Ёсьць край адзін пад прамяністым небам, даступны сяньня толькі маім сном, дзе гожы луг ля цёмна-сініх грэбляў засланы сьнежна-белым туманом. Там недзе ў хвалях рэкаў перазвонных, ў палёх, дзе зацьвітаюць васількі, ў ачох дзяўчат і ясных лехаў лёну губляе неба цудны свой блакіт. Далоні й сэрца зроднены з ральлёю, а душы з краем ў наквеці галін. Там Нёман пенным бурыцца прыбоем, ніў хусьцем ярым сьцелюцца палі. Шуміць пшаніца залацістым чубам, зьвісае зь вецьця перламі авёс, заносьліва ірдзіцца сіні лубін, а грэчка кволая лунаецца з палос. Ёсьць край адзін, аквечаны юргіняй, край, тканы зеленьню узорыстых краснох, край, вышыты у пацеркі калінаў, дзе ноч з расой сядае на парог і чэша косы доўга, задумлёна, ўплятае зоры ў цемень валасоў, блядыя рукі выцягае сонна і надзіць месяц, каб апаў далоў. Ёсьць край адзін, так сьвету мала знаны, дзявочы край між сіні і зарніц, дзе дню насустрач конь іржэ буланы, гатовы ў полі вецер даганіць. Вятрамі чэсаны і росамі умыты, дзе гоні з сонцам мерае сявец, і гнецца ў пояс каласамі жыта... Ёсьць край адзін – мой цэлы, цэлы сьвет!
|
|