, аберуч садраў бот, які ўжо зусім разваліўся, і, не ведаючы, як зладзіць з ім, са злосцю шпурнуў яго ў кустоўе. Потым тое ж самае зрабіў і з правым, шпурнуўшы яго ў другі бок. Сапрэлыя і дзіравыя анучы хлопец, устаўшы, раскідаў нагамі.
        Наперадзе з ягонай вінтоўкай на плячы недаўменна азірнуўся Даніла.
        — Гы! Што ты ўдумаў?
        Сцёпка закінуў за плячо аўтамат, босым нагам стала куды як вольна і нязвыкла сцюдзёна ў сырым, непрагрэтым доле, трава закалола ў падэшвы, але не бяда. «Даўно б так»,— падумаў ён з невясёлай палёгкай.
        Даніла з Брытвіным, аднак, спыніліся. Барадаты партыаан выглядаў яўна здзіўленым ягоным учынкам.
        — Ці ты здурнеў? Нашто кінуў?
        — Ідзі вазьмі!
        I Даніла сапраўды палез у хмызняк, адшукаў яго левы, цалейшы бот, з цікавасцю абмацаў падэшву.
        — Харошы ж бот. Хіба каб саюзкі новыя. Кідае, ха!
        — Ты навошта гэта? — пахмура павярнуўся да Сцёпкі і Брытвін.
        — Бо рваныя. Не бачылі?
        Даніла, аднак, улез у балота і дастаў другі бот. Падэшва ў ім зусім адвальвалася і вісела, ашчэрыўшы рад паржавелых, густа набітых цвікоў.
        — Падрамантаваць каб, дык насіць можна.
        Ён па-гаспадарску склаў боты ў адно і пачаў падпіхваць іх халявамі пад дзягу. Сцёпка спадылба кідаў непрыязныя позіркі на яго ладныя маслакоўскія кірзачы і ватоўку, амаль новенькую, нават яшчэ не замусоленую. Нічога не скажаш: прыбраўся Даніла на гэтым заданні. Хоць і не забіў ніводнага немца. Каму ляжаць у зямлі, а каму пашэнціла нават і прыфранціцца: глядзі, які ладны, нібы дэсантнік. Хіба што штаны саматканыя.
        — Ану, зараз жа абуй боты! Ты што? — са строгасцю накінуўся на Сцёпку
        Брытвін, пэўна, ужо зусім адчуваючы сябе камандзірам. Гэты быў усё ў тым жа паношаным чырвонаармейскім шынялі без пятліц, расшпіленым на ўсе аплікі, на плячы трымаў сваю СВТ, з якое, мабыць,ні разу не стрэліў. Але Брытвін меў свой інтэрас.
        — Ты ж праз гадзіну заплачаш. Тады несці цябе?
        — Не бойцеся! Не панесяце. Яго заставіце.
        Брытвін, штосьці адчуўшы, падазрона ўгледзеўся ў хлопца, нешта прыкінуў, нібы ўслухаўся ў лесавы шум. Сцёпка падумаў, што справа скончана і зараз, мабыць, пачнецца звыклае ўжо яму і агорклае ўшчуванне, а то і пагрозы. Але Брытвін нібы адумаўся, толькі кальнуў яго напаследак злым позіркам і пайшоў па гушчары.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.