Гамана і разгул на дзядзінцы ад дзіцячых нястрыманых слоў. Едзе тата. Чакаем гасьцінцаў, сустракаем з дарогі дамоў. Хлопцам – ножык, цукеркі ў далонях, абаранкі, істужкі да кос. – Я табе, разумная доня, з крамы некалькі кніжак прывёз. Шапаціць зь ветрам лісьценка звонку, рой вясёлы дзіцячы гудзе. Шалясьцяць у куточку старонкі – як цікава чытаць пра людзей! З абразочка хлапец паглядае, ён у лес за братамі пайшоў. Хлопцы дровы сякуць, ён блукае, ловіць рэха ялінаў, дубоў. То бяжыць за вавёркаю рыжай, выглядае русалак з азёр, ловіць гукі, любоўна іх ніжа у цудоўны няведаны ўзор. Мякка гнецца трава пад нагамі, кожны зь нечым да хаты бяжыць, толькі хлопец з пустымі рукамі, але ж вершы якія злажыў! Я жыла б, як русалка, ня еўшы сярод цішы аеру і траў. Мілы хлопчык, каму тыя вершы ты на досьвітку з сэрцам аддаў? Кніжка побач. Я сплю, не прачнуся. Водзіць сон па далёкіх куткох. Назіраю. Нясу Беларусі нізку вершаў у кволых рукох.
|
|