Шчэ да вечара доўга – далёка, Шустры конік зьбівае расу. Абсалютна спакойна і лёгка Я зялёную ношку нясу. Водар лесу ці вецер гаркавы Разьвярэдзіць шчымлівы ўспамін. ...Ёсьць у ношцы балючыя травы, Ну, напрыклад, дурман і палын. Адпачну ля глухой пераправы, Покуль з громам спрачаецца дождж. ...Ёсьць у ношцы вясёлыя травы, Як да праўды – крапіўка і хвошч. Гэй, няма толькі зельлечка злога – На яго небагаты мой край. ...Скуль іду я, куды мне дарога – У чабору, радзімы спытай.
|
|