Забыць на момант дробязі і гора, I сьвет чытаць нанова, па складах, I ў непагадзь шукаць сабе надвор’я У музыцы, у людзях, у радках. Зьліюся непадзельна з мовай ночы Далей ад чутак і перасьцярог, Аж цемната пакуль ня выесьць вочы I першы промень выдаць не захоча Па-здрадніцку – ад галавы да ног. Ну, а пакуль дыктуе сябра-вечар Мне лініі няўлоўных часам рыс. I вобраз нада мной ужо трапеча Адноўлена, нібы вясновы ліст. Сама ў сябе як сьлед яшчэ ня веру. Ды словы распускаюцца, як мак. I падае на белую паперу Насьпеўшай думкі старажытны знак.
|
|