Дзе ты, кут далёкі, дзе ты з даўніх дзён тугі нясьмелай? Я плятуся шэрым сьветам з сэрцам з болю анямелым. Сум з тугою пачародна прыплятаюць маю долю. Вецер зь ніў далёкіх, родных, небаракаю скуголіць. Так далёкі шлях да мэты, сіл нямнога засталося. На дварэ красуе лета, а у сэрцы плача восень. Гураган вакол бяскрайны. Можа, прыйдзецца загінуць... Што ж табе, мой любы краю, я тады змагу пакінуць? Слава тым, хто паў за волю, за цябе хто сплыў крывёю! Мне ж тваю цяжкую долю дай забраці із сабою.
|
|