РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Круглянскі мост
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
6
        
6

        
        — Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло,— сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.
        Маслакоў на рэпліку не адказаў — яго ўжо захапіла і поўвіла вешта сваё.
        — От было, хай яе чорт. На сто двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах,вымаклі ў вадзе ды расе, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа — і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, як-небудзь перахопім.
        — А што, многа вас было? — запытаў Брытвін.
        — У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.
        — Ну, для траіх — не праблема. У кожнай хаце...
        — Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце... Сунулісяў адну вёску — сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п'янка — дым каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.
        Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся — ну, быццам за ад'ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. Не дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі — чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. Не глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў — свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.
        Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.
        Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сержант быў...
        — Вялікая шышка!—Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі.— Я паўгода радавым пабегаў.
        — Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў — будзе артачьщца, не слухаць. Зноў жа — як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.
        I ўсё ж не раўня нам, маладым,— у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. I задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. I ўсё ж адстае.
        Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) — радзікуліт даняў. I праўда — цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок — міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане — згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку — болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. Не нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».
        — Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.
        — Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі,і так варанай бульбачкай пахне!..
        — Знаёмая карцінка,— усміхнуўся Брытвін.
        — Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ужо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты!»
        Што ж там ждаць? Чалавек, вядома, знясілеў, падбіўся, наперадзе ноч, макрата — чаго дачакаешся? А вёска — вунь яна, і так зманліва дражніцца дымкамі, цяплом, утулкам. Кароўка, помню, зарыкала — мусіць, гаспадыня даіць пайшла. Гляджу на лейтэнанта, той на камбрыга, а камбрыг і кажа: «Пажалуй, рыскнём!»
        Ну, вядома, перш трэба разведаць — а раптам немцы. Пайшоў лейтэнант, нядоўга пабыў. Бачу: ідзе бадзёра так і вядзе двух дзядзькоў. Адзін стараваты такі, аброслы
        сівізной, але яшчэ ў сіле, такі дзедлесавік, другі — маладзейшы мужчына ў паддзёўцы. Павіталіся стрымана так, але добразычліва, сардэчна, павялі ўсіх у сяло. Кажуць, нікога няма, спрэе свае. Пачастуем, ды ў цяпле і пасушыцеся. Адчуваем: не зусім гэта добра, а ідзём — дужа ж абрыдла ўжо на пусты жывот па макрэдзі. Можа нічога і не здарыцца.
        — Ось тут вы і праваронілі,— здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы.— Давай памяняемся, а то...
        Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.
        — У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася: людзі слаўныя аказаліся, дзед — бывалы салдат, усё пратую мікалаеўскую расказваў. Бабы — старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, а галоўнае — адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. I пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя. Ну, добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расію нікому неперамагчы, яна заўжды ўсіх біла — і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.
        Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа з нас двух хто прагаварыўся, а можа ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях — рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек — не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок — і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.
        Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «I там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю...
        — Халера, патухла. У цябе гарыць?
        У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.
        — Вось так,— заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў.— Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі,
        пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.
        А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: гімнасцёрка ў хаце. Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.
        Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў,— змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.
        Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; а паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.
        За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх црыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».
        Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся і, яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
        — Зноў патух! Што такое?
        — Кажуць — жонка гуляе,— сказаў Брытвін.
        — Да жонкі дажыць трэба.
        На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
        — Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуўпраз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка ідзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды».— «Ах, не глядзелі?А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма».— «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа перакладчык — з баразны не разабраць.— Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб'ём». I тут — трах!
        У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся,
        напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
        I што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. I са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
        — Ну, і ўзялі,
        Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. I туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. I што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.
        — Да,— сказаў Брытвін.— Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям'ю не адпусцілі? Тады як?
        — Знаеш,— падумаўшы, сказаў Маслакоў.— Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
        — Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка,— нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.