Як дзядулі ў дарогу выпраўлялі бацькоў, кожны з торбачкай, з Богам з роднай хаты пайшоў. А ў той торбе ў паперы – цёплай бондачкі круг, хлеб, прапахлы аерам, зь любых матчыных рук. О шляхі і дарогі! Ціхі ў полі папас. Перамералі ногі вашу далеч ня раз... Прамінула сутоньне. Выйшлі не ў пасталах дзецюкі нашы сёньня на асфальтавы шлях. Гарадоў панарама кліча за небакрай. А ўсё чуецца: – Мама! З сабой торбачку дай. Палажы нам у вырай подых роднай зямлі, нашу сьціпласьць і шчырасьць на абходак зь людзьмі і тугі вераценца, што начамі зьвіла. Мову родную з сэрца, нашы песьні зь сяла. Сілы бацькавай крыху і павагі людской, гэтай любасьці ціхай, што завуць дабратой. Хай падтрымкаю будзе сьмелы ўзьлёт, слаўны чын. Каб пыталіся людзі, скуль я, маці, і чый.
|
|